Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўключылі «таймэр бязьвізу». Парашэнка: «Мы вяртаемся ў эўрапейскую сямʼю»


Ва Ўкраіне пачаліся афіцыйныя сьвяткаваньні з нагоды пачатку дзеяньня бязьвізавага рэжыму з Эўрапейскім Зьвязам.

«Хтосьці чакаў, што гэта ў нас не атрымаецца, паціраючы рукі, калі пераносіліся тэрміны. Але мы цьвёрда верылі: калі ёсьць дамоўленасьці, слова будзе выканана. Зараз мы запускаем зваротны адлік да незваротных зьменаў. Гэта будзе ўжо канчатковае „бывай“ расейскай імпэрыі, і словы „Back in USSR“ мы будзем чуць толькі ў The Beatles. Украіна больш ніколі ня вернецца ў Савецкі Саюз. Мы вяртаемся ў эўрапейскую сямʼю», — заявіў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, уключаючы сымбалічны «таймэр бязьвізу».

Бязьвізавы рэжым між Украінаю і Эўразьвязам пачынае дзейнічаць з нуля гадзінаў 12 чэрвеня.

Украіна стала трэцяй краінай з постсавецкай Садружнасьці Незалежных Дзяржаў пасьля Малдовы і Грузіі, якая атрымала бязьвізавы рэжым з краінамі Эўрапейскага Зьвязу.

Рада міністраў Эўразьвязу 11 траўня прыняла канчатковае рашэньне аб прадстаўленьні Ўкраіне бязьвізавага рэжыму. 17 траўня адбылася цырымонія падпісаньня рашэньня.

Пагадненьне будзе распаўсюджвацца на ўсе краіны ЭЗ, акрамя Вялікабрытаніі і Ірляндыі, а таксама дзейнічаць у краінах шэнгенскай прасторы, якія не ўваходзяць у ЭЗ: Нарвэгіі, Ісьляндыі, Ліхтэнштайне і Швайцарыі. Для бязьвізавых паездак грамадзянам Украіны неабходна атрымаць біямэтрычны пашпарт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG