Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцяблянін скраў дзяржаўны сьцяг з будынка. Пачалі крымінальную справу


Жыхару Віцебска пагражае штраф, папраўчыя работы, арышт да трох месяцаў або абмежаваньне волі на тэрмін да году: увечары 2 траўня 45-гадовы мужчына сарваў і забраў з сабой дзяржаўны сьцяг Беларусі з будынка ў цэнтры гораду, перадае БелТА.

Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу за зьдзек зь дзяржаўнай сымболікі (артыкул 370 КК), справа накіраваная для папярэдняга сьледзтва ў віцебскі аддзел Сьледчага камітэту.

Паводле зьвестак праваахоўнікаў, сьцяг вывесілі да Дня працы, а мужчына пагнуў дрэўка, сарваў сьцяг, узяў з сабой і пайшоў у госьці да сяброў.

Гэта першы выпадак справы аб зьдзеку зь дзяржаўнай сымболікі ў 2017 годзе, годам раней такіх спраў не было. У 2014 годзе справу паводле артыкулу 370 распачалі, але потым спынілі праз заканчэньне тэрміну даўніны супраць былога палітвязьня Аляксандра Малчанава — яго абвінавачвалі ў нанясеньні на сьцяг надпісаў «Стоп Лука!» і «ШОС». Таксама зьдзек зь дзяржаўнага сьцяга інкрымінавалі актывісту Паўлу Вінаградаву ў 2011 годзе, але яго асудзілі на 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму толькі за «ўдзел у масавых беспарадках» (празь 9 месяцаў пасьля арышту вызвалілі па амністыі).

Караецца паводле арт. 370 КК ня толькі зьдзек зь дзяржаўнага сьцяга, але і зь дзяржаўнага герба і гімну. Падобна, што вывешваньне дзяржаўнага сьцяга дагары нагамі (што часам здараецца ў тым ліку на адміністрацыйных будынках) ня лічыцца за зьдзек.

Ранейшы беларускі герб «Пагоня» прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, за зьдзек зь яго паводле ч.1 арт. 346 КК караюць штрафам, папраўчымі работамі або арыштам да 6 месяцаў, а за наўмыснае зьнішчэньне караюць паводле арт. 344 КК гэтаксама ці абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў (ад двух да пяці, калі паўторна або групай асобаў).

Ніякага ахоўнага статусу ня мае ранейшы сьцяг Беларусі — бела-чырвона-белы. «Малады фронт» у канцы 2016 году зарэгістраваў зварот у Міністэрстве культуры аб наданьні бела-чырвона-беламу сьцягу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, перадаў у Мінкульт больш за 10 тысяч подпісаў за гэта. Але Мінкульт ня ведае, у чым каштоўнасьць бела-чырвона-белага сьцяга — міністэрства зьвярнулася ў Акадэмію навук.

Збор подпісаў за бела-чырвона-белы сьцяг. Фотарэпартаж

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG