Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Умовы на Акрэсьціна нялюдзкія, таму я і трымаў галадоўку, — Вячаслаў Сіўчык пра 15 сутак пад арыштам


Вячаслаў Сіўчык па вызваленьні з турмы на Акрэсьціна

Лідэр руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык выйшаў на волю з турмы на Акрэсьціна пасьля 15-суткавага арышту. Ён адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

— Усе 15 сутак вы трымалі галадоўку. Ці было гэта складана? Якія былі прычыны такога пратэсту?

— Гэта ня першы мой адміністрацыйны арышт. Першыя былі ў тым стагодзьдзі. Я заўсёды адгаворваў іншых актывістаў, каб яны трымалі галадоўку. Раней нават некалькі разоў я прыяжджаў на Акрэсьціна, каб угаварыць моладзевых актывістаў, у прыватнасьці Яўгена Скочку, каб яны спынілі галадоўку. Бо лічыў, што хоць тэрміны, дадзеныя рэжымам, і незаконныя, але бессэнсоўна, каб людзі псавалі сваё здароўе.

Цяпер жа я вымушаны быў трымаць галадоўку, таму што ў 2016 годзе былі ўведзеныя зьмены ў дзейнасьць гэтай установы на Акрэсьціна. Яны проста нялюдзкія, яны ня ўпісваюцца ні ў беларускае, ні ў міжнароднае заканадаўства. Таму я і трымаў галадоўку.

Я вельмі задаволены, што я яе вытрымаў, за што вялікі дзякуй Богу. Бо тое, што там адбывалася цягам апошніх 15 сутак, пераканала мяне, што я меў абсалютную рацыю.

Вельмі хацеў бы, каб на Радыё Свабода адбыліся нейкія форумы паміж тымі людзьмі з палітычнай апазыцыі, якія былі на Акрэсьціна цягам апошніх месяцаў, і беларускімі праваабаронцамі. Бо той стан, у якім знаходзіцца гэтая ўстанова, нялюдзкі, і гэта трэба мяняць.

Калі я ў 1996 годзе першы раз трапіў у гэтую ўстанову, там людзей кармілі празь дзень, і людзі вымушаныя былі есьці рукамі. Дзякуючы намаганьням праваабаронцаў, такіх як Валеры Шчукін, гэта ўдалося выправіць. І ніхто ня ведаў, што прыйдзе новае кіраўніцтва і ў дзейнасьці гэтай установы зьявяцца новаўвядзеньні. Напрыклад да 12 траўня я вымушаны быў знаходзіцца на нарах на другім паверсе, да іх 160 сантымэтраў, няма ніякіх падпорак, і гэтак далей. Патрэбныя перадачы, каб паказаць, у якім стане цяпер турма на Акрэсьціна.

— Колькі чалавек вас было ў камэры?

— У нас заўсёды была перапоўненая камэра. У мяне ў апошнія суткі на 6 месцаў было 5 чалавек. А звычайна было 7 чалавек і больш. Напэўна, таму, што я апазыцыянэр, у маёй камэры была праведзена апэрацыя «Антыбомж». Прычым з 6 па 13 траўня знаходзіўся ў камэры 64-гадовы чалавек, які ня мог нармальна хадзіць у прыбіральню. Таму вядома, як выглядала паветра ў гэтай камэры. Тут забаронена курыць у камэрах, і нас выводзілі 8 і 11 траўня.

Вельмі многа пэнсіянэраў цяпер чамусьці знаходзіцца на Акрэсьціна. І ў другога пажылога чалавека, які, нягледзячы на забарону, ляжаў днём на ложку, малады сэржант адабраў матрац. А нас пазбавілі права на прагулку.

Прагулка тут вельмі забаўная. Камэру проста спускаюць уніз, людзі кураць адну цыгарэту за адной цягам 10–15 хвілін, і іх падымаюць наверх.

Мяне ўразіла сьвяточная вячэра ў маіх сукамэрнікаў. Ім проста другое на абед зьмяшалі зь вячэрай, кашу з бульбай, і так яны атрымалі сваю ежу ў чарговую гадавіну перамогі над нацызмам.

— І Севярынец, і Някляеў казалі, што былі вошы ў камэрах...

— Так, былі таксама. Ну, у зьвязку з апэрацыяй «Антыбомж» шукалі, не адшукалі. Але ўсе чухаліся, я таксама паеду праводзіць дэзынфэкцыю. Бо калі адмыслова бяздомнікаў раскідваюць у розныя камэры, то зразумела, да чаго гэта вядзе.

— Вячаслаў, як вы адчуваеце сябе пасьля галадоўкі? Вы ўжывалі ваду...

— Адчуваю сябе нармальна. Бо маю той узрост, які маю. Маладым трымаць галадоўку значна цяжэй, чым людзям сталага ўзросту. Я трымаў галадоўку і ў 1996 годзе. Напруга адчуваецца, стомленасьць ёсьць, але спадзяюся, што вельмі хутка вярнуся да спраў. Бо я ўдзячны ўсім тым людзям, якія прыйшлі мяне сустракаць, іх было вельмі многа.

Я спадзяюся, што Радыё Свабода зьверне ўвагу на тое, што такое ЦІП. Я нагадваю, што ў 2016 годзе ўзрасла колькасьць прысудаў па адміністрацыйных справах, іх было амаль што 350 тысяч. Праз сыстэму ізалятараў праходзяць вельмі вялікая колькасьць беларусаў. І немагчыма, каб у 21 стагодзьдзі яны жылі так, быццам сёньня ў нас чыста акупацыйная ўлада. Бо вошы і ўсе астатнія зьдзекі — гэта характэрна хіба што для 19 стагодзьдзя.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG