Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым гэтая вайна запомнілася мне?


Ізраільскія салдаты ля Сьцяны Плачу ў Ерусаліме. 8 чэрвеня 1967 году
Ізраільскія салдаты ля Сьцяны Плачу ў Ерусаліме. 8 чэрвеня 1967 году

Вайну 1948 году, калі Ізраіль адстаяў права на жыцьцё, я зь вядомых прычын ня памятаў, а ў савецкіх кніжках пра тое, як ізраільцяне перамаглі сваіх агрэсіўных суседзяў, прачытаць было нельга. Вайну 1956 году (апэрацыя «Кадэш»), як і Вугорскае нацыянальнае паўстаньне, якое адбывалася ў тыя самыя дні, я памятаў кепска (мне было 8 год). Толькі дзьве рэчы ўрэзаліся ў памяць: як людзі ў нас у Заходняй Беларусі кінуліся купляць запалкі, мыла і газу, і як людзі спадзяваліся, што прыйдуць амэрыканцы і... (Гэтыя спадзяваньні паўтарыліся і ў 1962-м, падчас Карыбскага крызісу.)

Як і я, мае равесьнікі пра адну вайну нічога ня ведалі, а пра другую ведалі мала. У прыватнасьці, не афішавалася, што Штаты «здалі» Вялікабрытанію, Францыю ды Ізраіль. Нацыяналізацыя Суэцкага каналу падносілася як перамога антыімпэрыялістычных сілаў, а спыненьне вайны — як посьпех савецкай дыпляматыі...

Мабыць, і з тае прычыны, што Штаты і СССР змусілі Ізраіль адступіць, мае равесьнікі лічылі, што габрэі ня ўмеюць ваяваць. А яшчэ быў і няяўны, падступны антысэмітызм афіцыйных колаў. Даводзілася чуць, што габрэі страляюць з-за вугла зь вінтовак з крывымі рулямі. Такая вось сатыра ўзводзілася ў той час на ізраільцянаў і на ўсіх патомкаў Якава-Ізраіля. І дарма я — чалавек кніжны — спрабаваў аспрэчыць гэтыя сьцьвярджэньні, спасылаючыся на тое, што больш за сто габрэяў былі Героямі Савецкага Саюзу, а некаторыя і двойчы.

Шасьцідзённая вайна змусіла «сатырыкаў» прыкусіць языкі. Пра крывыя рулі ўжо ніхто ня згадваў. Канчаткова спыніліся размовы пра баязьлівасьць габрэяў адразу пасьля вайны Суднага дня (1973). Я дык, напрыклад, быў злы на амэрыканцаў, што не далі Арыэлю Шарону і ягоным танкістам дайсьці да Каіру і ўзьняць над горадам сьцяг перамогі. Змог бы Арыэль. І змаглі б ягоныя салдаты. Але, з другога боку, навошта ім патрэбен быў той Эгіпэт? Лішняя нагрузка на бюджэт, на грамадзян Ізраілю. Гэта пазьней я зразумеў, што эвакуацыя войска — таксама складаная і дарагая апэрацыя.

Што ізраільцяне, габрэі ўяўляюць сілу, якую Савецкаму Саюзу нельга адолець, можна было зразумець па той шалёнай антысэміцкай кампаніі, якая пад выглядам барацьбы зь сіянізмам пачалася ў СССР у дні Шасьцідзённай вайны і працягвалася да «перабудовы». На гэты раз я ня мог зразумець, што кепскага ў жаданьні габрэяў ехаць у Ізраіль. «Ехалі ж тутэйшыя палякі і проста католікі ў Польскую Народную Рэспубліку, агітавала ж савецкая ўлада нашых эмігрантаў вяртацца ў БССР... Чаму яўрэям нельга ехаць у Ізраіль?» — спытаўся я ў аднаго функцыянэра. «Ты задаеш надта шмат пытаньняў», — быў адказ.

Праз 50 гадоў пасьля Шасьцідзённай вайны ўжо ніхто не задае тыя пытаньні, якія задаваў я, малады і цікаўны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG