Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна заканадаўча замацавала курс на NATO


Украінскія танкі на вучэньнях у Нямеччыне, 11 траўня 2017 году
Украінскія танкі на вучэньнях у Нямеччыне, 11 траўня 2017 году

Вярхоўная Рада Ўкраіны заканадаўча замацавала прыярытэт сяброўства Ўкраіны ў арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы.

За прыняцьце адпаведнага закону ў цэлым прагаласавалі 276 дэпутатаў (пры мінімальна неабходных 226).

«Агрэсія Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, анэксія часткі ўкраінскай тэрыторыі паставіла перад Украінскай дзяржавай неадкладную задачу рэальнага забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі краіны. Вопыт шэрагу дзяржаваў-суседзяў Украіны сьведчыць, што ў цяперашніх умовах як эфэктыўны інструмэнт гарантаваньня бясьпекі, захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту яны разглядаюць структуры калектыўнай бясьпекі, якія функцыянуюць на аснове прагрэсіўных дэмакратычных каштоўнасьцяў, найбольш дзейснай зь якіх зьяўляецца арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы. Істотнае пашырэньне гэтай арганізацыі за апошнія гады — пераканаўчае таму пацьвярджэньне», — гаворыцца ў тлумачальнай нататцы да законапраекту.

Агрэсія Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, анэксія часткі ўкраінскай тэрыторыі паставіла перад Украінскай дзяржавай неадкладную задачу рэальнага забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі краіны.

Аўтары законапраекту вызначылі, што асноўнымі прынцыпамі зьнешняй палітыкі Ўкраіны зьяўляецца паглыбленьне супрацоўніцтва з NATO з мэтай набыцьця сяброўства ў альянсе.

Адзін з аўтараў законапраекту — сьпікер парлямэнту Андрэй Парубій — заявіў перад галасаваньнем, што дакумэнт замацуе «галоўны курс Украіны ў сфэры бясьпекі — сяброўства ў NATO».

Фракцыя «Апазыцыйны блёк» у поўным складзе адмовілася ад удзелу ў галасаваньні.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка неаднаразова заяўляў, што ўступленьне ў NATO застаецца стратэгічнай мэтай Украіны.

У лютым сёлета ён паведаміў, што ва Ўкраіне пройдзе рэфэрэндум аб уваходжаньні ў альянс і паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб дамагчыся сяброўства ў NATO, калі за гэта прагаласуе народ Украіны

Украіна пасьля адыходу былога прэзыдэнта Віктара Януковіча і ягоных уцёкаў адмовілася ад уведзенага ў 2010 годзе пазаблёкавага статусу. Але да сёньня Украіна афіцыйна не аднаўляла папярэдняга выразна пэўнага курсу на ўступленьне ў NATO, які распрацаваў у 2004 годзе той жа Януковіч, у той час прэмʼер-міністар пры прэзыдэнце Леаніду Кучму.

Пяскоў: «Лічым, што гэта пагражае нашай бясьпецы і балянсу сілаў у эўразійскім рэгіёне»

Кіеў фармальна абмяжоўваўся да гэтага часу задачай перайсьці на стандарты і прынцыпы дзейнасьці Паўночнаатлянтычнага альянсу і актыўна супрацоўнічае з NATO на розных напрамках. У NATO адзначаюць, што пазыцыя саюзу застаецца нязьменнай: Украіна мае права на ўступленьне, калі Кіеў выкажа жаданьне ўступаць і выканае неабходныя ўмовы.

Як паведамляе агенцтва УНІАН, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў пракамэнтаваў рашэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны наступным чынам: «У Маскве традыцыйна зь недаверам і заклапочанасьцю ставяцца да працэсу пашырэньня NATO ў бок нашых межаў. Лічым, што гэта пагражае нашай бясьпецы і балянсу сілаў у эўразійскім рэгіёне. Зразумела, расейскі бок прымае ўсе неабходныя меры для збалянсаваньня сытуацыі і абароны ўласных інтарэсаў і ўласнай бясьпекі».

Пры гэтым, кажучы пра шанцы Ўкраіны ўступіць у NATO, ён заявіў: «Гэта ня нам прымаць падобныя рашэньні».

У Брусэлі, у штаб-кватэры альянсу на просьбу УНІАН пракамэнтавалі рашэньне парлямэнту Ўкраіны наступным чынам: «Мы прынялі да ведама рашэньне Вярхоўнай Рады. На сёньняшні дзень Украіна не падавала заяўку на ўступленьне ў NATO. Кіеў факусуецца на рэформе і мадэрнізацыі інстытутаў абароны і бясьпекі, і NATO падтрымлівае гэтыя намаганьні. Гэта — прыярытэт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG