Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе беларусаў абслужаць уважлівей і таньней. За тое, што беларусы


Алена Аліева, беларуская прадпрымальніца ў Празе
Алена Аліева, беларуская прадпрымальніца ў Празе

У Празе ёсьць месцы, дзе да вас паставяцца з асаблівай увагай, калі даведаюцца, што вы зь Беларусі. І нават дадуць скідку.

— Вой, шкада, я забылася вам кнігу водгукаў узяць — у мяне шыкоўная кніга: там і Вольга Карач водгук пакінула, і Алесь Міхалевіч, і Алег Алкаеў, зь Літвы, Латвіі, Швэйцарыі, Эстоніі беларусы прыяжджалі, у мяне спыняліся...

Мы з Аленай Аліевай сядзім на тэрасе яе бістро ў Празе на Альшанах. А гаворым пра яе гостэль — 4-павярховы будынак на 40 чалавек у раёне Прага-Забегліцэ. Гэта бізнэс беларускі зь Менску, якая прыехала ў Прагу 13 гадоў таму.

ПАЧАЦЬ З НУЛЯ

У чужой краіне адважна пачынаеш зь нічога, калі ты малады, амбітны, поўны энтузіязму і думак пра пэрспэктыву. Усё гэта і пра Алену Аліеву. З адным нюансам: ёй 60 гадоў.

— У мяне памерла дачка ў 27 гадоў, і мне, каб зьмяніць абстаноўку, трэба было некуды зьехаць. І я села і паехала — у нікуды. Хаця ў Беларусі ў мяне быў свой бізнэс. Ну, нічога. Выжыла... — Алена не мяняе выразу твару. Бачна, што гэты яе боль — не для чужых людзей.

— Пачынала, як і ўсе: прыборка ў гатэлях, кухня, мыцьцё посуду — да таго часу, пакуль стала разумець мову. Калі разумееш мову, ужо ведаеш, чаго ад цябе хочуць — тады і сама загаворыш. У 2007 годзе адкрыла фірму, займалася дакумэнтамі — рыхтавала пакеты дакумэнтаў на адкрыцьцё візаў.

Потым узяла адну кватэру ў арэнду, стала здаваць, потым бачу, што гэта выгадна — і праз год ужо цэлы пад’езд у мяне быў, 9 кватэраў, 70 чалавек у мяне жыло. «Лена-беларуска» усе пра мяне гаварылі.

Пра Алену пайшла пагалоска ў Беларусі — маўляў, можна ў Празе спыніцца ў зямлячкі: возьме пад апеку, дасьць жытло, параіць, выручыць. Дапамагла таму, іншаму — запрацавала «народнае радыё»: людзі ў Беларусі сталі перадаваць яе адрас і тэлефон адзін аднаму.

Ціхі спальны раён, дзе месьціцца гостэль
Ціхі спальны раён, дзе месьціцца гостэль

СТУДЭНЦКІ ДОМ

— А адкрыць студэнцкі інтэрнат мне як прыйшло ў галаву: аднойчы ў 2 гадзіны ночы пагрукалі да мяне ў дзьверы, я выходжу: стаяць два хлопчыкі з валізкамі, беларусы, студэнты. Кажуць: «Алена Вітальеўна, нам няма дзе нават пераначаваць, можна мы ў вас хоць на канапе пасядзім?». Настолькі шкада мне іх стала: бацькі ж ня ведаюць, дзе яны, а дзеці грошы альбо не атрымалі, альбо недзе прагулялі — іх і выкінулі з жытла, засталіся проста на вуліцы. І вось прыйшла мне ідэя адкрыць такі студэнцкі інтэрнат для нашых і для рускамоўных дзяцей.

Бізнэсам Алена займаецца не па-аматарску: у свой час вучоба ў Маскоўскім каапэратыўным інстытуце дала спэцыяльнасьць «арганізацыя і ўпраўленьне гандлем». Пазьней, ужо ў Празе, вывучыўся на «турызм і гатэльны бізнэс» яе сын.

Унук Марк нарадзіўся ўжо ў Празе
Унук Марк нарадзіўся ўжо ў Празе

— Я знайшла гэты дом, узяла яго ў арэнду: памылі мы яго, пафарбавалі, мэблю завезьлі. Першы месяц жыло ў мяне 7 чалавек — баялася, што прагару, таму што арэнда была вельмі вялікая. Але ўжо пяты год я тут, мяне ведаюць, многія бацькі хочуць, каб іх дзеці ў мяне жылі, прысылаюць грошы, бо дзеці пад даглядам — асабліва тыя, якія тут першы год.

ПРЫТУЛАК ДЛЯ ЎЦЕКАЧОЎ

Студэнцкая хваля пачалася пазьней, а спачатку масавымі кліентамі Алены сталі тыя беларусы, хто шукаў прытулку за мяжой пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Так яна празь бізнэс пачала адкрываць для сябе палітыку. Над гостэлям Алены Аліевай залунаў бел-чырвона-белы сьцяг.

— Я толькі тут пачала цікавіцца палітыкай — пачала чытаць, цікавіцца, размаўляць зь людзьмі. І я толькі цяпер зразумела, як беларусы абдзеленыя свабодай. Упершыню тут, у Чэхіі, я ўбачыла, як праходзяць сумленныя выбары, як гэта — калі галасы лічацца сумленна.

Паступова хваля беларускіх уцекачоў пайшла на спад. Многія з тых, хто застаўся ў Беларусі, пачалі выпраўляць дзяцей па адукацыю за мяжу, у тым ліку ў гістарычна прыхільную да беларускага студэнцтва Прагу. Студэнтам патрэбнае было жытло — яны пісалі Алене, гостэль не пуставаў.

— Але студэнты звычайна пасьля першага году сыходзяць — хочуць быць самастойнымі, жыць асобна, здымаюць асобныя кватэры. Тады я пачала здаваць жытло і нашым рабочым — зь Беларусі, Украіны, Малдовы — якія прыяжджаюць у заробкі.

Дзе ў Празе беларуса накормяць смачна і паселяць танна за тое, што беларус
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:57 0:00


БЕЛАРУСАМ — СКІДКА

У гостэлі, які Алена па-ранейшаму называе «студэнцкі дом», можна пражыць месяц за 3500 крон, студэнты плацяць больш — за камфорт двухмясцовых пакояў, рабочыя не пераборлівыя — згаджаюцца жыць і па чацьвёра: яны вяртаюцца дадому толькі на ноч, нізкі кошт жытла сярод іх прыярытэтаў. На кожным паверсе 4-павярховага будынка — кухня, прыбіральня, душ. Алена патрабуе парадку, яе слухаюцца.

— Ніякіх скандалаў — усё спакойна, ціха. І з суседзямі пасябравалі — раней яны насьцярожана адносіліся: ня ўсе чэхі любяць рускамоўных.

— А праўда, што вы зь беларусаў бярэце менш грошай, чым з астатніх?

— Так. Калі прыяжджаюць на некалькі дзён — для беларусаў пражываньне каштуе 200 крон на суткі, для ўсіх астатніх — па 300. А іншым разам і так начуюць, калі ўжо зусім нявыкрутка: магу нават на кухні пасьцяліць.

РАМАН і АЛІНА

Сярод пастаяльцаў аднойчы аказаўся Рома Лукашэвіч з-пад-Берасьця. У Прагу яго прывёў складаны маршрут, дзе былі і Варшава, і Мальта, і Францыя, і яшчэ некалькі эўрапейскіх пунктаў прыпынку. Пагалоска пра «Алену-беларуску» з Прагі дайшла і да яго.

Раман
Раман


Быў у мяне выбар: Францыя ці Чэхія. Чэхія падалася душэўнейшай, — узгадвае 27-гадовы Раман. — Тым больш, што сяброўка маёй дзяўчыны сказала: ёсьць тут такая Алена Вітальеўна, яна дапаможа. Прыехаў, мы сем гадоў адзін да аднаго прыглядаліся — зразумелі, што можам адзін аднаму давяраць, і вырашылі адкрыць супольны бізнэс.

Pesto Bistro, на тэрасе якога мы сядзім, яны адкрылі ўтрох: Алена Вітальеўна, Рома і Аліна — ягоная дзяўчына з Паўладару. Гэтаму бізнэс-праекту яшчэ тры месяцы: сталоўку ў вялікім адміністрацыйным будынку на Оlšanská 3, яны спрабуюць ператварыць у аазіс сярод офісных джунгляў, дзе можна паесьці хатняй стравы. Бізнэс толькі раскручваецца, але кліенты ўжо заўважылі новую кропку.

У гэтым будынку бістро
У гэтым будынку бістро


— Мы ня робім чэскую ежу: мы гатуем тое, што ўмеем — галубцы, боршч, катлеткі розныя: напрыклад, з каляровай капусты — гэта для чэхаў навінка, яны такое ня робяць, катлеты з бульбы, а ўнутры з начынкай — смажанай цыбуляй альбо мясам, — расказвае Алена.

НЕ ТАКОЕ ЯК ВА ЎСІХ

— У нас дэвіз: не такое, як ва ўсіх, — дадае Раман. — Людзі прыводзяць цэлыя сем’і, кажуць: у вас можна паесьці тое, чаго мы нідзе ня знойдзем, а калі знойдзем — за вельмі вялікія грошы. Ну, і мы, калі бачым, што чалавек нешта зьбіраўся купіць, але не хапіла грошай — ідзем насустрач.

​Ідэя адкрыць бістро належала Раману.

— Я ў Варшаве міжнародныя адносіны заканчваў, вопыту вядзеньня рэстараннага бізнэсу не было, а тут усё адразу трэба: і маркетынг, і піяр, і адміністрацыйную працу: усяму адразу не навучысься, таму не без праколаў было, — прызнаецца ён.

Раман і мэнэджэр, і арганізатар, і абслуга кліентаў. Аліна — шэф-кухар. Алена Вітальеўна зьдзяйсьняе агульнае кіраўніцтва, вызначае стратэгію. Але гэта толькі так завецца: насамрэч самі і гатуюць, і прыбіраюць, і мыюць. Алена разрываецца паміж бістро і гостэлем, але бізнэс-маторчык у ёй набірае ўсё новыя абароты.

Бізнэс-лэдзі даводзіцца завіхацца і ў фартуху
Бізнэс-лэдзі даводзіцца завіхацца і ў фартуху


— Я б яшчэ нешта адкрыла, проста няма з кім працаваць.

— Дык бярыце ў дапамогу беларусаў.

— Вось Рома, напрыклад — малайчына! У нас такое трыё цудоўнае: ён добра гаворыць, уважлівы да пакупнікоў, «разруліць» усе папяровыя пытаньні. Вельмі надзейны чалавек. Алінка — з раніцы да вечара ўсё варыць, варыць, варыць. Кожны дзень як на вясельле гатуем — на 70-80 чалавек. Першае, 8 другіх, салаты, торты яна пячэ ўсялякія, пірагі.

Аліна ня мае спэцыяльнай кухарскай адукацыі — але яе замяняе вялікі кулінарны энтузіязм. Кухня ўсё дзяцінства была ў яе на вачах: бацькі трымалі ў Паўладары кандытарскую. Пасьля працы знаходзіць сілы на спорт, бегае маратоны. Аліна не бярэ ўдзелу ў нашай гутарцы — у яе самая праца, і мне шкада, што ня чуе, зь якім гонарам расказвае пра яе Рома.

— Я Аліне заўсёды кажу: ня бойся, ты можаш большае, ты такая малайчына! Я, напрыклад, даведваюся пра тое, якім будзе мэню, толькі тады, калі яго друкую — у 8 раніцы. Яго прыдумляе Аліна.

Я, з дазволу, зазіраю ў рондалі: на абед сёньня пячонка, індычка, фаршыраваныя перцы, у вітрыне вялікі выбар дэсэртаў. Цэны вельмі дэмакратычныя. Я выбіраю начыненыя перчыкі — яны і праўда як хатнія. Пакуль я абедаю, заходзяць іншыя кліенты — чую, як у некага Рома пытаецца: «Вам як заўсёды?»

Ну, значыць, справа пойдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG