На літоўскім кантрольным памежным пункце ў Кібартай (Чарнышэўскае з расейскага боку ў Калінінградзкай вобласьці) у чацьвер увечары быў затрыманы расейскі вайсковы атрад, паведаміў агенцтву BNS прадстаўнік па сувязях з грамадзкасьцю Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс.
Каля 21-й гадзіны памежнікі правяралі ў Кібартай транзытны цягнік Калінінград-Масква, які заяжджае ў Літву з Калінінградзкай вобласьці.
Разам з памежнікамі цягнік правяраў і вайсковец з Цэнтру кантролю над перамяшчэньнем літоўскага войска.
«Пры праверцы дакумэнтаў высьветлілася, што ў адным купэ знаходзяцца чацьвёра расейскіх вайскоўцаў у цывільным адзеньні», — паведаміў BNS Г. Мішуціс.
З дакумэнтаў стала ясна, што гэта расейскія вайскоўцы, хоць яны самі пра гэта не паведамілі.
Калі група вайскоўцаў з чатырох або больш чалавек едзе транзытам празь Літву, яны лічацца вайсковым атрадам, таму для іх патрабуецца дазвол на праезд празь Літву. Такога дазволу ў расейскіх вайскоўцаў не было.
«Яны былі зьнятыя з цягніка, памежнікі напісалі адмову ў дазволе перасекчы дзяржаўную мяжу», — паведаміў BNS Г. Мішуціс.
Да паўночы расейскіх вайскоўцаў вярнулі на іншым цягніку ў Калінінградзкую вобласьць.
Расейскія вайсковыя каманды ў Літве часьцей затрымлівалі дзесяць гадоў таму. Затрыманьняў такіх камандаў не было ні сёлета, ні летась.