Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Віцебскам правялі «Адамаўскі фэст»: гасьцей вучылі быць «птушарамі»


Мерапрыемства, запачаткаванае землякамі ў гонар беларускага, сусьветна вядомага вучонага-батаніка Ўладзімера Адамава, ператварылася ў цэлы фэстываль пазнавальных і забаўляльных імпрэзаў. Што важна: усе імпрэзы маюць патрыятычны накірунак, а ўдзельнікамі, апрача запрошаных зь Віцебску і ваколіцаў ахвотных, становяцца выхаванцы Лятчанскай школы-інтэрнату.

Галоўная частка праграмы «Адамаўскага фэсту» ужо традыцыйна праходзіла ў вёсцы Вялікія Лётцы. Дарэчы, назва вёскі даўняя, і яна ўжо страціла сваю актуальнасьць: у суседніх, Малых Лётцах, знаходзіцца і чыгуначная станцыя, і сельскі выканкам, і крамы, а побач — два санаторыі і некалькі дзіцячых лягераў.

На чыгуначнай станцыі гасьцей фэсту і сустракаў ягоны сёлетні ініцыятар, дырэктар Лятчанскай базавай школы Міхаіл Дук. Сустракаў у вобразе таго самага Ўладзімера Адамава, сядзіба якога захавалася ў Вялікіх Лётцах, і дзе ён некалі стварыў сапраўдны батанічны сад.

Аднак па дарозе з Малых у Вялікія Лётцы прысутных чакаў, апрача шпацыру па лесе, яшчэ адзін этап фэсту: назіраньне за птушкамі. «Навуковым кіраўніком» стала старшыня Віцебскага абласнога адзьдзяленьня ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Галіна Захарава.

Галіна Захарава інструктуе назіральнікаў-пачаткоўцаў
Галіна Захарава інструктуе назіральнікаў-пачаткоўцаў


На думку Міхаіла Дука, гэты від адпачынку і турызму, вельмі папулярны ў Эўропе, можа стаць пэрспэктыўным у ў Беларусі:

Міхаіл Дук у вобразе Ўладзімера Адамава
Міхаіл Дук у вобразе Ўладзімера Адамава

«Бёрдвотчынг такі папулярны, што людзі едуць за тысячы кілямэтраў, каб паназіраць за птушкамі, адпачыць у цішы, бо гэты занятак вымагае спакою і засяроджанасьці... Калі ўжо даводзіцца канстатаваць, што ў Беларусі зьнішчана вялікая колькасьць помнікаў архітэктуры, і яны не падлягаюць аднаўленьню, то парадавацца можна за іншае: у нас захавалася цудоўная прырода! У нашай школе мы вырашылі стварыць уласную турыстычную агэнцыю. І нават перамаглі з гэтай ідэяй у конкурсе школьных бізнэс-кампаній. Нам дапамогуць у гэтай справе: зараз наша школа, адзьдзел адукацыі, спорту і турызму мусяць падпісаць дамову зь Віцебскім дзяржуніверсытэтам, нам дапамогуць правільна скласьці 7-8 арніталягічных маршрутаў. Зь цягам часу мы нават зможам зарабляць грошы — прадаваць інфармацыю тым, хто хоча назіраць за птушкамі самастойна. Бо бёрдвотчары — а па-беларуску мы называем іх „птушары“ — ня любяць хадзіць па лесе вялікімі шумнымі кампаніямі і цэлымі экскурсійнымі групамі».


Падчас «Адамаўскага фэсту», па сутнасьці, прайшла апрабацыя самага кароткага з арніталягічных маршрутаў, прапанаваных лятчанскімі аматарамі. І за якую гадзіну ўдзельнікі ўбачылі больш за дзясятак розных птушак, шмат даведаліся пра асаблівасьці існаваньня асобных відаў у Беларусі і канкрэтна ў гэтых мясьцінах.

Тут жывуць ластаўкі
Тут жывуць ластаўкі


А таксама паглядзелі мясцовыя цікавосткі: участак некранутай брукаванкі так званага Кацярынінскага тракту, курган зь вялізным дубам, тэрасы на беразе возера, дзе Ўладзімер Адамаў распрацоўваў пасадкі рэдкіх расьлінаў, сабраўшы ў батанічным садзе сотні дрэваў. Саджанцы прывозілі з Аўстрыі, Францыі Польшчы.

Па брукаванцы
Па брукаванцы

Справа на беразе возера — тэрасы былога батанічнага саду
Справа на беразе возера — тэрасы былога батанічнага саду

Курган
Курган

Аднак у 1920-я гады навукоўцу давялося пакінуць сядзібу, якая дасталася яму ў спадчыну ад маці. Дагэтуль невядома, куды зьнікла багатая бібліятэка, якая належала Адамавым. Значная частка калекцыі рэдкіх расьлін была перавезена ў Віцебскі батанічны сад, а тое, што засталося, было страчана ў гады Другой Сусьветнай вайны. З «адамаўскіх» у Вялікіх Лётцах захаваўся хіба толькі вугорскі бэз, ды яшчэ колькі расьлінаў. Затое непадалёк расьце дуб, якому больш за дзьве сотні гадоў, і які памятае самога Ўладзімера Адамава...

Сядзібны дом
Сядзібны дом
Шыльда на будынку
Шыльда на будынку

Калісьці ў маёнтку была сыстэма сажалак, цяпер засталася адна
Калісьці ў маёнтку была сыстэма сажалак, цяпер засталася адна

Пасьля, у 1946-м годзе, у былым маёнтку Адамава адкрыўся Вялікалятчанскі дзіцячы дом для дзяцей-сірот Вялікай Айчыннай вайны. У 1961-м былі пабудаваныя 2 корпусы, кацельня, сталоўка, і дзіцячы дом быў рэарганізаваны ў санаторную школу-інтэрнат. З 1996 — га году ў Вялікіх Лётцах ізноў існуе дзіцячы дом. Зараз ён месьціцца ў новых будынках. А былы «панскі дом», як называюць сядзібу Адамава вяскоўцы, ужо доўгі час пустуе. Двухпавярховы будынак захоўвае веліч правінцыйнай шляхетнасьці, але паціху прыходзіць у заняпад.

Самыя цікаўныя
Самыя цікаўныя


Сёлета «адамаўскі» будынак прыдбаў гаспадара. Дакладней, гаспадар прыдбаў яго за сымбалічныя грошы, каб аднавіць пад уласнае жытло. Праўда, цягам году гаспадара ў Вялікіх Лётцах ня бачылі, і прыкметаў рамонту няма.

Пасьля «экскурсіі да птушак» на падворку школы-інтэрната прайшлі заняткі па лэнд-арту — практыцы дэкаратыўных вырабаў з розных прыродных матэрыялаў. Гасьцям фэсту прапанавалі падсілкавацца дранікамі і блінцамі.

Лэнд-арт. «Яйка і птушаняты»
Лэнд-арт. «Яйка і птушаняты»



А потым пачаліся забавы: «Сьпеўны сход» пад кіраўніцтвам Сержука Маркава, віцебскага пераемніка традыцыі пачынальніка гэтай справы, Сержука Доўгушава, і канцэрт групы «Re1ikt»

Удзельнікі «Сьпеўнага сходу» — выхаванцы школы-інтэрнату
Удзельнікі «Сьпеўнага сходу» — выхаванцы школы-інтэрнату

Кіруе сьпевамі Сяржук Маркаў
Кіруе сьпевамі Сяржук Маркаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG