Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура і эпідэміёлягі прызналі парушэньні ўтрыманьня ў слуцкім ізалятары, міліцыя — не


Сяржук Кійко
Сяржук Кійко

Пракуратура Слуцкага раёну адрэагавала на скаргу журналіста рэгіянальнай газэты «Інфа-Курʼер» Сержука Кійко, якую ён падаў на ўмовы ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары Слуцкага РАУС.

«У выніку праверкі, праведзенай пракуратурай Слуцкага раёну, выяўленыя парушэньні заканадаўства аб матэрыяльна-бытавым забесьпячэньні адміністрацыйна арыштаваных, у тым ліку парушэньні, якія пададзеныя ў скаргах. Вынесена прадпісаньне аб выпраўленьні парушэньняў заканадаўства», — цытуе праваабарончы цэнтар «Вясна» адказ са слуцкай пракуратуры.

У ізалятары часовага ўтрыманьня Сяржук Кійко ўтрымліваўся ад 3 да 6 красавіка пасьля пераводу з Жодзінскага СІЗА, адбываючы частку адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту на Дзень Волі ў Менску.

Дзякуючы гэтаму Кійко можа параўнаць умовы ўтрыманьня ў Жодзіне і ў Слуцку. Параўнаньне выйшла не на карысьць Слуцку:

«Відаць, у Жодзіне рыхтаваліся да „прыёму“ ўдзельнікаў Дня Волі, бо выдалі нам чыстыя коўдры і ручнікі, камэры былі прыбраныя і памытыя, пры неабходнасьці да хворых выклікалі лекара, і ён хутка зьяўляўся. А вось у Слуцкім ІЧУ кідаўся ў вочы страшэнны бруд, камэра сьмярдзела, нават ручніка не было. За чатыры дні ніводнага разу не выводзілі на прагулку».

Асобна Сяржук Кійко адзначае дрэнную якасьць харчаваньня і мізэрныя порцыі. Асартымэнт страў практычна не мяняўся, тройчы кармілі надта «пахучай» рыбай. Прыёмы ежы былі шчыльна ссунутыя па часе: сьняданак — аб 11-й, абед — а 13-й, вячэра — а 17-й. Вечарам хацелася зноў есьці, а ніводнай перадачы не было — родных не папярэдзілі, што ён у Слуцкім ІЧУ.

Яшчэ адзін зварот Сержука Кійко быў разгледжаны ў Цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі Дэпартамэнту фінансаў і тылу МУС, якія правялі свой маніторынг слуцкага ізалятара. У межах кампэтэнцыі вынесена заключэньне, што факты парушэньняў, пра якія вялася гаворка ў звароце, часткова мелі месца. Кіраўніцтву ІЧУ далі час, каб іх выкараніць і ўзмацніць кантроль за выкананьнем санітарна-эпідэміялягічных патрабаваньняў.

І толькі Слуцкі РАУС, разгледзеўшы аналягічную скаргу, прыйшоў да высновы: недахопаў у матэрыяльна-бытавым і санітарна-гігіенічным забесьпячэньні адміністрацыйна арыштаваных не было. Кіраўніцтва раённай міліцыі паведаміла, што факты, выкладзеныя ў скарзе на парадак і ўмовы ўтрыманьня ў ІЧУ, не знайшлі пацьверджаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG