Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вывешваньні «цынічнай расьцяжкі» пра Лукашэнку падазраюць мужа і жонку


Андрэй Шарэнда, архіўнае фота

30 траўня актывіста «Эўрапейскай Беларусі» зь Берасьця Андрэя Шарэнду абвясьцілі падазраваным у вывешваньні расьцяжкі, якая, паводле экспэртызы, «цынічна зьневажае» Аляксандра Лукашэнку.

Пра гэта Андрэй Шарэнда сказаў рэсурсу charter97.org, калі выйшаў з управы Сьледчага камітэту ў Берасьці.

Актывіст нагадаў, што 29 траўня гэткі ж статус падазронай у крымінальнай справе аб вывешваньні расьцяжкі атрымала ягоная жонка Паліна Шарэнда-Панасюк. Паводле Андрэя Шарэнды, у Сьледчым камітэце яго нібыта апазнаў мясцовы жыхар Ігар Леанюк — той самы, хто днём раней сьведчыў супроць ягонай жонкі Паліны.

«Сьведка адразу ж заявіў, што пазнаў мяне па шчаціне і што нібыта гэта я сам вывешваў і сам фатаграфаваў расьцяжку», — кажа пра сёньняшнія падзеі ў Сьледчым камітэце Андрэй Шарэнда.

Расьцяжка, якая, паводле афіцыйнай экспэртызы, «цынічна зьневажала» кіраўніка дзяржавы, зьявілася ў лютым 2017 году на агароджы. Спачатку завялі адміністрацыйную справу, потым яе перакваліфікавалі ў крымінальную.

Паліна Шарэнда-Панасюк пасьля сустрэчы са сьледчымі сказала, што гэтак улады рыхтуюцца да «гарачай восені 2017 году».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG