Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пачатку траўня пачаўся збор подпісаў пад інтэрнэт-пэтыцыяй за роўнасьць беларускае й расейскае моваў у заканадаўстве — на сёньняшні дзень яе падпісала ўжо больш за тысячу чалавек.

Пэтыцыя характэрна тым, што яна адпавядае патрабаваньням закону «Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў», то бок абавязковая для разгляду па сутнасьці. Стваральнікі пэтыцыі прапануюць дэпутатам парлямэнту Беларусі зьмены ў частку 2 артыкулу 54 закону «Аб нарматыўных прававых актах», у адпаведнасьці зь якімі нарматыўны прававы акт (НПА) прымаецца (выдаецца) упаўнаважаным на тое органам (службовай асобай) на беларускай й расейскай мовах. Публікацыя на абедзьвюх мовах павінна адбывацца адначасова, а калі гэта немагчыма — акт павінен лічыцца апублікаваным з моманту публікацыі яго на другой дзяржаўнай мове.

Чаму паўстала такая праблема? Справа ў тым, што акты дзяржаўных органаў Беларусі прымаюцца толькі на адной зь дзяржаўных моваў (артыкул 7 закону «Аб мовах»). Само па сабе прыняцьце НПА на адной мове не абмяжоўвае правоў грамадзяніна. Немагчымасьць карыстацца правам узьнікае з-за адсутнасьці перакладу тэксту НПА на другую дзяржаўную мову.

Раней я сам неаднаразова ўздымаў пытаньне зьменаў «заканадаўства аб заканадаўстве» ў накірунку раўнапраўя абедзьвюх моваў, зьвяртаючыся для вырашэньня праблемы ў тым ліку ў Міністэрства юстыцыі, Вярхоўны і Канстытуцыйны суды, Палату прадстаўнікоў.

У вялікім — на тры старонкі — адказе зь Міністэрства юстыцыі пералічваюцца амаль усе нарматыўныя акты, што хоць неяк закранаюць пытаньне выкарыстаньня дзяржаўных моў у Беларусі, хоць на гэтую тэму запыт і не рабіўся — відаць ва ўсіх чыноўнікаў Беларусі стыль такі: сказаць як мага болей, але не па сутнасьці.

Тым ня менш на падставе гэтага намесьнік міністра юстыцыі І. Г. Тушынскі робіць высновы, што «якіх-небудзь прэфэрэнцый і пераваг на заканадаўчым узроўні беларускай або расейскай мове не надаецца».

Аднак статыстыка кажа аб адваротным — у эталённым банку прававой інфармацыі прыкладна 200 тысяч нарматыўных актаў і толькі крыху больш за 3% зь іх на беларускае мове. Беларускамоўныя акты малаколькасныя, маюць нязначны зь юрыдычнага пункту гледжаньня тэхнічны характар і невялікія памерам. Толькі каля 50 законаў Беларусі прынятыя й апублікаваныя па-беларуску. Гэта катастрафічна звужае магчымасьці беларускамоўных грамадзян Беларусі карыстацца актамі дзяржаўных органаў толькі па-беларуску.

Як яшчэ адна спроба пусьціць пыл у вочы можа разглядацца спасылка Міністэрства юстыцыі на тое, што «ў цяперашні час дзяржаўнымі органамі праводзіцца работа па папулярызацыі беларускае мовы ў нарматворчым працэсе. Так, аналіз заканадаўства паказаў, што распрацоўка й прыняцьце нарматворчымі органамі нарматыўных прававых актаў у розных сфэрах, у прыватнасьці ў асьвеце, навуцы, культуры, рэлігійных і нацыянальных зносінах ажыцьцяўляецца пераважна на беларускае мове».

Такія заявы — прамое ўказаньне на тое, што беларускую мову наўмысна або не, але спрабуюць абмежаваць ва ўжытку, стварыць зь яе не паўнавартасны сродак камунікацыі, а нейкі этнаграфічны прадмет, накшталт конікаў з гліны або народных песьняў, ад якіх хоць і ёсьць замілаваньне, але практычна ў жыцьці не выкарыстаеш.

Першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду В. Л. Калінковіч
Першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду В. Л. Калінковіч

Першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду В. Л. Калінковіч лічыць, што «супярэчнасьцей, якія ствараюць перашкоды для вядзеньня судаводзтва, дзейнае заканадаўства не ўтрымлівае».

Разам з тым суды, якія сутыкаліся зь вядзеньнем судаводзтва па-беларуску, зьвярталі ўвагу на такую практычную праблему, як адсутнасьць асноўных НПА на беларускай мове. Гэта ўскладняе вядзеньне судаводзтва па-беларуску ў тых выпадках, калі такія спробы робяцца. Справа ў тым, што як асобы, якія зьвяртаюцца ў суды, так і самі судзьдзі падчас складаньня судовых пастановаў вымушаныя самастойна перакладаць нормы з расейскай на беларускую мову. Аднак гэта неправамерна, паколькі цягне за сабой магчымасьць розначытаньняў. Афіцыйны пераклад НПА, паводле дзейснага заканадаўства, павінен быць зацьверджаны адпаведным дзяржаўным органам, службовай асобай у парадку, устаноўленым для прыняцьця такога акту.

У сувязі з гэтым недарэчным выглядае і спасылка Міністэрства юстыцыі на тое, што «ў эталённым банку дадзеных прававой інфармацыі інфармацыйна-пошукавай сыстэмы „ЭТАЛЁН“ існуе праграма „перакладчык“, з дапамогай якой ажыцьцяўляецца пераклад з расейскае мовы на беларускую і наадварот тэкстаў нарматыўных прававых актаў».

Улічваючы вышэйсказанае, нельга лічыць шчырым і пагадзіцца з адказам першага намесьніка старшыні Вярхоўнага Суду Калінковіча калі на пытаньне пра рэдкае выкарыстаньне беларускае мовы ў судовых працэсах ён паведаміў, што «беларуская мова найбольш не запатрабаваная бакамі. Таму часьцей працэсы ідуць на расейскай мове».

Бакамі беларуская мова запатрабаваная і была б запатрабаваная яшчэ болей, ня менш за расейскую, а судзьдзі таксама без праблемаў яе б выкарыстоўвалі, калі б былі створаны магчымасьці для яе выкарыстаньня ў судах — легальныя беларускамоўныя вэрсіі ўсіх кодэксаў, законаў ды іншых нарматыўных актаў.

А словы пана Калінковіча аб тым, што для яго «беларуская мова — гэта мова Якуба Коласа й Янкі Купалы. Мне ня хочацца гаварыць аб абставінах злачынстваў на беларускай мове. Не таму мяне маці вучыла». зводзяць беларускую мову зноў не да паўнавартаснага сродку камунікацыі, а да саламяных капелюшоў й казы Андруся Горвата.

Для судзьдзі, як мне падаецца, беларуская мова ў першую чаргу павінна быць мовай Статутаў ВКЛ. Да таго ж сучасная беларуская праўная тэрміналёгія была рапрацавала Інбелкультам яшчэ ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя, а прафэсар, доктар юрыдычных навук Уладзімер Хоміч яшчэ ў 1997 годзе ставарыў першы беларускамоўны падручнік па крымінальнаму праву — «Крымінальнае права Беларусі». Я сам па яму вучыўся й магу сказаць, што аб абставінах усіх злачынстваў па-беларуску можна размаўляць цудоўна і гэта ніякім чынам ня зьневажае мову, бо мова — гэта мова, яна можа й павінна перадаваць усё — і добрае і дрэннае.

Фота: pravo.by
Фота: pravo.by

Крыху лепш разумее праблему рэалізацыі дзяржаўнага білінгвізму ў заканадаўчай сфэры Канстытуцыйны Суд. Начальнік Сакратарыяту А. Каравай адзначыў, што «пытаньне аб роўным выкарыстаньні беларускае й расейскае моваў неаднаразова разглядалася ў Канстытуцыйным Судзе.

У Пасланьні прэзыдэнту, Палаце прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Беларусі «Аб стане канстытуцыйнай законнасьці ў 2014 годзе (рашэньне Канстытуцыйнага Суду ад 20 студзеня 2015 году) Канстытуцыйны Суд адзначыў што ў цяперашні час для забесьпячэньня свабоднага доступу да правасудзьдзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы й свабоды грамадзянаў, мэтазгодна выдаваць на дзьвюх дзяржаўных мовах — беларускай і расейскай, у адпаведнасьці з палажэньнямі артыкулу 17 Канстытуцыі пра роўнасьць дзьвюх дзяржаўных моваў».

Як бачым, тут пазыцыя Канстытуцыйнага Суду не супадае з пазыцыяй Вярхоўнага Суду й Міністэрства юстыцыі, але супадае з судовай практыкай і жаданьнямі й чаканьнямі грамадзянаў.

Але, на жаль, як адзначае Канстытуцыйны Суд, «рашэньне дадзенага пытаньня знаходзіцца ў сфэры дзейнасьці нарматворчых і правапрымяняльных органаў».

Такая вось доля ў сёньняшняга Канстытуцыйнага Суду — усё ён разумее, але зрабіць нічога ня можа, бо ніякае кампэтэнцыі ня мае, чаго ня скажаш пра яго статус да 1996 году.

Тым ня менш, каб пакінуць хоць нейкі спадзеў на вырашэньне пытаньня, Канстытуцыйны Суд раіць «зьвярнуцца да аднаго з суб’ектаў, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы». Тое, што параіў Канстытуцыйны Суд і зрабілі складальнікі пэтыцыі, каб прававыя акты выдаваліся на дзьвюх дзяржаўных мовах адначасова — Палата прадстаўнікоў якраз і зьяўляецца адным з такіх суб’ектаў. Ад сябе б я яшчэ параіў дадаць адрасатам у пэтыцыю яшчэ прэзыдэнта, Савет Рэспублікі й ўрад — яны таксама зьяўляюцца суб’ектамі заканадаўчай ініцыятывы і хто ведае, які з гэтых суб’ектаў можа лепш паўплываць на тое, каб моўнае пытаньне беларускага заканадаўства вырашылася станоўча.

старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Л. Міхалькова. Фота: gp.by
старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Л. Міхалькова. Фота: gp.by

Дарэчы, пэўная падрыхтоўчая праца ў пытаньні рознасьці ў заканадаўстве беларускае й расейскае моваў у Палаце прадстаўнікоў мной была зроблена яшчэ летась — тады старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Л. Міхалькова паведаміла, што мае «прапановы па ўнясеньні зьмяненьняў у закон „Аб нарматыўных прававых актах“ будуць разгледжаны з удзелам зацікаўленых дзяржаўных органаў і арганізацый у працэсе заканадаўчай дзейнасьці».

Вядома, справядлівым было б разглядаць гэтыя прапановы і з улікам меркаваньне грамадзян, на якіх заканадаўства распаўсюджваецца і зь якім грамадзяне так або інакш сутыкаюцца кожны дзень. Таму зьяўленьне пэтыцыі за раўнапраўе дзьвюх дзяржаўных моваў адбылося вельмі дарэчы, і, спадзяюся, меркаваньне людзей будзе пачута. Да таго ж і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка падтрымлівае пашырэньне ўжываньня беларускае мовы. Але тым ня менш, Палата прадстаўнікоў настойліва супраціўляецца наданьню беларускай і расейскай мовам роўнага статусу ў заканадаўстве.

Разам з тым нельга забываць, што на працягу большае часткі савецкага пэрыяду Беларусі заканадаўчыя, урадавыя і некаторыя іншыя НПА афіцыйна публікаваліся на беларускай і расейскай мовах адначасова.

Нават прыняцьце Канстытуцыі 1994 году (калі дзяржаўнай была абвешчана толькі беларуская мова), правядзеньне рэфэрэндуму 1995 году не зьмянілі практыку выданьня «Весьніка Вярхоўнага Савету», «Збору ўказаў прэзыдэнта і пастановаў Кабінету Міністраў», а таксама палажэньні нарматыўных актаў, якія прадугледжвалі выданьне гэтых збораў заканадаўства на беларускай і расейскай мовах адначасова. Толькі Дэкрэт «Аб некаторых пытаньнях апублікаваньня і ўступленьня ў сілу прававых актаў» ад 24 лютага 2012 году № 3 вызначыў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал крыніцай афіцыйнага апублікаваньня актаў, дзе акты публікуюцца толькі на мове іх прыняцьця, то бок на адной зь дзяржаўных моваў. Атрымоўваецца дзіўная й ганебная сытуацыя, калі ў беларускай мовы ў заканадаўстве ў часы БССР было больш правоў, чым у незалежнай Беларусі.

Таму, справядлівым і мэтазгодным будзе аднаўленьне практыкі прыняцьця й апублікаваньня прававых актаў адначасова на дзьвюх дзяржаўных мовах, і будзем спадзявацца, што пазыцыя Канстытуцыйнага Суду і падпісантаў пэтыцыі будзе пачутая, а норма артыкулу 17 Канстытуцыі Беларусі аб роўнасьці беларускае й расейскае моваў нарэшце будзе выканана, прынамсі ў «заканадаўстве аб заканадаўстве».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG