Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер Сямашка рэклямаваў мэру Кіева Клічко беларускія трактары (ВІДЭА)


Віталь Клічко

Беларуская дэлегацыя на чале зь віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам знаходзіцца ў Кіеве, дзе спадзяецца знайсьці новыя рынкі збыту.

Менскі трактарны завод прадставіў у Кіеве актуальную лінейку сваёй тэхнікі — некалькі сэрый «Беларусаў», адаптаваных для гарадзкой камунальнай і дарожнай гаспадаркі.

Пра гэта паведамляе сайт МТЗ.

Унівэрсальныя машыны з навясным абсталяваньнем магчыма выкарыстоўваць круглы год, іх можна задзейнічаць у прыбіраньні тэрыторыі і ў будаўніцтве.

Партыю беларускай тэхнікі суправаджаў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, а яе выгады ацаніў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко:

Віталь Клічко
Віталь Клічко

«Мы пасьпяхова працуем зь беларускімі партнэрамі, — адзначыў Віталь Клічко. — Летась набылі 30 трактароў, і яны эфэктыўна адпрацавалі ўвесь сэзон — без асаблівых паломак і прастояў».

Віталь Клічко асабіста выпрабаваў трактар «Беларус-622», сказаўшы, што ўражаньні засталіся вельмі добрыя:

«Беларуская тэхніка адпавядае эўрапейскім стандартам. Камунальнай гаспадарцы Кіева такая тэхніка патрэбна, будзем абнаўляць камунальны парк гораду»

Цягам прэзэнтацыі Віталя Клічко суправаджаў віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка. Ён казаў, што прыехаў у Кіеў знарок дзеля правядзеньня перамоваў пра пастаўкі камунальнай тэхнікі:

«Беларускім прадпрыемствам трэба прабівацца на ўкраінскі рынак — паказваць тэхніку і дэманстраваць яе ў рабоце. Нашы перавагі — цана, надзейнасьць і якасьць», — прарэклямаваў беларускія трактары віцэ-прэм’ер.

Тым часам у мэрыі Кіева паведамілі, што маюць намер абвясьціць шэраг новых тэндэраў на пастаўкі камунальнай тэхнікі. І беларускія вытворцы спадзяюцца на перамогу.

XS
SM
MD
LG