Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны Суд зьменшыў выракі кіраўніку і ўдзельнікам групоўкі, што распаўсюджвала псыхатропы


Асуджаныя па «справе 17» падчас суду. Архіўнае фота

6 чэрвеня была пастаўленая кропка ў працэсе ў «справе 17», які цягнуўся амаль год, і яшчэ паўгода пайшло на апэляцыю.

Гэта справа аб злачыннай дзейнасьці арганізацыі распаўсюднікаў псыхатропаў ды іншых наркатычных рэчываў на чале з Канстанцінам Вілюгам.

Арганізацыя ў складзе дзьвюх груповак — у Беларусі і ў Расеі — дзейнічала з 2011 году. У сьнежні мінулага году менскі гарадзкі суд прызнаў выпускніка журфаку БДУ Канстанціна Вілюгу кіраўніком злачыннай арганізацыі і прысудзіў да 20 гадоў зьняволеньня, аднак абвінавачаны не прызнаў віну і абскардзіў прысуд.

Сёньня калегія Вярхоўнага Суду выключыла з прысуду Вілюгу некалькі эпізодаў, апраўдала яго паводле двух артыкулаў і ў выніку зьменшыла для яго агульны тэрмін зьняволеньня на 1 год.

Больш значна былі скарэктаваны прысуды былым супрацоўнікам КДБ Дзьмітрыю Вераценскаму і Ігару Карыцкаму, а таксама экс-міліцыянту Канстанціну Дзенісевічу, якія, паводле сьледзтва, дапамагалі Вілюгу і ягоным саўдзельнікам распаўсюджваць наркатычныя сродкі. З 15 гадоў тэрмін зьняволеньня для Вераценскага быў зьменшаны да 9 гадоў, Карыцкі і Дзенісевіч паводле апэляцыйнага заключэньня Вярхоўнага Суду атрымалі па 8 гадоў зьняволеньня (раней гарадзкі суд асудзіў іх на 14 гадоў). Астатнія прысуды засталіся безь зьменаў, у тым ліку Аліне Церагеры, асуджанай на 18 гадоў зьняволеньня — паводле суду, яна ўзначальвала беларускую групоўку злачыннай арганізацыі і вяла «падпольную» бухгальтэрыю распаўсюднікаў псыхатропаў. Таксама ў сіле застаўся і прысуд былой сяброўцы Вілюгі Ірыне Семяняцы — 16 гадоў зьняволеньня. Паводле суду, яна займалася продажам псыхатропаў праз інтэрнэт.

Маці дзяўчыны абуралася ў судзе па вынясеньні прысуду, казала, што справа супроць яе дачкі сфальшаваная, як і справы некаторых іншых чальцоў групоўкі. Асабліва гучна ў перапынках суду гучала абурэньне ад сваякоў былых праваахоўнікаў, якія прахадзілі ў «справе 17».

Але пасьля апэляцыйнага заключэньня Вярхоўнага Суду ніхто з адвакатаў і сваякоў асуджаных ня стаў камэнтаваць прысуд для журналістаў. «Вы ўсё роўна праўды не напішаце», — казалі сваякі падсудных.

Між тым у кулюарах некаторыя абаронцы фігурантаў «справы 17» казалі, што яна цалкам сфальшаваная, што шмат доказаў здабытыя незаконным шляхам, у тым ліку праз паказаньні сьведак, якія залежаць ад наркотыкаў, пад прымусам. Яшчэ адным з аргумэнтаў абаронцаў было тое, што дзейнасьць гэтак званай «расейскай групоўкі» злачыннай арганізацыі не расьсьледаваная расейскімі праваахоўнікамі, як належыць паводле закону, а «прышпіленая» да беларускай часткі справы, каб яна набыла большую значнасьць.

Назіральнікі зьвярнулі ўвагу і на дзіўныя факты, зьвязаныя зь мінулым лідэра злачыннай арганізацыі Канстанціна Вілюгі. Падчас працэсу зьявіліся зьвесткі, што ён меркавана быў інфарматарам КДБ, супрацоўнічаў з міліцыяй, а ў выніку нібыта ўсіх падманваў ды яшчэ і ўцягнуў у злачынную дзейнасьць супрацоўнікаў гэтых структур. Вядома, што ў «справе 17» было два сакрэтныя тамы, якія вывучаліся на закрытым паседжаньні.

Пасьля суду абаронцы Канстанціна Вілюгі ды іншых фігурантаў справы сказалі, што будуць далей змагацца за адмену прысуду — цяпер праз пратэсты ў Генэральную пракуратуру ці ў Вярхоўны Суд.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG