Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афнагель пра выклікі ў Сьледчы камітэт: гэта адказ «Эўрапейскай Беларусі» за акцыі вясны 2017 году


Яўген Афнагель, архіўнае фота

30 траўня актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Шарэнду зь Берасьця выклікалі на размову да сьледчага, меркавана, наконт справы аб вывешваньні ў горадзе банэра са словамі, якія экспэртыза палічыла «цынічнай абразай» Аляксандра Лукашэнкі.

Размова са сьледчым была прызначаная на 10 раніцы. Раней у гэтай справе з разраду сьведак у падазраваныя была пераведзеная жонка актывіста Паліна Шарэнда-Панасюк.

«Магчыма, тое ж будзе і з Андрэем, калі яшчэ не затрымаюць адразу», — мяркуе каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель.

У лютым за банэр, вывешаны неядомымі ў Берасьці, спачатку завялі адміністрацыйную справу, але потым перакваліфікавалі яе ў крымінальную.

Днём раней сьледчая Алеся Стрэчань са Сьледчага камітэту ў Менску выклікала на размову каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля. У актывіста была ўзятая падпіска аб невыдаваньні, таму ён адмовіўся паведаміць падрабязнасьці размовы са сьледчай, але трохі пракамэнтаваў сытуацыю:

«Пакуль праходжу як сьведка ў адной справе — нехта кінуў фарбай у будынак БТ, вось з гэтым цяпер разьбіраюцца. Больш сказаць не магу з прычыны падпіскі. Але бачу тут сувязь і з тым, што завялі справу ў Берасьці ды выклікаюць актывістаў „Эўрапейскай Беларусі“ — каго ў якасьці сьведкі, а каго, як Паліну Шарэнда-Панасюк, ужо перавялі ў падазраваныя ў крымінальнай справе. Чамусьці гэта супала. Месяц таму дзяржаўныя мэдыя абвінавачвалі лідэраў „Эўрапейскай Беларусі“ Андрэя Саньнікава, Дзьмітрыя Бандарэнку ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту, вось цяпер дайшло да ўмяшаньня Сьледчага камітэту. Мяркую, гэта тлумачыцца тым, што „Эўрапейская Беларусь“, Беларускі нацыянальны кангрэс прымалі найбольш сур’ёзны ўдзел ў падзеях гэтай вясны, ў тых пратэставых акцыях, якія прайшлі па краіне зімой і вясной. І відавочна, што ўлада такім чынам спрабуе падрыхтавацца да гарачай восені 2017 году. Бо відаць, што з розных бакоў б’юць менавіта па Беларускім нацыянальным кангрэсе, па „Эўрапейскай Беларусі“».

Зьвестак пра вынікі размовы са сьледчым берасьцейскага актывіста Андрэя Шаранды пакуль няма.

XS
SM
MD
LG