Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна за ўкраінскую гісторыю ў беларускіх сацсетках


Помнік Раману Шухевічу Закарпацьці
Помнік Раману Шухевічу Закарпацьці

Як адрэагаваў Байнэт на навіну аб наданьні праспэкту ў Кіеве імя Шухевіча? Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Цыганкоў: У беларускіх сацыяльных сетках бывае, што падзеі ў іншай краіне становяцца галоўнай тэмай абмеркаваньня, адсоўваючы ўласна беларускую тэматыку. Такой падзеяй стала рашэньне Кіеўскай гарадзкой рады надаць імя Шухевіча аднаму з праспэктаў ва ўкраінскай сталіцы. Варта нагадаць нашым слухачам некалькі агульнавядомых фактаў, хто ж такі Раман Шухевіч.

Гэта ўкраінскі палітычны і вайсковы дзяяч, пасьля 1943 году кіраўнік Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), са студзеня 1944 году да сваёй гібелі ў 1950 годзе — галоўнакамандуючы Ўкраінскай паўстанцкай арміі (УПА). Ён супрацоўнічаў з нацысцкай Нямеччынай у 1939-1942 гадах: навучаўся ў сакрэтнай школе абвэру, служыў ва ўзброеных падразьдзяленьнях Трэцяга райху, быў намесьнікам камандзіра ў спэцпадразьдзяленьні «Нахтыгаль», а з лістапада 1941 году быў намесьнікам камандзіра 201-га батальёну шуцманшафту.

Абмеркаваньне гэтай тэмы ў беларускіх дыскусіях ідзе па двух аспэктах. Першае — стаўленьне да ацэнак Другой сусьветнай вайны, і ўласна да асобы Шухевіча. Другая лінія — якімі імёнамі варта называць вуліцы ў Беларусі. Але мне падаецца, што зьвязваць гэтыя дзьве рэчы зусім неабавязкова. Калі беларусам кажуць «як вы можаце крытыкаваць украінцаў, калі ў вас саміх вуліцы названы імёнамі бальшавіцкіх катаў» — то гэта з той самай опэры, што, маўляў, «як вы можаце нешта крытыкаваць у Эўропе і ЗША, калі ў вас саміх дыктатура». Я думаю, беларусы маюць поўнае права абмяркоўваць падзеі і рэаліі ў іншых краінах, не адчуваючы пры гэтым нейкага комплексу непаўнавартаснасьці.

Гэтая тэма ў дадзеным выпадку мае непасрэднае дачыненьне да Беларусі, і гэтым, дарэчы, тлумачыцца, чаму яна настолькі горача гучыць у беларускіх дыскусіях. Калі мы спрабуем адрынуць савецкае стаўленьне да Другой сусьветнай вайны, гэта не павінна аўтаматычны весьці да зьмены мінуса на плюс. Не заўсёды гэта гістарычна апраўдана. Мінус застаецца мінусам ня толькі з пункту гледжаньня савецкай прапаганды, але і з пункту гледжаньня, напрыклад, польскага, габрэйскага, у цэлым, заходняга погляду на гэтую вайну. Ужо ня першы раз беларусы горача абмяркоўваюць тое, што адбываецца ва Ўкраіне — Майдан, Крым, Данбас, забарона «Аднаклясьнікаў», вось цяпер Шухевіч. У Беларусі нічога не адбываецца, і яны горача абмяркоўваюць падзеі ў суседзяў, але адначасова прыкладаюць іх да таго, ці можа гэта адбыцца ў Беларусі і як да гэтага ставіцца.

Карбалевіч: Вы заўважылі, што пры адсутнасьці свайго палітычнага жыцьця актыўныя беларусы пачынаюць жыць палітычным жыцьцём іншых краін і народаў. Яны актыўна абмяркоўваюць палітычныя праблемы ў замежжы. Гэта такая сублімацыя. І гэта мяне найбольш зьдзіўляе.

Уласна кажучы, гэта пытаньне пра нацыянальных герояў. У кожнага народа яны свае. Прычым, часта бывае, што для суседніх народаў яны зусім не героі, а наадварот. Напрыклад, Сувораў для Расеі герой, а для Беларусі — кат. Хоць самі беларусы ў большасьці так ня лічаць.

Увогуле, гаворка ідзе пра тое, што ў Беларусі ня вырашаная праблема з нацыянальнай, а значыць і гістарычнай ідэнтыфікацыяй. Сёньня яна існуе пераважна ў савецкай парадыгме.

Дракахруст: Я хацеў бы зьвярнуць увагу на некалькі момантаў гэтай сытуацыі. Адзін зь іх — тое, што Раман Шухевіч быў адным з кіраўнікоў 201-га шуцманшафт батальёну. Гэты батальён быў структурай, падначаленай СС. Варта нагадаць, што Нюрнбэрскі трыбунал па нацысцкіх злачынствах ня толькі вынес пэрсанальныя прысуды такім злачынцам, як Гёрынг, Кайтэль, Штрайхер і іншым, але і прызнаў злачыннымі шэраг арганізацыяў — нацысцкую партыю, гестапа, СС і СД. Цяперашняе рашэньне ў сьвятле гэтага выглядае асабліва сумнеўным. Паводле выраку міжнароднага трыбуналу, Шухевіч уваходзіў у склад злачыннай арганізацыі.

Я згодны з вамі, Валер, што бываюць розныя нацыянальныя героі, бываюць такія, што для адных яны — героі, для іншых — злачынцы. Сярод гістарычных постацяў няшмат пэрсанажаў белых і пухнатых. Але здаецца, што Другая сусьветная — гэта выключэньне. І супраца з Гітлерам — гэта пляма, гэта ганьба.

Можна прывесьці як прыклад польскі досьвед, таксама зьвязаны з Другой сусьветнай — так званых «выклятых жаўнераў». Гэтыя людзі па-свойму змагаліся за Польшчу. Але яны тварылі злачынствы, забойствы цывільнага насельніцтва, у тым ліку і беларусаў.

І цікавая пазыцыя польскіх уладаў, Польшчы як дзяржавы — так, выклятыя жаўнеры зрабілі станоўчы ўнёсак у барацьбу за Польшчу. Але — ніякіх званьняў герояў, ніякіх вуліц. І гэта таму, што з афіцыйнага польскага пункту гледжаньня яны былі прынамсі «і злачынцы». Мне здаецца, што гэта добры прыклад для іншых народаў.

Прыклад таго, што супраца з нацы — гэта ў Эўропе дагэтуль табу — палітыка ўладаў Харватыі і Славаччыны. Так склалася, што ў найноўшай гісторыі гэтыя дзьве краіны атрымалі незалежнасьць з рук Гітлера. Незалежнасьць была даволі ўяўная, дзяржавы гэтыя лічацца марыянэткавымі. Але як глядзець — нават нямецкія паслы сядзелі ў Браціславе і Заграбе.

Аднак сучасныя Славаччына і Харватыя не вядуць свой гістарычны радавод ад кіраўнікоў тых дзяржаваў, ад Ціса і Павэліча. Вось не прынята ў Эўропе трымаць такі радавод.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG