Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Сіўчык падаў скаргі на бесчалавечныя ўмовы ўтрыманьня адміністрацыйна арыштаваных


Вячаслаў Сіўчык пасьля вызваленьне з турмы на Акрэсьціна

Старшыня руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык падаў дзьве афіцыйныя скаргі — у пракуратуру і Гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі Менску. Палітык патрабуе зьвярнуць увагу на ўмовы ўтрыманьня пад вартай, якія парушаюць артыкул 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах «Забарона катаваньняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня ці пакараньняў, якія прыніжаюць чалавечую годнасьць».

Копіі скаргі будуць накіраваныя ў міжнародныя праваабарончыя структуры і партнэрам па дэмакратычным лягеры за мяжой — каб усе ведалі, у якіх умовах у ХХІ стагодзьдзі жывуць грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

«Ня маю ілюзій, што ў сёньняшніх варунках гэтыя дзяржаўныя ўстановы будуць трымацца нормаў міжнароднага і беларускага заканадаўства і здольныя навесьці хоць мінімальны парадак у сумна знакамітай турме на Акрэсьціна, — кажа Вячаслаў Сіўчык. — Скарга напісаная дзеля таго, каб самі беларусы разумелі, што так, як абыходзяцца зь людзьмі ў турмах пры Лукашэнку, быць не павінна».

Антычалавечыя ўмовы ўтрыманьня ва ўстановах, падпарадкаваных Міністэрству ўнутраных спраў, актывіст ілюструе на ўласным прыкладзе.

Пастановай суду Цэнтральнага раёну Менску ад 23 сакавіка ён быў завочна прыцягнуты да адказнасьці і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Адбываў тэрмін спачатку ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), а потым — у ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) Жодзіна.

Пастановай суду Цэнтральнага раёну Менску ад 4 траўня зноў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці з прысуджэньнем чарговага 15-суткавага тэрміну, які цалкам адбыў у ЦІП.

З двума апошнімі прысудамі палітык катэгарычна ня згодны і лічыць іх незаконнымі. Акрамя таго, умовы ўтрымання ў ЦІП і ІЧУ, кажа ён, бесчалавечныя і прыніжальныя па наступных пунктах.

1. Права на абарону

У пэрыяд адбываньня арышту з 3 да 18 траўня адміністрацыя ЦІП не дапускала да яго адваката. Не выдаваліся пісьмовыя прылады, яны незаконна вымаліся зь перадачаў. У выніку спадар Сіўчык ня меў магчымасьці абскардзіць дзеяньні адміністрацыі ЦІП, што ёсьць парушэньнем правоў у зьняволеньні.

2. Свабода веравызнаньня

У ЦІП і ІЧУ пры асабістым вобшуку спадара Сіўчыка прымушалі зьняць нацельны крыжык. Гэта ня толькі грубае парушэньне нормаў, якія замацоўваюць права адміністрацыйна арыштаванага на прадметы рэлігійнага культу, але і парушаюць артыкул 31 Канстытуцыі, які абвяшчае, што «кожны мае права ўдзельнічаць у выкананьні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам».

3. Тэмпэратура ў камэры і вэнтыляцыя

Вэнтыляцыя амаль не працуе, сьвежае паветра трапляла ў памяшканьне толькі дзякуючы скразьнякам, калі адчыняліся дзьверы. Няма доступу да форткі. Таму паветра цяжкае, насычанае міязмамі. Брудныя сьцены практычна ня мыюцца. Тэмпэратура ў камэры цалкам залежыць ад надворʼя, бо пры рэзкім пахаладаньні ацяпленьне не прадугледжана. Такія ўмовы ўтрыманьня не адпавядаюць артыкулу 10 Мінімальных стандартных правілаў абыходжаньня са зьняволенымі ААН і лічацца жорсткім абыходжаньнем.

4. Умовы для адпачынку

Пасьцельную бялізну ў ЦІП выдалі ня цалкам, матрац і падушка сьмярдзелі. Не было прыступак, каб забірацца на другі паверх нараў, што парушае пастанову МУС Беларусі «Аб зацьвярджэньні правілаў унутранага распарадку месцаў адбыцьця адміністрацыйнага арышту». Гэта ўсё парушэньне Мінімальных стандартных правілаў абыходжаньня са зьняволенымі ААН, якія патрабуюць: забясьпечыць асобны ложак у адпаведнасьці з нацыянальнымі альбо мясцовымі нормамі, а таксама спальнымі рэчамі, якія павінны быць чыстымі і мяняцца дастаткова часта, каб забясьпечыць іх чысьціню.

5. Санітарныя ўмовы

Парушэньне артыкула 12 Мінімальных стандартных правілаў абыходжаньня са зьняволенымі, які абвяшчае, што санітарныя ўстаноўкі павінны быць дастатковымі для таго, каб кожны зьняволены мог спраўляць свае натуральныя патрэбы ва ўмовах чысьціні і прыстойнасьці. У камэрах няма ўнітазаў, што прыніжае чалавечую годнасьць.

Зыходзячы з выкладзеных фактаў, палітык просіць:

— правесьці поўную, абʼектыўную і ўсебаковую праверку ў ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму на прадмет адпаведнасьці ўмоў утрыманьня правілам унутранага распарадку месцаў адбываньня адміністрацыйнага арышту і іншаму міжнароднаму і нацыянальнаму заканадаўству;

— прыняць меры пракурорскага рэагаваньня, скіраваныя на ліквідацыю парушэньняў заканадаўства;

— праінфармаваць у вызначаныя законам тэрміны аб выніках праверкі.

Падрабязьней пра бесчалавечныя ўмовы адбыцьця пакараньня, Вячаслаў Сіўчык піша ў сваім фэйсбуку.

XS
SM
MD
LG