Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталікі на танках пад сьцягам «ДНР»?


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Маё вока таксама зачапіла гэтая фраза «Дайце туды танкі, дайце туды зброю, і католікі будуць забіваць праваслаўных ці каго заўгодна». Але не было ўва мне імпэту, каб уступаць у дыскусію.

А вось прылегліся эмоцыі, жарсьці крыху прыціхлі. Аказваецца, фраза была толькі мэтафарай і ня варта было ўспрымаць яе літаральна. Што ж, бывае слова не да канца прадуманым. Але ж прагучала і выклікала мноства эмоцый, водгукі, камэнтары. Выклікала дыскусію. Таму падстава разважаць, яна застаецца.

Нельга так: расказваючы аб агрэсіўнасьці Расеі ва Ўкраіне, раптам хапаць за каршэнь беларускіх каталікоў і спалучаць іх з расейскімі танкамі. Калі называць рэчы сваімі найменьнямі, то называць дакладна, да рэшты.

І я нібы ня маю права сказаць, што гэта памылка карэнная, але калі выкарыстоўваць у гэтай размове канфэсійную прыналежнасьць (чаго, мяркую, рабіць было нельга ў ніякім разе), то з расейскімі танкамі спалучаць хіба больш выпадала праваслаўных, што для ўсіх відавочна. Заваяваньне «Наваросіі» адбывалася пад праваслаўным соўсам, гэта дзяржаўніцкая рэлігія Расеі, што ўчыніла бучу ў Данбасе, анэксаваўшы спачатку Крым. Бацюшкі, некалі на сэрбскіх на танках, цяпер выдатна спалучаліся з «днр-скімі».

Але зноў жа: не чапайце лепей рэлігійных спраў. Нельга. Тым больш неабдумана казаць пра каталікоў. Перш за ўсё для іх Польшча зрабіла карту паляка: аддуху — калі што, маеш шанец пакінуць наш сінявокі рай. У іх ёсьць надзея. А што рабіць праваслаўным, якія ня хочуць «рускага сьвету»? Калі ён прыедзе на сваіх танках?

І вось зараз я хачу расказаць, які энтузіязм выклікала вайна ў Данбасе ў грамадзян Беларусі. У пэўнай часткі, зразумела. Але часткі, мяркую, зусім немалой. «Шахцёры і трактарысты» зьнішчалі ўкраінскую авіяцыю і бронетэхніку, бадзёра разьвівалі наступ. Амаль трыста чалавек загінулі ў пасажырскім самалёце. А беларускі чалавек (няважна сам ён расеец-адстаўнік ці самы што ні ёсьць тутэйшы), які прагна глядзеў маскоўскі яшчык і атаясамліваў сябе з «рускаміраўцамі», злацешыўся з украінскіх няўдач, а грудзі яму расьпірала радасьць за «шахцёраў і трактарыстаў», за захоп Крыму.

Я тады рабіў пастаянна вулічныя апытаньні. Папросту адчуваў «вулічны баромэтар». Людзі, зь якімі я быў нязгодны, гаварылі словамі маскоўскага яшчыка. Ды яшчэ філязофстваваць саматужна карцела. Напрыклад. Адкуль, таварыш дарагі, у шахцёраў свае бранятанкавыя войскі? Адкуль цяжкая артылерыя? Адкуль бяздонныя запасы амуніцыі? І ён мне адказвае ў вочы: хахлы далі драпака, пакідалі на полі бою. А гэта, як вядома, дамоўленасьць ў палявых камандзіраў: казаць міжнародным назіральнікам і журналістам. Гэта адно. Другое: шахцёры, трактарысты, яны ўсе падаткаплатнікі, правільна? — працягвае чалавек на вуліцы. Правільна, адказваю. Дык вось: калі ў тым Данецку ангары з танкамі былі, а людзі ўсё гэта аплочвалі са сваёй кішэні, то чаму яны не маглі прыйсьці аднойчы і сесьці ў іх, калі ім спатрэбіліся танкі?

Разумееце, якая лёгіка? Усё ўкладзена ў вушы было «рускаміраўскім» яшчыкам.

Я ў такога пытаюся: дык па вашаму, вы як падаткаплатнік можаце з прыяцелямі пайсьці ў мясцовую вайсковую частку і забраць «свой» танк? Ён глядзіць мне ў вочы і не адказвае. Так, ён так лічыць. Але ня будзе адказваць. Зноў жа: час не надышоў яшчэ. І можа сам ён і ня пойдзе, ён ужо на пэнсіі, але вельмі ня супраць, каб іншыя пайшлі і — каб як у Данбасе. Уяўляеце, як злацешна будзе? Ты такіх эмоцый ні на якім футболе не атрымаеш.

І чым больш ваяўнічым рабіўся маскоўскі яшчык, тым больш прагнулася тым, хто сябе атаясамліваў з расейцамі, з рускасьветаўцамі, з «днр-ацамі», працягу.

Так, канфлікт зацягнуўся, пайшоў чацьвёрты год. Жарсьці ня маюць сёньня ранейшага градусу напаленасьці. Галовы асьцюдзіліся. Аднак гэтыя людзі не зьмянілі сваіх перакананьняў. Дзесяць тысяч сьмерцяў для іх нішто. Яны цьвёрдагаловыя. І калі раптам размова натрапіць на «ДНР», на Крым, яны вам выкажуць тое самае, што іх ашчасьлівіла духоўна ў 2014-м. Для іх Парашэнка «фашыст», ён ня даў «трактарыстам і шахцёрам» захапіць усю Ўкраіну, прынамсі «Наваросію».

І ясна, што тут на першым месцы рэванш былога гома саветыкуса, цяпер гома-рускасьветаўца. Не канфэсійная прыналежнасьць перш важная, але яна мабыць — складовая частка, безь якой кактэйль атрымаўся б менш моцным. Ня так бы ў галаву ўдараў.

Ну й ніколі не забудзецца ваяўнічая беларуская кабетка, якой хацелася «калашнікава». Ёй было 55, выглядала на больш. Усё жыцьцё даяркай, спрацавалася. Бляндынка, мела яшчэ рэшткі было прыгажосьці. Пры ёй муж, мужчынка сьціплы, мэханізатар. Прытрымліваў яе, але хутчэй мімікай, чым словамі. Жывуць у прыгараднай вёсцы. Дык вось: запытаўся ў іх пра Данбас, пра магчымы мір. І гэтая памяркоўная беларуская жанчына, маці, жонка, мне выпаліла ў вочы: а я сама хоць заўтра гатовая паехаць туды, узяць у рукі аўтамат і ваяваць з «украфашыстамі»!

Колькі такіх перапоўненых нянавісьцю, гатовых забіваць, звонку лагодных беларускіх жанчынак выхаваў яшчык, настроены на адзін канал? Дзесяць? Сто? Тысячу?

Ня думаю, што яна ў касьцёл ходзіць, ня веру.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG