Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні ўкраінцаў ужо ўехалі ў Эўразьвяз бязь візаў — МЗС


У Дэпартамэнце консульскай службы МЗС Украіны паведамляюць пра бесьперабойнасьць працы бязьвізавага рэжыму з Эўразьвязам у першыя гадзіны пасьля ўступленьня ў сілу.

«Консулы ў Румыніі, Польшчы, Славаччыне, Вугоршчыне паведамляюць аб бесьперашкодным перасячэньні грамадзянамі Ўкраіны мяжы краінаў ЭЗ па біямэтрычных пашпартах. Агульная колькасьць украінцаў, якія перасеклі мяжу ЭЗ па стане на 05:35, вымяраецца сотнямі. Консулы працягваюць ажыцьцяўляць маніторынг сытуацыі ў пунктах пропуску», — гаворыцца ў паведамленьні Дэпартамэнту консульскай службы. 11 чэрвеня ўступіла ў сілу візавая лібэралізацыя для грамадзянаў Украіны пры кароткатэрміновых паездках украінскіх грамадзянаў у краіны ЭЗ і «шэнгену».

Бязьвізавы рэжым датычыць усіх дзяржаваў-членаў ЭЗ, акрамя Вялікабрытаніі і Ірляндыі, а таксама краінаў «шэнгенскай зоны» па-за межамі ЭЗ. Гэты рэжым пакуль ня тычыцца так званых «заморскіх уладаньняў» Нідэрляндаў і Францыі.

Каб скарыстацца гэтым рэжымам, трэба мець біямэтрычны пашпарт і, гэтак жа як і ў выпадку зь візавым рэжымам, быць здольным на просьбу памежных органаў даказаць мэту і ўмовы сваёй паездкі, сваю плацежаздольнасьць і таму падобнае.

Бязьвізавы рэжым дазваляе знаходзіцца ў краінах, якіх ён тычыцца, 90 дзён на працягу кожных 180 дзён без права працаўладкаваньня.

XS
SM
MD
LG