Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЗ не атрымаў мільёны даляраў за пастаўкі ва Ўкраіну — сьледзтва ідзе другі год


Фота прэсавага цэнтра СБУ пасьля ператрусу ў аўтамабільных кампаніях Украіны ў студзені 2017 году.

У траўні 2013 году Менскі аўтамабільны завод падпісаў кантракт з украінскай кампаніяй «РАНТ» на пастаўку адной тысячы аўтамабіляў і такой жа колькасьці прычэпаў. Кошт кантракту складаў больш за 100 мільёнаў даляраў.

Згодна з умовамі кантракту, украінская кампанія мелася аплаціць атрыманую прадукцыю на працягу 180 дзён ад дня адгрузкі кожнай адзінкі тэхнікі.

У чэрвені 2013 году МАЗ адгрузіў першыя 150 машын на 15 мільёнаў даляраў, але грошай за іх так і не атрымаў. Зь цягам часу ўсе гэтыя аўтамабілі і прычэпы (пакуль невядома з чыей ініцыятывы) былі абвешчаныя ва Ўкраіне ў вышук.

У кастрычніку 2016 году Служба бясьпекі Ўкраіны знайшла 100, а сёлета ў студзені — яшчэ 50 аўтамабіляў. Яны былі знойдзеныя на аўтатранспартных прадпрыемствах Хмяльніцкай, Запароскай, Мікалаеўскай, Чаркаскай, Кіраваградзкай ды Чарнігаўскай абласьцей.

Як высьветлілася ў часе сьледзтва, кампанія «РАНТ» прадала атрыманую ад МАЗа тэхніку іншым аўтатранспартным прадпрыемствам Украіны, а атрыманыя грошы пры дапамозе падстаўных камэрцыйных структур перавяла ў гатоўку і прысвоіла. Паводле гэтага факту (махлярства) ва Ўкраіне адкрытая крымінальная вытворчасьць. Але асобы, датычныя да гэтай схемы «ўзбагачэньня» дагэтуль так і не ўстаноўленыя.

Фота прэсавага цэнтра СБУ пасьля ператрусу ў аўтамабільных кампаніях Украіны ў студзені 2017 году.
Фота прэсавага цэнтра СБУ пасьля ператрусу ў аўтамабільных кампаніях Украіны ў студзені 2017 году.

Уся выяўленая у часе ператрусаў на аўтатранспартных прадпрыемствах тэхніка была арыштаваная як рэчавыя доказы, але на пачатку красавіка два ўласьнікі — данецкі «Аграрны дом «Геліяс» і фэрмэрская гаспадарка «Мірная даліна» — праз суд дабіліся вяртаньня сваіх правоў уласнасьці на гэтую тэхніку.

На Менскім аўтамабільным заводзе пакуль не камэнтуюць гэтай сытуацыі, прапануючы зьвярнуцца з афіцыйным запытам. «Калі тут ідуць разьбіраньні, то гэта наагул ніхто не будзе камэнтаваць. Да нас ужо зьвярталіся з такімі пытаньнямі, і служба эканамічнай бясьпекі прадпрыемства не ўзгадніла нам гэты адказ», — сказала карэспандэнту Свабоды спэцыялістка аддзелу рэклямы Кацярына.

А пытаньняў наконт гэтага кантракту застаецца шмат, і галоўнае зь іх — якім чынам Менскі аўтамабільны завод правярае рэпутацыю замежных кампаній, зь якімі ўкладае такія маштабныя кантракты.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG