Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест міністра замежных спраў Эстоніі ў Беларусь прыяжджае парлямэнцкая дэлегацыя на чале з экс-міністрам абароны


Ханэс Ханса
Ханэс Ханса

8–10 чэрвеня Беларусь наведае парлямэнцкая дэлегацыя Эстоніі на чале са старшынём камісіі Дзяржаўнага сходу ў пытаньнях нацыянальнай абароны Ханэсам Ханса (Hannes Hanso). Пра гэта Свабодзе сёньня сказалі ў прэсавай службе Палаты прадстаўнікоў. Праграма знаходжаньня эстонскіх парлямэнтароў у Беларусі цяпер удакладняецца.

Адметнасьць гэтага візыту найперш бачыцца ў тым, што спадар Ханса, да таго як ачоліў парлямэнцкі камітэт, у 2015–2016 гадах быў міністрам абароны. На гэтай пасадзе ён неаднойчы выказваў занепакоенасьць тым, што расейскія войскі могуць акупаваць краіны Балтыі. Ён таксама насьцярожана ставіўся да вайсковых сувязяў Беларусі і Расеі. Нядаўна Ханэс Ханса заявіў, што Эстонія разам зь іншымі краінамі НАТО будзе пільна сачыць за расейска-беларускімі вучэньнямі «Захад».

23 траўня міністар замежных спраў Эстоніі Свэн Міксэр меў намер наведаць Беларусь. Гэты візыт анансаваў на сваім брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык. Паведамлялася, што міністар Міксэр сустрэнецца са сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем. «З улікам старшынства Эстоніі ў Радзе Эўразьвязу ў другой палове 2017 году асаблівая ўвага будзе аддадзеная пэрспэктывам узаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, а таксама тэме ўдзелу Беларусі ў ініцыятыве „Ўсходняе партнэрства“», — казаў тады спадар Мірончык.

Аднак, паводле зьнешнепалітычнага ведамства Эстоніі, працоўны візыт Свэна Міксэра пераносіцца з прычыны «зьменаў у раскладзе ў Беларусі». Таму выглядае, што гэтыя вузлавыя тэмы ў Менску будуць абмяркоўваць ужо не на ўрадавым, а на парлямэнцкім роўні.

Міністар замежных спраў Эстоніі, рыхтуючыся да візыту ў Беларусь, быў паінфармаваны пра справу «Белага легіёну» і зьбіраўся ў Менску падняць пытаньне аб правах чалавека ў Беларусі. Грамадзянскія актывісты з Латвіі, Эстоніі і Беларусі зьвярнуліся да яго з адкрытым лістом, папрасіўшы паўплываць на беларускія ўлады ў пытаньні рэпрэсій супраць актывістаў беларускай грамадзянскай супольнасьці. Магчыма, гэтым цяпер зоймецца ў Беларусі Ханэс Ханса?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG