Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары вёскі пад Магілёвам сабралі грошы для знака ў гонар Багдановіча


Памятны знак Багдановічу

Памятны знак у гонар Максіма Багдановіча паставяць у прыгарадным магілёўскім пасёлку Малая Бароўка. Выраблены ён на сродкі жыхароў і зь іхнай ініцыятывы.

На ўскрайку Малой Бароўкі ёсьць вуліца і завулак, названыя імем беларускага клясыка. На іх скрыжаваньні і плянуюць усталяваць камень з мармуровай шыльдай, на якой высечаны ўрывак з Багдановічавай «Пагоні». На шыльдзе адзначана, што памятны знак выраблены да 125-годзьдзя Багдановіча на сродкі жыхароў пасёлку.

Вуліца і завулак, акрамя назвы, ад іншых пасялковых вулак нічым адметным не вылучаюцца. Забудаваныя яны пераважна дыхтоўнымі катэджамі.

«Людзі з ахвотай давалі грошы. Многія адзначалі, што ініцыятыва годная — маўляў, што гэта за вуліца такая, калі няма памятнага знаку пра чалавека, імем якога яна названая», — кажа адзін з ініцыятараў ўсталяваньня памятнага знаку Ўладзімер Пухоўскі.

Уладзімер Пухоўскі
Уладзімер Пухоўскі

Па яго словах, некаторыя з тых, хто ахвяраваў сродкі, прызнаваліся, што раней і не зьвярталі ўвагі на назву вуліцы.

Па словах Уладзімера Пухоўскага, памятны знак Багдановічу паставяць, як зьявяцца тэхнічныя магчымасьці.

Сёлета карэспандэнт Свабоды наведаў Малую Бароўку і пагутарыў з пасялкоўцамі пра тое, што яны ведаюць пра Багдановіча і чым жыве Багдановічава вуліца ды завулак.

«Ды хоць бы сапраўды дошку якую са зьвесткамі пра Багдановіча павесілі, каб людзі ведалі. Мо і традыцыя запачаткавалася б — на дзень народзінаў паэта адзначаць Дзень вуліцы, — казаў адзін з суразмоўцаў карэспандэнта. — Моладзь жа ня ведае, хто Багдановіч такі. Пакуль у школе, дык вершы вучаць, а пасьля нікога яны не цікавяць».

Вуліца імя Багдановіча немалая — пад два кілямэтры. Ніводнай беларускамоўнай шыльды на паўсотні тутэйшых дамоў пабачыць не давялося. Не знайшлося месца беларускай мове і ў завулку імя Багдановіча. Па сваёй даўжыні ён не саступае аднайменнай вуліцы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG