Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недзе каля паўночы прачытала, што абласная бібліятэка ў Гомлі зноў, другі раз, адмовілася пусьціць у свае сьцены пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч для сустрэчы з чытачамі.

Спаць ужо не магла. Проста ляжала, успамінала, думала.

Калі б Сьвятлана ўсё ж прыехала, як меркавалася, гэта быў бы трэці яе прыезд у Гомель да сваіх чытачоў. І можна не сумнявацца, што іх, чытачоў, было б шмат. Сьведчу таму, што калі шмат гадоў таму я дамовілася пра такую сустрэчу ў аўдыторыі прафсаюзнага адукацыйнага цэнтру, то задоўга да яе пачатку сытуацыя аказалася аншлягавай. Людзей прыйшло столькі, што невялікая аўдыторыя з прылеглымі калідорамі іх не зьмяшчала. Тэрмінова давялося дамаўляцца пра вялікую залю. Кіраўніцтва цэнтру не адмовіла, бачачы, колькі людзей стоўпілася ў фае і калідорах. Яны не сыходзілі. Маладзёны самі пачалі прапаноўваць мне дапамогу, асабліва Юнэля Сальнікава. Тут жа пачалі зьбіраць грошы для аплаты вялікай аўдыторыі. І калі ўжо перад пачаткам сустрэчы ўсе ўвайшлі, то былі занятыя нават прыступкі паміж радамі крэслаў. Многія сядзелі проста на падлозе. І перад сталом, дзе былі Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў і Лявон Баршчэўскі, гамельчукі паселі на падлозе ў два шэрагі. Людзі хацелі іх чуць.

Час быў такі, калі, як сказаў Барыс Сачанка, цяпер вядомы беларускі пісьменьнік Барыс Пятровіч, «дыхаць не было чым».

А Сьвятлане яшчэ толькі праз гады наканавана было стаць ляўрэаткай Нобэля. Можа, нехта з тагачасных ідэолягаў або іх нашчадкаў памятае тую сустрэчу, яе атмасфэру, людзкую прагу гутаркі з сапраўднымі творцамі слова. І робіць высновы, што цяпер, калі задуха зноў гусьцее, новая сустрэча была б яшчэ больш шматлюднай. Бо і ў наступны прыезд Сьвятланы ў Гомель, калі ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны замест актавай залі выдзеліў для сустрэчы невялічкую аўдыторыю, студэнты стаялі ў калідоры. Тады, дарэчы, стаяла зіма. І была надзея на вясну, на абнаўленьне.

І вось зноў лета. Надзею на радасьць, сьвята зноў імкнуцца забараніць. У апошні памятны прыезд Алексіевіч у Гомель — а гэта было больш як паўтара дзесяцігодзьдзя таму — у абласной бібліятэцы, якая дагэтуль аддана нясе прыдомак «імя У. І. Леніна», адказалі, што «няма сродкаў на прыём». Абяцаныя вада, гарбата, кава, кветкі і нават сурвэткі сытуацыю не перайначылі.

Аднак Сьвятлана ўсё ж падпісала свой першы грунтоўны двухтомнік у шэрай вокладцы для чытачоў бібліятэкі, і я аднесла яго ў бібліятэку, перадала тадышняй дырэктарцы Валянціне Дуброве. І калі ў 2015 годзе Сьвятлана, а зь ёй і Беларусь, атрымалі свайго першага літаратурнага Нобэля, я, наіўная, падумала, што вось яны там кінуліся шукаць гэты двухтомнік, каб выставіць напаказ, каб чытачы пабачылі дароўны надпіс.

Але, відаць, мазгі «ідэалягічнай праслойкі» працуюць па-іншаму. І цяпер, пасьля чарговага рашэньня ня даць гамельчукам сустрэцца са Сьвятланай Алексіевіч, разумею, што «ідэолягі» мелі на ўвазе такую сытуацыю, чакалі яе. Рашэньне, можна не сумнявацца, як і першы раз, прынялі на самым высокім абласным узроўні. Проста трансьлявалі яго ад імя цяперашняй дырэктаркі бібліятэкі Марыны Рафеевай.

У цяперашняй Беларусі зьбірацца людзям усё яшчэ дазволена толькі на «мерапрыемствы ад улады» — кшталту памятнай многім радыяцыйнай першамайскай дэманстрацыі 1986 году. Тады, калі хто памятае, таксама было цяжка дыхаць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG