Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым палягае пазыцыя Эўразьвязу адносна Беларускай АЭС


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Адказны за энэргетыку ЭЗ эўракамісар Мараш Шэфчавіч наведаў Літву. Падаецца, што адной з галоўных мэтаў гэтага візыту было фармуляваньне пазыцыі Эўразьвязу датычна Астравецкай АЭС. Літоўцы нават паднялі яго на паветраным шары, каб з вышыні паказаць яму станцыю.

Як вядома, Літва заклікае ЭЗ праявіць салідарнасьць і забараніць на ўзроўні ЭЗ імпарт электраэнэргіі зь Беларускай АЭС. У красавіку 2017 году літоўскі Сэйм прыняў рашэньне абмежаваць імпарт электраэнэргіі зь Беларускай «і іншых небясьпечных АЭС трэціх краін». Нядаўна Польшча заявіла, што далучыцца да гэтай ініцыятывы Літвы.

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце сказала падчас перамоваў з эўракамісарам, што пытаньне зь Беларускай АЭС — «гэта ня толькі энэргетыка, ня толькі электраэнэргія, але і пытаньне нацыянальнай бясьпекі».

Аднак у эўракамісара пазыцыя трохі іншая. Ён сказаў:

Няясна, ці дапамогуць забароны на імпарт атамнай электраэнэргіі забясьпечыць больш высокія стандарты бясьпекі на АЭС па-за межамі Эўразьвязу.

«Вельмі цяжка кантраляваць характар электраэнэргіі,якая імпартуецца — з тэхнічных прычын. У ЭЗ нельга забараніць імпартаваць атамную энэргію, паколькі гэта супярэчыць прынцыпам унутранага энэргетычнага рынку. Забарону на імпарт электраэнэргіі з атамных станцый з краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ, трэба ацаніць з улікам палажэньняў Усясьветнай гандлёвай арганізацыі». На яго думку, няясна, ці дапамогуць забароны на імпарт атамнай электраэнэргіі забясьпечыць больш высокія стандарты бясьпекі на АЭС па-за межамі Эўразьвязу.

Зь іншага боку, сп. Шэфчавіч, выступаючы ў літоўскім парлямэнце, сказаў:

«Вельмі важна, каб былі праведзеныя адпаведныя стандартам ЭЗ стрэс-тэсты ў самых неспрыяльных умовах. Бяз гэтых тэстаў мы ня можам размарозіць гэты энэргетычны дыялёг зь імі, і гэта, без сумневу, абмяжоўвае нашы магчымасьці супрацоўнічаць зь Беларусьсю».

Пытаньне, што рабіць з электраэнэргіяй, якая будзе выпрацавана на АЭС, стаіць на парадку дня, яно ня вырашанае.

Нагадаю, што ў ходзе апытаньня Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага 48,6% беларусаў сказалі, што адмоўна ставяцца да будаўніцтва БелАЭС. Амаль 40% рэспандэнтаў асьцерагаюцца, што атамная электрастанцыя можа быць небясьпечнай, яшчэ 9,5% лічаць, што яна не акупіцца. Толькі чацьвёртая частка рэспандэнтаў перакананыя ў надзейнасьці й прыбытковасьці праекту.

Цыганкоў: Тэма беларускай АЭС па-ранейшаму застаецца даволі рэзкай і праблемнай у адносінах Беларусі і Літвы. І пытаньне якраз пра тое, наколькі Літве ўдасца перацягнуць на свой бок іншых прадстаўнікоў Эўразьвязу. Апошнія падзеі паказваюць, што пэўныя посьпехі ў гэтым ёсьць. Пытаньне бясьпекі беларускай АЭС становіцца пытаньнем ня толькі двухбаковых адносін, а адносін Беларусі і Эўразьвязу. На дадзены момант гэта можна лічыць дыпляматычным посьпехам Літвы, бо калі пратэставала адна яна, гэта выглядала зразумелым пратэстам суседняй дзяржавы, паколькі АЭС знаходзіцца за 50 км ад Вільні. Але разам з тым Беларусь магла адносна спакойна рэагаваць на гэта. Цяпер, калі да справы падключаецца Брусэль, эўракамісары, гэтае пытаньне набывае іншую вагу.

Менск так ці інакш зацікаўлены ў тым, каб праблема пабудовы АЭС ня стрымлівала разьвіцьцё стасункаў Беларусі і Літвы, Беларусі і Эўразьвязу.

Пакуль мы ня бачым афіцыйнай зьмены пазыцыі Беларусі, але Менск так ці інакш зацікаўлены ў тым, каб праблема пабудовы АЭС ня стрымлівала разьвіцьцё стасункаў Беларусі і Літвы, Беларусі і Эўразьвязу. Натуральна, тое, што Літва ўзьняла гэтае пытаньне на міжнародны і рэгіянальны ўзровень, не ў інтарэсах Менску, але цяпер яму прыйдзецца неяк рэагаваць. Нягледзячы на тое, што беларусы ў цэлым нэгатыўна ставяцца да АЭС, што была даволі моцная кампанія ў СМІ і апазыцыі, грамадзкіх арганізацыях, якія заклапочаныя экалягічнай і чарнобыльскай тэматыкай, усё-ткі рашэньне было прынятае і будаўніцтва пачалося. Як калісьці мне казаў у інтэрвію адзін з актывістаў кампаніі Варонежцаў, мы ўсё-ткі гэтую тэму прайгралі, і гэта вельмі сумна. Відаць, сапраўды ўжо пытаньне пра спыненьне будаўніцтва немагчымае, улічваючы тыя грошы, якія ўкладзеныя, і той узровень, які ўжо ёсьць. Так што цяпер афіцыйнаму Менску давядзецца сканцэнтравацца на пытаньні бясьпекі. Але ўжо ня ўдасца адмахвацца ад Літвы, як раней, і можна чакаць, што ўсё больш міжнародных інспэкцый і зацікаўленых асобаў будуць прыяжджаць на будоўлю АЭС. І гэта можна лічыць станоўчым крокам для беларускага грамадзтва, бо ня толькі Літва, а самі беларусы зацікаўленыя ў тым, каб гэтая АЭС была бясьпечнай і ўсе стадыі яе будаўніцтва праходзілі пад міжнародным кантролем.

Глод: Тое, што будаўніцтва Беларускай АЭС ужо не спыніць, разумеюць і літоўскія ўлады. Ім няма каму скардзіцца. Зьвяртацца ў МАГАТЭ, падобна, бессэнсоўна. Там сваё атамнае лобі. Яно гэтых скаргаў не ўспрымае.

Таму афіцыйная Вільня спрабуе пераключыць увагу на бясьпеку Астравецкай АЭС і падключыць да гэтага ўвагу Эўразьвязу. Як казалі мае калегі, пэўныя посьпехі тут ужо ёсьць.

Прэзыдэнт і міністар энэргетыкі Літвы пераконваюць і насельніцтва сваёй краіны, і эўрапейскую супольнасьць у тым, што імкненьне Літвы байкатаваць электраэнэргію з Астраўца зьвязанае з інтарэсамі нацыянальнай бясьпекі.

Але ёсьць і яшчэ адзін, трэці фактар Астравецкай АЭС — хто будзе купляць выпрацаваную ёй электраэнэргію? Таму літоўскія ўлады спрабуюць забясьпечыць блякаду электраэнэргіі з АЭС. Але на які рэгіён можа распаўсюдзіцца такая забарона? На саму Літву? Так, гэта магчыма. Пра гэта і заявіў днямі прэм’ер краіны Саўлюс Сквярняліс. Ён кажа, што дзяржава гарантуе: электраэнэргія зь небясьпечных станцый ня трапіць у Літву.

Але як да гэтага паставяцца іншыя краіны, найперш суседзі? Эстонія падтрымлівае гэтыя захады. Спробы перацягнуць на свой бок Латвію не даюць плёну. Латвія — традыцыйны канкурэнт Літвы ў эканамічных дачыненьнях зь Беларусьсю. Асабліва гэта тычыцца марскіх перавозак калію ды іншых грузаў морам зь Беларусі. Таму, я думаю, літоўцам цяжка будзе знайсьці паразуменьне са сваімі бліжэйшымі суседзямі.

Пакуль жа прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце і міністар энэргетыкі Жыгімонт Вайчунас пераконваюць і насельніцтва сваёй краіны, і эўрапейскую супольнасьць у тым, што імкненьне Літвы байкатаваць электраэнэргію з Астраўца зьвязанае з інтарэсамі нацыянальнай бясьпекі. І такая забарона ня будзе супярэчыць правілам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, у чым ня ўпэўнены, як ужо адзначаў Валер Карбалевіч, эўракамісар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG