Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве ўспомнілі Максіма Багдановіча


Партрэт Максіма Багдановіча з музэйных фондаў
Партрэт Максіма Багдановіча з музэйных фондаў

У Магілёве мастацкі музэй імя Паўла Масьленікава зладзіў вечарыну ў памяць пра клясыка беларускай культуры Максіма Багдановіча.

Імпрэза, прымеркаваная да гадавіны сьмерці паэта, прайшла з аншлягам. На ёй чыталі вершы, слухалі песьні на словы Багдановіча, гаварылі пра няпросты жыцьцёвы шлях самога літаратара і ягоных крэўных. Музэй выставіў экспазыцыю партрэтаў Багдановіча з сваіх фондаў.

«Багдановіч — гэта творца вялікага таленту і мой самы ўлюбёны майстра беларускага слова. Ён прыклад адданай любові да радзімы і любові наагул», — сказала ў інтэрвію Свабодзе намесьнік дырэктара музэю Сьвятлана Строгіна.

«У маім уяўленьні асоба Багдановіча сьветлая ды сонечная, — кажа яна. — Я ведаю ягоныя вершы і чытаю іх з асалодаю, з задавальненьнем сьпяваю песьні, напісаныя на гэтыя вершы».

Міхась Булавацкі, былы выкладчык унівэрсытэту імя Куляшова, на вечарыне чытаў Багдановічаў санэт «Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі». Настаўнік матэматыкі перакананы, што творчасьць Багдановіча яшчэ крые ў сабе загадкі, хоць і ўклалася пры ягоным жыцьці ў невялікі зборнік вершаў — «Вянок».

«Максіма Багдановіча я стаўлю нават вышэй за Купалу і Коласа, — казаў Міхась Булавацкі. — Адарваны зь пяці гадоў ад роднага краю, пры абыякавым стаўленьні бацькоў да беларускай мовы і нягледзячы на гэта, ён стаў выбітным паэтам нашай краіны. Гэта ўнікальны выпадак у гісторыі».

Самая юная ўдзельніца вечарыны Тацяна Турандзіна, адна з трох вучаніц клясы зь беларускай мовай навучаньня, таксама чытала вершы Багдановіча.

Музэй імя Паўла Масьленікава
Музэй імя Паўла Масьленікава

Да арганізацыі вечарыны спрычынілася суполка Таварыства беларускай мовы. Фірма «Cukerki.by» выдзеліла для выступоўцаў салодкія прэзэнты.

Імя Багдановіча ў Магілёве ўвекавечана ў назьве вуліцы і завулка. Яны на ўскрайку прыгараднага пасёлку Малая Бароўка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG