Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што і як чалавек станавіўся ваўком?


Тут і далей у тэксьце — карціны з ваўкамі польскага мастака Альфрэда Яна Максіміліяна Веруша-Кавальскага
Тут і далей у тэксьце — карціны з ваўкамі польскага мастака Альфрэда Яна Максіміліяна Веруша-Кавальскага

Пярэваратніцтва — ператварэньне чалавека ў іншыя істоты — адзін з улюбёных матываў у міталёгіях шматлікіх народаў сьвету. Звышнатуральныя сілы маглі ператвараць людзей у любыя істоты, часьцей за ўсё ў жывёлаў, і звычайна ў якасьці пакараньня. Гэты матыў у беларускай традыцыі пераважна прадстаўлены ператварэньнем чалавека ў ваўка. Не магла яго абысьці нават літаратура. Вось як уяўляў гэтага пэрсанажа Янка Купала:

«Як зьмеркне, як ноч дзень зваюе
І зораў паявіцца знак,
Па нівах, па сёлах шнуруе
Туды і сюды ваўкалак.

У поўнач на пні і на сталі
Зьнімае, ўзьдзявае свой від;
Ня кеміць ні крыўды, ні жалю,
Ні наспаў магільных, ні пліт... »

А як яго ўяўлялі паспалітыя беларусы? Чаму менавіта ваўкалак у беларускім фальклёры найбольш папулярны? Зрэшты, хто і за што, паводле народных уяўленьняў, ператвараў чалавека ў ваўка? А мо нават і на ўласную волю і ахвоту чалавек улазіў у воўчую скуру? Пра ваўкалака ў беларускай міталёгіі мы і размаўляем сёньня з этнолягам Цімафеем Авіліным.

— Цімафей, чаму ў беларускай міталёгіі менавіта ў ваўка найчасьцей адбываецца ператварэньне? На якім грунце — на якіх вераваньнях, уяўленьнях, жыцьцёвых назіраньнях — паўстаў у беларускай міталёгіі гэты матыў? Чаму ваўкалак стаў такім папулярным пэрсанажам?

— Ператварэньні ў розных жывёлаў і прадметы вядомыя і па-за вераваньнямі пра ваўкалака. Да прыкладу, кажуць, што ведзьмы могуць ператварацца ў жабаў і розных гадаў, у легендах і казках розныя людзі ператвараюцца ў камяні, дрэвы, кветкі або ў чарадзейных жывёл. Але менавіта для ваўкалакаў называюцца канкрэтныя спосабы ператварэньня, чаго амаль не сустракаецца ў іншых вераваньнях. Прычым гэтыя спосабы настолькі добра і падрабязна апісаныя, што зьяўляецца адчуваньне іх рэальнасьці і натуральнасьці, нібыта суседзтва на вёсцы з чарадзеем-ваўкалакам — звычайная рэч.

— Як людзі трактавалі ваўка? Чаму менавіта яго абралі ў якасьці, так бы мовіць, асновы для новай істоты?

— Гэта вельмі добрае пытаньне, на якое, відаць, усё ж няма дакладнага адказу. Паводле адных традыцыйных уяўленьняў, воўк — істота, створаная Богам для падтрымкі сіротаў-пастушкоў, а паводле іншых — ажыўлены Богам «сабака» чорта. У побытавым пляне ваўкі — канкурэнцыя чалавеку і непасрэдная небясьпека свойскай жывёле, а зь іншага боку — прыклад арганізаванасьці і кемлівасьці. У гістарычным пляне ёсьць фіксацыі апрананьня воўчых скураў старажытнагерманскімі воінамі. А ўжо ў фіксацыях этнографаў і фальклярыстаў XIX–XXI стагодзьдзяў у некаторых рэгіёнах Беларусі маску ваўка выкарыстоўвалі на Каляды.

— У міталёгіі людзі на ўласнае жаданьне, так бы мовіць, добраахвотна прымалі вобраз ваўка? Ці пад прымусам, за нейкія грахі?

— Як правіла, вядомыя абодва варыянты. У адным выпадку сам чалавек, часьцей за ўсё чарадзей, становіцца ваўком, у другім — чарадзей або жанчына, якая незалюбіла пасынкаў або зяця, накладае на іх розныя чары, і яны ператвараюцца ў ваўкоў.

— І дзеля чаго, зь якімі мэтамі чалавек добраахвотна ператвараецца ў ваўка?

— Дзеля жарту можна сказаць, што дзеля той самай прычыны, чаму гэта робяць і сучасныя «пярэваратні ў пагонах». Хаця і тут цікава, як народныя традыцыйныя ўяўленьні трансфармаваліся ў сучасныя гарадзкія. Часьцей чарадзеі ператвараліся ў ваўкоў, каб красьці быдла ў сваіх жа суседзяў — так бы мовіць, адабраць у суседа «лішак», бо валодалі пэўнымі чарадзейнымі здольнасьцямі. Вось, да прыкладу, можна яшчэ пачуць:

«На Купала былі такія людзі, што хочаш маглі з табой зьдзелаць. Паругаліся сусед з суседам, а адзін быў вядзьмак, дак ён свайго суседа ваўком зрабіў».

— Якімі здольнасьцямі валодалі ваўкалакі-чараўнікі? І наколькі злавеснымі?

— Такіх казачных здольнасьцяў, як паказваюць у фільмах кшталту «Ван Гэльсінг», у тутэйшых ваўкалакаў асабліва не фіксуецца, бо для простага чалавека разуменьне таго, што нехта мог стаць ваўком — ужо незвычайная здольнасьць. Хіба што можна пазначыць, што такія ваўкі маглі быць большыя памерамі за звычайнага ваўка.

Цімафей Авілін у часе экспэдыцыі з адной са сваіх інфармантак
Цімафей Авілін у часе экспэдыцыі з адной са сваіх інфармантак

— Ваўкалак-чараўнік перадусім адносіцца да нячыстай сілы — ці да чалавека з звышнатуральнымі здольнасьцямі?

— На гэтае пытаньне ў народу сваё меркаваньне: хтосьці кажа, што ваўкалакі — нячыстая сіла і змагацца зь імі трэба адпаведна, некаторыя — што гэта людзі з звышнатуральнымі здольнасьцямі. Нават цяпер сустракаюцца людзі старога веку, якія расказваюць, што бачылі тых пакоцаных людзей, што былі калісьці ваўкалакамі. Такое можна пачуць:

«Ваўкалак. З чалавека робіцца воўкам пасьля сьмерці. У жыцьці гэты чалавек зь нячыстаю сілаю знаўся».

— А ці былі ваўкалакі вампірамі?

— Для традыцыйных беларускіх вераваньняў падобныя ўяўленьні не характэрныя зусім. Хіба што вядомы адзінкавы запіс, калі ваўкалак п’е кроў чалавека. Падобны вобраз ваўкалака-вупыра або вупыра — хадзячага нябожчыка больш характэрны для паўднёваславянскай традыцыі.

— А калі чараўнікі ператваралі людзей у ваўкоў, зь якіх прычын яны гэта рабілі? І каго найперш ператваралі?

— Часьцей кажуць, што чарадзей можа ператварыць вясельны поезд у ваўкалакаў за тое, што яны не запрасілі яго на сьвяткаваньне. У іншых выпадках у ролі такой «чараўніцы» выступае мачыха або цешча, якая незалюбіла пасынкаў або цесьця і хоча пазбавіцца ад іх. Тады яна магла накласьці закляцьце на якую-небудзь рэч, чалавек яе надзене або зьесьць — і стане ваўком.

— Чаму дзяцей? Бо бацькоў ня слухаліся?

— Бацьку слухаліся, а мачыха не любіла пасынкаў. Вось як распавядае адна інфармантка:

«Мачеха була да спекла пірога. Занесла ў хатку. Хаділі на ахоту, пáсынки туды́ зашоў туды, да зрабілісь воўкáмі. Ходят ле сёл. Наделі [шкуры]. Порабілись не ты́е, шо её пáсынки, а сыны́ её радны́е апереди́ли. Волкалáками паделались. З’ели той пірог».

Заўважце, падобны сюжэт даволі распаўсюджаны і, відаць, адпавядае тагачаснай рэальнасьці. Дарэчы, цікава, што жанчыны не станавіліся ваўкалакамі, за вельмі рэдкімі выключэньнямі. Затое часьцей яны выступаюць такімі злоснымі асобамі, якія спрабуюць зьвесьці з гэтага сьвету пасынкаў або цесьця.

— Вы ўзгадалі, што ператваралі цэлае вясельле ў ваўкоў. Чаму менавіта вясельле? Якім чынам?

— Апісваюць, што сваты, жаніх, нявеста не запрасілі на вясельле суседа-чараўніка, вось за тое ён і накладае закляцьце на іх усіх, каб яны бегалі ваўкамі нейкі час. Так бы мовіць, за нанесеную яму маральную крыўду. Вось адзін з такіх запісаў, зроблены на Палесьсі:

«Бацько мой расказывав. Музыканту нэ понаравылось шо-то на вэсіллі, і он прэвраціў сватов в вовков: як нэ співаете, то выйтэ! И оны разбігліся. Сталы его просыты хозяева, шчоб зноў зробіў людямы. Он зноў зделал их народом».

На жаль, падрабязныя апісаньні не падаюцца. Але кажуць, што як едзе вясельле, дык сустракаюць на дарозе гэтага чарадзея, які і ператварае іх у ваўкоў.

Язэп Драздовіч. “Усяслаў Полацкі ў парубе пад палатамі кіеўскага князя”. Паводле легендаў, Усяслаў Брачыславіч -- князь полацкі (1044—1068 і 1071—1101) і вялікі князь кіеўскі (1068—1069) -- быў здольны пераварочвацца ў зьвяроў і птушак, у тым ліку, і ў ваўка. Матыў князя-пярэваратня шматкроць выкарыстоўваўся ў літаратуры і мастацтве ХХ стагодзьдзя
Язэп Драздовіч. “Усяслаў Полацкі ў парубе пад палатамі кіеўскага князя”. Паводле легендаў, Усяслаў Брачыславіч -- князь полацкі (1044—1068 і 1071—1101) і вялікі князь кіеўскі (1068—1069) -- быў здольны пераварочвацца ў зьвяроў і птушак, у тым ліку, і ў ваўка. Матыў князя-пярэваратня шматкроць выкарыстоўваўся ў літаратуры і мастацтве ХХ стагодзьдзя

— Якім чынам, якімі спосабамі адбывалася ператварэньне чалавека ў ваўка? Ці аднолькава гэта адбывалася і ў тых, хто добраахвотна ператвараўся ў ваўка, і ў тых, каго прымусілі гэта зрабіць?

— І вось тут ёсьць свая асаблівасьць у абодвух выпадках. У ваўкалака-добраахвотніка заўжды ёсьць магчымасьць самому вярнуцца ў папярэдні стан: утыкалі ў зямлю або пень нажы, калкі, празь якія скакалі пэўную колькасьць разоў, і такім чынам станавіліся ваўком. Але была й небясьпека: калі хто выцягне хоць адзін такі калочак або нож, дык у таго чалавека-пярэваратня заставаўся ваўчыны хвост. У выпадках, калі мы кажам пра ваўкалакаў-ахвяраў, іх закляцьце, як правіла, адбывалася празь нейкую страву, вопратку, хамут. І тут ужо чалавек сам ня мог вярнуць сабе былое аблічча і мусіў або чакаць пэўны час, пакуль пройдзе закляцьце, або прасіць дапамогі ў абазнаных людзей.

— Як паводзілі сябе ваўкалакі-ахвяры?

— Ваўкалакі, яны ж як людзі... Калі чалавек злы, дык і ў ваўчыным стане будзе такім. Як, да прыкладу, злыя чараўнікі, якія кралі быдла. Калі чалавек добры і ён ахвяра, дык будзе пакутаваць гэты час, скуголіць, плакаць, імкнуцца вярнуцца да людзей і сям’і, знайсьці падтрымку там.

— Як я разумею, яны перадусім захоўвалі звычкі і паводзіны чалавека?

— Захоўваць звычкі чалавека ў стане ваўка, відаць, складана. А вось мець нейкую чалавечую мэнтальнасьць — так. Таму й ня елі сырога мяса разам зь іншымі ваўкамі. А часам сапраўдныя ваўкі нават не прымалі такога пярэваратня-ахвяру, вось ён і бадзяўся самотна па лесе:

«Пойдуць людзі малаціць, а ён [ваўкалак] прідзець к гумну ды па-воўчаму выіць. Людзі выдуць, цэпам адгоняць яго, ён пойдзя, паходзя-паходзя — зноў пад вароты, і лезя ў двор».

— Людзі баяліся ваўкалакаў ці сябравалі зь імі? Мо спачувалі ім? Дапамагалі?

— Так, безумоўна баяліся, бо гэта ў кожным разе нейкая істота, якая дакранулася да іншага сьвету. Звычайныя сяляне баяліся, але тыя, хто ведаў, — не, і нават маглі ім дапамагаць. Да прыкладу, калі такі знахар бачыў ваўкалака-ахвяру, дык мог запрасіць у хату, правесьці зь ім нейкі рытуал, і той вяртаў чалавечае аблічча. Аналягічна, калі ваўкалака-добраахвотніка трэба было прызнаць вінаватым у крадзяжы, такі чарадзей мог прапанаваць выцягнуць калочак або нож, каб у ваўкалака пасьля вяртаньня ў чалавека застаўся хвост.

— Міталёгія назапасіла вялікі арсэнал выяўленчых сродкаў для апісаньня ваўкалакаў. Напэўна ж, ці нават перадусім, і для зьнешняга выгляду чалавека-ваўка. Як ён выглядаў? Як мог выглядаць? Ці ёсьць нешта прыкметнае ў ягоным вонкавым выглядзе?

— Што цікава, ніякіх звышнатуральных апісаньняў няма. Як правіла, ваўкалак — звычайны воўк, часам можа быць большым за звычайнага ваўка. Калі гэта закляты ў часе вясельля сват, тады на скуры можа быць белая палоска (як сьлед ад ручніка), або на ваўку можа быць ягоная падраная старая вопратка.

— Ці доўга ахвяра заставалася ў вобразе ваўка? Назад — з ваўка ў чалавека — можна было ператварыцца? За якія заслугі? Калі і як адбывалася вяртаньне чалавечага аблічча?

— У выпадку ваўкалака-добраахвотніка час вяртаньня залежаў ад пажаданьняў самога чарадзея. А вось ваўкалакам-ахвярам было складаней — у такім абліччы яны маглі бегаць тры, пяць, а то і сем гадоў, або пакуль нейкі чалавек, які ведае, як гэта зрабіць, не дапаможа ім зьняць закляцьце.

— Ці заставаліся ў такога чалавека адзнакі, прыкметы вобраза ваўка? Мо зьнешнія? Мо ў паводзінах?

— Так, безумоўна. Пабыўшы ваўком, відаць, шмат чаго зьведаеш і перажывеш... (Сьмяецца.) А калі сур’ёзна адказваць на ваша пытаньне, то людзі верылі, што такія людзі маглі станавіцца замкнёнымі або набывалі здольнасьці прароцтва. У такіх людзей маглі застацца шнары ад былога ваўчынага жыцьця.

Паляваньне на ваўкоў князя Гераніма Радзівіла і апошняга прэзыдэнта міжваеннай Польшчы Ігнацыя Масьціцкага. 1930-я гады
Паляваньне на ваўкоў князя Гераніма Радзівіла і апошняга прэзыдэнта міжваеннай Польшчы Ігнацыя Масьціцкага. 1930-я гады

— Часам яшчэ, па вёсках найперш, можна пачуць слова «ваўкалак» як характарыстыку канкрэтнага чалавека, не ў зьвязку зь міталёгіяй. Якія рысы міталягічнага пэрсанажа пераносяцца на чалавека? Якая тут сэнсавая повязь?

— Як правіла, ваўкалакам клічуць або злога чалавека, або вельмі замкнёнага, дзіклівага. Повязь сэнсавая, мусіць, у тым, што ваўкалак (і ахвяра, і добраахвотнік) ходзіць заўсёды адзін і ня можа размаўляць зь людзьмі — падобныя паводзіны сустракаюцца і ў простых людзей.

— У якіх рэгіёнах Беларусі былі пашыраныя вераваньні ў ваўкалакаў?

— Як паказвае картаграфаваньне, такі пэрсанаж сустракаецца па ўсёй Беларусі. У некаторых рэгіёнах апісаньні больш багатыя і яскравыя, у іншых — ужо памятаюць толькі назву. На захадзе Беларусі і ў Заходнім Палесьсі вельмі папулярны матыў «заклятага вясельля». На маю думку, запісаць пра ваўкалакаў яшчэ і цяпер можна, толькі трэба часьцей запытвацца ў апошніх, так бы мовіць, беларускіх вясковых магіканаў.

— І ці яшчэ ёсьць людзі, якія ў ваўкалакаў вераць?

— Думаю, што гэта людзі ва ўзросьце да 6 гадоў, і потым ужо пасьля 80. Так, ёсьць нават леташні запіс, калі інфармантка казала, што сама бачыла такога ваўкалака, толькі ўжо ў абліччы чалавека.

Цімафей Авілін і Вячаслаў Ракіцкі
Цімафей Авілін і Вячаслаў Ракіцкі

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG