Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Было проста цікава, ці будуць шукаць тую даму, што зьняла й выклала ў інтэрнэт відэа затрыманьня хлопца ў мэтро.

Час ішоў, інфармацыі не было, і я грэшным дзелам падумаў, што яе шукаць ня будуць. Што міліцыя зладзіць унутраную праверку й ціха зоймецца прафэсійнай падрыхтоўкай свайго асабовага складу. Бо каб шасьцёра ледзь скруцілі аднаго дзецюка ды яшчэ зь відавочнымі стратамі ў выглядзе зламанага носу аднаго зь міліцыянтаў…

Але сьледам прыйшла іншая навіна – пра лідэра вулічных графітыстаў Алега Ларычава, якога затрымалі за графіці, прысьвечанае «Беламу легіёну». Асабліва запомнілася рэпліка аднаго з амонаўцаў, які сказаў Ларычаву адметную фразу: «Ты міністра нашага пакрыўдзіў». Гэта значыць, на Ларычава за папярэднія графіці пакрыўдзіўся міністар Шуневіч.

Пасьля гэтае навіны ўсе мае сумневы наконт таго, ці будуць вышукваць тую даму з мэтро, адпалі самі сабой. Безумоўна, будуць. Бо аказалася, што дзеяньнямі такога вялізнага й важкага апарату як МУС кіруе звычайная чалавечая крыўда.

Здаецца, сур'ёзнае дзяржаўнае ведамства, а прыярытэт у працы аддае асабістай крыўдзе свайго кіраўніка, помсьціць і карае чалавека, які выклаў на ўсеагульны прагляд абсалютна непрафэсійныя дзеяньні супрацоўнікаў самай вялікай сілавой службы.

Са словаў Ларычава, за ім сачылі і вялі ад пад'езда. Значыць, быў адпаведны загад. Значыць, напружваліся, рыхтаваліся, прагнулі сатысфакцыі за тую крыўду.

Калі ўсё насамрэч так, дзейнасьць міністэрства нагадвае паводзіны інфантыльнага юнака, якім кіруюць выключна эмоцыі.

Да прыкладу, юнак апранае маскарадны касьцюм, прагнучы ўсіх зьдзівіць на карнавале, а калі разумее, што зьдзівіў ня так, быў нягеглым і недарэчным, пачынаецца звычайная дробная помста тым, хто гэта высьмяяў. Гэтаксама і з той дамай у мэтро.

Пакрыўдзіліся, задзейнічалі, адсачылі, пакаралі. Дзесяць базавых. Не абцяжарваючы сябе ніякім аналізам. Проста помста дзеля помсты.

Служба атрымала сатысфакцыю за «маральныя страты». Трэба думаць, служба задаволеная.

«Наша служба и опасна и трудна», як сьцьвярджалася калісьці ў песьні з папулярнага савецкага сэрыялу пра міліцыю.

Але ў нас міліцыя пост-савецкая. Нованароджаная, з усімі адпаведнымі эфэктамі, калі гармоны росту пераважаюць над аналітычнымі здольнасьцямі.

Інфантыльнасьць, яна такая. Але варта спадзявацца, што гэта пройдзе, што гэткі стан не назаўжды.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG