Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗ перамог у тэндэры на пастаўку 100 аўтобусаў для Кіева


Беларускія аўтобусы МАЗ, ілюстрацыйнае фота

Камунальнае прадпрыемства «Кіеўпастранс» паводле вынікаў тэндэру на набыцьцё 100 аўтобусаў абвясьціла пра намер укласьці адпаведнае пагадненьне з афіцыйным дылерам беларускіх аўтобусаў вытворчасьці Менскага аўтамабільнага заводу.

У тэндэры бралі ўдзел дзьве кампаніі — былая кампанія ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі «Багдан Мотарс» (яна цяпер належыць ягонаму бізнэс-партнэру Алегу Гладкоўскаму, першаму намесьніку сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны) і ТАА «МАЗтранссэрвіс» — афіцыйны дылер беларускай тэхнікі ва Ўкраіне.

Згодна з вынікамі публічных таргоў, «МАЗтранссэрвіс» да 29 сьнежня 2017 году мае паставіць 70 кароткіх (ад 11,9 мэтра) аўтобусаў за 323,832 мільёна грыўняў і 30 падоўжаных (ад 18,5 мэтра) — за 204,953 мільёна грыўняў (1 даляр — 26,12 грыўні). Увесь транспарт павінен быць зь нізкім узроўнем падлогі.

Тыдзень таму Менскі аўтамабільны завод і прадпрыемства «Белкамунмаш» прайгралі тэндэры на пастаўку ў Кіеў нізкападлогавых тралейбусаў. Паводле прапанаваных цэнаў, пераможцам тэндэру была вызначаная кампанія «Багдан Мотарс».

Сёлета ў красавіку мэр Кіева Віталь Клічко падчас прэзэнтацыі беларускай камунальнай і пасажырскай тэхнікі ў кіеўскім аўтобусным парку № 6, якая адбывалася пры ўдзеле намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімера Сямашкі, заявіў пра намер сталічных уладаў закупіць 80 тралейбусаў і 100 аўтобусаў у беларускіх партнэраў.

«Мы ўбачылі шмат рознай тэхнікі беларускіх кампаній, якая камунальнай гаспадарцы Кіева вельмі патрэбна. У нас вялікія пляны замяніць на новы і сучасны грамадзкі транспарт, а таксама камунальную тэхніку і тэхніку для абслугоўваньня дарог. У гэтым кірунку мы даўно супрацоўнічаем зь беларускімі партнэрамі», — адзначыў тады Віталь Клічко.

У 2016 годзе «Кіеўпасажыртранс» па выніках тэндэру закупіў 50 беларускіх аўтобусаў, а ў канцы 2015 году — 30 трактароў «Беларус» для гарадзкіх камунальных службаў для прыбіраньня тратуараў і двароў у асеньне-зімні пэрыяд.

Ва Ўкраіне ў 2016 годзе была створаная электронная сыстэма ProZorro для ажыцьцяўленьня публічных закупак за кошт дзяржаўнага бюджэту, каб ліквідаваць карупцыю ў дзяржаўных закупках. Тэндэры на пастаўку ў Кіеў нізкападлогавых тралейбусаў таксама адбываліся праз сыстэму ProZorro.

XS
SM
MD
LG