Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігуранту справы «Белага легіёну» Віктару Марозу падоўжылі арышт


Віктар Мароз, падазраваны ў справе «Белага легіёну», разам з сынам. Архіўнае фота
Віктар Мароз, падазраваны ў справе «Белага легіёну», разам з сынам. Архіўнае фота

«Сачыце за разьвіцьцём падзеяў, будзе цікава», — паштоўка з-за кратаў ад былога «легіянэра».

Адзін з затрыманых у справе «Белага легіёну», мянчук Віктар Мароз, даслаў паштоўку супрацоўніцы Свабоды. Зваротны адрас — СІЗА № 1, Валадарскага, 2-88.

Пра сям’ю Марозаў Свабода нядаўна падрабязна распавядала ў спэцыяльным рэпартажы.

Малады чалавек дзякуе за цёплыя словы і падтрымку. І крыху сумуе, што лета, мяркуючы па ўсім, давядзецца правесьці не з жонкай, сынам і бацькамі, а ў камэры ізалятару:

«Застаецца спадзявацца, што дыхаць я буду ўжо марозным паветрам, бо тэрмін майго зьняволеньня падоўжылі да канца верасьня, — піша фігурант справы „Белага легіёну“. — Таксама, як і іншым хлопцам. Сачыце за разьвіцьцём падзеяў, будзе цікава, гэта я вам абяцаю. Жыве Беларусь!».

Ад адваката Віктара Мароза вядома, што ягоны падабаронны абвінавачваецца паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 293, ч. 3 («падрыхтоўка да масавых беспарадкаў»), 287 («стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня»).

Справа актывістаў «Белага легіёну», якая ў незалежных СМІ атрымала назву «справы патрыётаў», распачалася перад Днём Волі пасьля публічнай заявы Аляксандра Лукашэнкі — маўляў, затрымалі баевікоў, якія трэнаваліся ў лясах пад Бабруйскам ды ў іншых месцах.

Усяго было арыштавана 35 чалавек, на гэты момант у ізалятарах КДБ і МУС утрымліваюцца 16 фігурантаў справы. Некаторым прад’яўленыя абвінавачаньні ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а былым актывістам «Белага легіёну» дадалі яшчэ і артыкул пра стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня.

Афіцыйных заяваў пра «справу патрыётаў» сьледчыя органы не рабілі ад моманту арышту падазраваных. Тым часам праваабаронцы зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру з просьбай праверыць інфармацыю аб катаваньнях затрыманых, зь якіх нібыта сілай выбіваюць патрэбныя паказаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG