Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя дамоўленасьці ня дзейнічаюць: беларускія тралейбусы ў Кіеў не паедуць


Менскі аўтамабільны завод і прадпрыемства «Белкамунмаш» прайгралі тэндэры на пастаўку ў Кіеў нізкападлогавых тралейбусаў.

Іхныя інтарэсы прадстаўлялі афіцыйныя дылеры ва Ўкраіне — кампаніі ТАА «МАЗтранссэрвіс» і ТАА «СП „Янікс“». Тралейбусы МАЗ выстаўляліся ў двух конкурсах — на пастаўку 60 і 20 адзінак тэхнікі, а «Белкамунмашу» — толькі ў другім.

Паводле прапанаваных цэнаў, пераможцам тэндэру прызнаная былая кампанія ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі «Багдан Мотарс», якая цяпер належыць ягонаму бізнэс-партнэру Алегу Гладкоўскаму — першаму намесьніку сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

Кампанія «Багдан Мотарс» у часе аўкцыёну, у адрозьненьне ад беларускіх прадпрыемстваў, пагадзілася на зьніжэньне папярэдне заяўленай цаны ў першым лоце з 316,8 мільёна да 308,82 мільёна грыўняў (1 даляр — 26,24 грыўні) за 60 тралейбусаў і ў другім лоце з 192 мільёнаў да 191,04 мільёна грыўняў за 20 тралейбусаў.

Дылеры беларускіх тралейбусаў прапанавалі камунальнаму прадпрыемству «Кіеўпасажыртранс» набыць 60 тралейбусаў МАЗ за 318 мільёнаў грыўняў або «Белкамунмашу» — за 308,88 мільёна грыўняў. У другім лоце МАЗ прапаноўваў 20 адзінак тэхнікі за 191,904 мільёна грыўняў.

Сёлета ў красавіку мэр Кіева Віталь Клічко падчас прэзэнтацыі беларускай камунальнай і пасажырскай тэхнікі ў кіеўскім аўтобусным парку № 6, якая адбывалася пры ўдзеле намесьніка прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімера Сямашкі, заявіў пра намер сталічных уладаў закупіць 80 тралейбусаў і 100 аўтобусаў у беларускіх партнэраў.

«Мы ўбачылі шмат рознай тэхнікі беларускіх кампаній, якая камунальнай гаспадарцы Кіева вельмі патрэбна. У нас вялікія пляны замяніць на новы і сучасны грамадзкі транспарт, а таксама камунальную тэхніку і тэхніку для абслугоўваньня дарог. У гэтым кірунку мы даўно супрацоўнічаем зь беларускімі партнэрамі», — адзначыў тады Віталь Клічко.

У 2016 годзе «Кіеўпасажыртранс» па выніках тэндэру закупіў 50 беларускіх аўтобусаў, а ў канцы 2015 году — 30 трактароў «Беларус» для гарадзкіх камунальных службаў для прыбіраньня тратуараў і двароў у асеньне-зімовы пэрыяд.

Ва Ўкраіне ў 2016 годзе была створаная электронная сыстэма ProZorro для ажыцьцяўленьня публічных закупак за кошт дзяржаўнага бюджэту, каб ліквідаваць карупцыю ў дзяржаўных закупках. Тэндэры на пастаўку ў Кіеў нізкападлогавых тралейбусаў таксама адбываліся праз сыстэму ProZorro.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG