Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя прычыны крушэньня Ту-154 у Чорным моры


Крушэньне самалёта Ту-154 пад Сочы магло адбыцца з прычыны парушэньня прасторавай арыентацыі камандзіра. Гэта прывяло да яго памылковых дзеяньняў пры кіраваньні самалётам.

Такія дадзеныя агучыла Міністэрства абароны Расеі па выніках расьсьледаваньня катастрофы.

«Па выніках расьсьледаваньня ўстаноўлена, што прычынай здарэньня магло быць парушэньне прасторавай арыентацыі (сытуацыйнай абазнанасьці) камандзіра паветранага судна, якое прывяло да яго памылковых дзеяньняў з прыборамі кіраваньня паветраным суднам», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Міністэрства абароны.

Акрамя таго, у паведамленьні сказана, што камісія не ўстанавіла:

— парушэньня «правілаў запраўкі самалёта палівам ў аэрапорце гораду Сочы»,
— «узьдзеяньня вонкавых фактараў»,
— парушэньня «дзейсных патрабаваньняў, якія датычацца рассаджваньня пасажыраў у салёне Ту-154»,
— парушэньні «загрузка і цэнтроўкі груза», адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства абароны Расеі.

Газэта «Коммерсант» паспрабавала ўзнавіць карціну крушэньня Ту-154. Паводле інфармацыі крыніц выданьня, перад адпраўкай з аэрапорту Сочы пілёт не адразу зразумеў, з якой з двух узьлётна-пасадачных палос ён павінен ўзьлятаць. Самалёт нібыта пачаў набіраць вышыню з патрэбным вуглом 15 градусаў, але затым пілёт адхіліў штурвал ад сябе, замарудзіўшы ўзьлёт.

Самалёт Ту-154 Міністэрства абароны Расеі зьнік з радараў раніцай 25 сьнежня 2016 году, празь некалькі хвілін пасьля ўзьлёту з аэрапорту Сочы. Борт накіроўваўся ў Сырыю з Масквы, у Сочы ён прызямляўся для дазапраўкі.

На борце знаходзіліся 92 чалавекі, у тым ліку журналісты, удзельнікі ансамбля песьні і танца імя Аляксандрава, кіраўнік фонду «Справядлівая дапамога» Лізавета Глінка і некалькі высокапастаўленых афіцэраў Міністэрства абароны РФ.

СМІ раней паведамлялі, што прычынай крушэньня Ту-154 магла стаць перагрузка — паводле непацьверджаных дадзеных, вага самалёта пры вылеце з аэрапорту больш чым на 10 тон перавышала дапушчальную.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG