Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва пачынае будаваць плот на мяжы з Расеяй


На мяжы Літвы і Расеі да сьнежня зьявіцца двухмэтровая мэталічная агароджа. З літоўскага бюджэту на гэта выдаткавана 1,355 млн эўра.

Літва ў панядзелак, 5 чэрвеня, пачынае будаўніцтва плоту на мяжы з Расеяй. Агароджа будзе ўзьведзена на ўчастку ў 44,6 кілямэтра, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, паведамляе Deutsche Welle.

Гаворка ідзе пра двухмэтровы мэталічны плот з дадатковым абсталяваньнем. Яго ўзьвядуць у тых месцах, дзе дзяржаўная мяжа праходзіць па сушы, — на ўчастку ад пункту перасячэньня межаў Літвы, Польшчы і Расеі да Віштынецкага возера і на ўчастках мяжы ў Шакяйскім і Вілкавішскім раёнах да Нёмана. Па пэрымэтры мяжы ўздоўж Нёману (109 км) раней ужо былі ўсталяваныя сыстэмы назіраньня.

Аб будаўніцтве агароджы на мяжы з Калінінградзкай вобласьцю стала вядома ў студзені 2017 году. Тады кіраўнік МУС Літвы абвясьціў, што на гэтыя мэты ў 2017 годзе з бюджэту краіны плянуецца вылучыць амаль 3,6 млн эўра. Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы атрымала конкурсныя заяўкі ад 27 кампаній на рэалізацыю гэтага праекту, піша літоўскі партал L24.

У выніку служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы заключыла дамову на будаўніцтва з кампаніяй Gintreja, кошт работ — 1,355 млн эўра. Грошы на гэта выдзеленыя зь бюджэту краіны. Плот плянуецца ўзьвесьці да 20 сьнежня сёлета.

Ён будуецца для стрыманьня кантрабанды і нелегальнай міграцыі, кажуць у Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. Да 2020 года Літва таксама зьбіраецца пабудаваць плот на мяжы з Беларусьсю, піша «Інтэрфакс».

Загароды на мяжы з Расеяй таксама будуюць Латвія і Эстонія — яны плянуюць завяршыць работы ў 2019 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG