Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нярэдка і журналісты, і публіка ўспрымаюць тую або іншую падзею як сэнсацыю, як паказчык новай тэндэнцыі, трэнду. Між тым часта выяўляецца, што ўсё гэта было, было, было. Гэта датычыць і дадзеных сацыялягічных апытаньняў. Вельмі часта яны адпавядаюць — або здаецца, што адпавядаюць — выслоўю біблійнага Эклезіяста — няма нічога новага пад сонцам. Асабліва гэта справядліва ў выпадку, калі гаворка ідзе пра погляды людзей на сьвет, на месца ў сьвеце іх краіны. Ацэнкі свайго матэрыяльнага жыцьця мяняюцца даволі дынамічна, геапалітычныя прыярытэты — значна менш.

Гэта пацьвярджаецца дадзенымі красавіцкага 2017 году апытаньня Беларускай аналітычнай майстэрні (БАМ), апублікаванымі на мінулым тыдні. Згодна з апытаньнем у сытуацыі выбару паміж саюзам з Расеяй і Эўразьвязам першаму аддаюць перавагу амаль дзьве траціны апытаных, другому — 15%. Пры гэтым суадносіны адказаў практычна не зьмянілася ў параўнаньні са сьнежнем мінулага году.

Аднак ранейшыя публікацыі БАМ паказваюць, што нязьменнасьць захоўвалася на працягу значна большага часу (Гл. тут: Графік 11). Як бачна з гэтых дадзеных, суадносіны геапалітычных «вагаў» не мяняліся практычна з часу далучэньня Крыму да РФ, з сакавіка 2014 году. Невялікая флюктуацыя назіралася толькі ў лістападзе 2014 году. На першы погляд, дзіўная стабільнасьць. У гэты часовы інтэрвал уклаліся і вайна ў Данбасе, і нармалізацыя адносінаў паміж Беларусьсю і ЭЗ, і букет вострых палітыка-эканамічных канфліктаў з Расеяй у 2016-2017 гадах, і міграцыйны крызіс у ЭЗ, і Брэкзыт.

А паўплывала на дынаміку геапалітычных прэфэрэнцыяў па сутнасьці толькі адно — Украіна. Паводле апытаньняў БАМ (Гл. тут: Графік 7) у 2013 годзе геапалітычныя прыярытэты беларусаў былі таксама досыць стабільныя, але на іншым узроўні: доля тых, хто аддаваў перавагу саюзу з РФ, складала ў сярэднім на працягу году 53%, доля прыхільнікаў эўраінтэграцыі Беларусі — у сярэднім 29%. Пасьля сакавіка-траўня 2014 году яны стабілізаваліся на новым узроўні, колькасьць прыхільнікаў саюзу з Расеяй прыкладна на 10 працэнтных пунктаў вырасла, на столькі ж зьменшылася і доля тых, хто за «Беларусь — у Эўропу».

Вельмі павучальнае супадзеньне тэндэнцыяў, выяўленых у апытаньнях як БАМ, так і НІСЭПД. НІСЭПД задаваў крыху іншае пытаньне наконт выбару паміж інтэграцыяй з Расеяй і ЭЗ, але зьмена трэнду у апытаньнях інстытуту была зафіксаваная дакладна такая самая, як і ў БАМ: у сярэднім доля арыентаваных на саюз з Расеяй у 2014-2016 гадах павялічылася ў параўнаньні з 2013 годам дакладна на тыя самыя 10 працэнтных пунктаў, адпаведна настолькі ж зьменшыліся праэўрапейскія настроі.

Прычына гэтага зруху ў геапалітычных арыентацыях — у ацэнках таго, што адбылося ва Ўкраіне ў 2014 годзе. Далучэньне Крыму да РФ расцэньвалі як правамерныя і апраўданыя дзеяньні прыкладна дзьве траціны апытаных у апытаньнях БАМ пачынаючы зь верасьня 2014 году (Гл. тут: Графік 3). Менавіта столькі ж і гэтак сама ацэньвалі гэтыя дзеяньні і падчас красавіцкага 2017 году апытаньня БАМ.

Фігуральна кажучы, новы, больш прарасейскі геапалітычны трэнд, які пачаўся зь вясны 2014 году — бонус Расеі за яе рацыю. Зьвяртае на сябе ўвагу і блізкасьць паказчыкаў: дзьве траціны — за саюз з Расеяй і столькі ж — за тое, што Расея з Крымам мела рацыю. Аднак варта адзначыць, што эфэкт «Крымнашу» аказаўся хоць і значным, але абмежаваным і без тэндэнцыі да паглыбленьня.

Плюс 10 працэнтных пунктаў за саюз з Расеяй з траўня 2014 па красавік 2017 у параўнаньні з 2013 годам — гэта цэлых 10 пунктаў, але і ўсяго 10 пунктаў. А далей — ні назад ні наперад.

Ці вынікае ў масавай сьвядомасьці з таго, што Крым «і наш», што і зь Беларусьсю Расеі варта было б паступіць гэтак сама? А вось гэта не. Што такое ЭЗ, у якім частка беларусаў хацела б бачыць сваю краіну, больш-менш зразумела. Для большасьці беларусаў, праўда, ня вельмі вядома, але збольшага зразумела — і Літва там, і Польшча там, прыкладна ясна, што гэта такое. Што такое саюз з Расеяй, за які выступаюць двое з трох беларусаў — гэта, наогул кажучы, можа азначаць вельмі розныя рэчы. Фармальна і СНД — нейкі саюз з Расеяй, і ператварэньне Беларусі ў суб’ект Расейскай Фэдэрацыі — таксама саюз.

У сьнежаньскім 2016 году і красавіцкім 2017 году апытаньнях БАМ задавалася ўдакладняючае пытаньне. І ў адказах на яго рэспандэнты прадэманстравалі нават большую салідарнасьць, чым у адказах на абстрактнае пытаньне пра саюз з РФ альбо сяброўства ў ЭЗ. Больш за 70% абралі варыянт адказу «незалежныя, але прыязныя краіны, бязь візаў і мытняў». 6-7% аддалі перавагу крайняму варыянту — візы, закрытыя межы, мытні. Іншую крайнасьць — банальнае ўваходжаньне Беларусі ў РФ — выбралі таксама нямногія.

Больш апытаных — 13% — аддалі перавагу даволі загадкаваму варыянту, прапанаванаму сацыёлягамі — «трэба аб’яднацца ў адну саюзную дзяржаву». Гэта як? Зноў жа, фармальна кажучы, РБ і РФ у нейкай саюзнай дзяржаве з пачатку стагодзьдзя і знаходзяцца. Дык як бы ўжо і аб’ядналіся.

Асабліва дзіўны такі прапанаваны варыянт у якасьці альтэрнатывы як уступленьню ў РФ, так і статусу незалежных, але прыязных краінаў. Зрэшты, мабыць, ня варта дакараць сацыёлягаў БАМ: задача сфармуляваць, раскласьці на выразныя альтэрнатывы цякучую матэрыю стаўленьня беларусаў да Расеі — сапраўды Геркулесава задача. Хочацца быць з Расеяй, але ўсё ж і самастойнымі — такі агульны настрой грамадзкай думкі. Быць з Расеяй — гэта як? Ну неяк так.

Дарэчы, зьвяртае на сябе ўвагу, што доля тых, хто за адносіны з Расеяй як зь якой-небудзь далёкай Аўстраліяй — зь межамі, візамі, мытнямі, прыкметна меншая, чым доля тых, хто за сяброўства Беларусі ў ЭЗ. Гэта значыць, нават сярод «эўрабеларусаў» далёка ня ўсе за тое, каб Расея была ну зусім ужо замежжам. Зрэшты, хіба адным беларусам уласьцівая такая дваістасьць?

Вось украінскія палітыкі трактуюць бязьвіз з ЭЗ як сымбаль сыходу ад савецкай і расейскай спадчыны. Ну ім лепш вядома, як гэтае рашэньне трактаваць. Аднак бязьвіз з Расеяй (і Беларусьсю, дарэчы) у іх як быў з 1991 году, так і застаецца. Дык і нават тым беларусам, якія за Эўропу, Расея не чужая.

Але вернемся да «Крымнашу». А што беларусы думаюць наконт таго, ці не ажыцьцявіць Расея падобную апэрацыю і зь іх Бацькаўшчынай? А ня думаюць яны, што гэта адбудзецца. І зноў вялікай, пераважнай большасьцю — (Гл. тут: Графік 7). І ў красавіку 2017 году 68% беларусаў ня думалі, што Расея можа рэалізаваць у Беларусі крымскі сцэнар. І тут ацэнкі стабільныя на працягу 3 гадоў, як укапаныя.

Ацэнкі верагоднасьці і пажаданасьці якой-небудзь падзеі — рэчы розныя. Але зьвязаныя. Калі дзьве траціны беларусаў лічаць, што Расея «правільна і правамерна» далучыла Крым, то чаму б і ня выказаць меркаваньне, што яна і далей захоча палітычна аб’ядноўваць «рускі сьвет» пад эгідай гаспадара Крамля? Ну вось неяк не мяркуюць гэтага беларусы. Крым — не Беларусь, прынамсі ва ўяўленьні беларусаў наконт уяўленьняў расейцаў і Пуціна.

У якой ступені стаўленьне беларусаў да Расеі, да «Крымнашу», да праблемы геапалітычнага выбару абумоўленае узьдзеяньнем на іх расейскіх СМІ? Адразу можна сказаць — у вялікай. Узьдзеяньне навідавоку, няма іншай краіны ў сьвеце, дзе расейскае ТБ было б «на кнопцы», нароўні з нацыянальнымі каналамі. Але ці толькі ў гэтым справа?

У 2015 годзе, калі канфлікт у Данбасе быў у разгары, украінскія сацыёлягі вымералі на тэрыторыі іх краіны ступень узьдзеяньня расейскай прапаганды. Выснова дасьледаваньня — гэтая ступень у Харкаве ў разы вышэйшая, чым у Львове. Але тэхнічна ўзьдзеяньне аднолькавае — ні ў Харкаве, ні ў Львове расейскіх тэлеканалаў няма ні на кнопцы, ні ў кабэльных сетках, усюды пры жаданьні іх можна паглядзець са спадарожніка і ў інтэрнэце. А ўспрыманьне вельмі рознае ў залежнасьці ад рэгіянальнага культурнага кантэксту, ад установак тых, хто ўспрымае. Так і ў Беларусі тое самае. Прапаганда дзейнічае на тых, хто гатовы яе ўспрымаць.

Зь іншага боку, як паказана ў дасьледаваньнях кіраўніка БАМ Андрэя Вардамацкага, калі параўноўваць ацэнкі беларусамі і расейцамі, скажам, таго самага «Крымнашу», то ў наяўнасьці зазор, разрыў: сярод беларусаў за — 65%, але сярод расейцаў — пад 90%. Няцяжка бачыць, што расейская прапаганда не ўсёмагутная, прынамсі ў Беларусі яна ня гэтак ўсёмагутная, як у Расеі.

Акрамя таго, калі стаўленьне да Расеі і да «Крымнашу» ў Беларусі было нязьменным зь вясны 2014 году, то стаўленьне да расейскіх СМІ на працягу гэтага пэрыяду прыкметна зьмянялася.

У цэлым давер да расейскіх СМІ застаўся прыкладна на тым самым узроўні, але зьмянілася яго структура, доля тых, хто цалкам давярае ім, паменшылася амаль удвая. Разам з тым недавер да беларускіх дзяржаўных СМІ прыкладна ў паўтара раза павялічыўся, у той самай прапорцыі зьменшыўся недавер да беларускіх недзяржаўных мэдыяў.

Зьмена стаўленьня да айчынных СМІ, хутчэй за ўсё, стала вынікам і рэакцыяй на бурныя грамадзка-палітычныя пратэсты зімы-вясны — на маршы «недармаедаў» і на тое, як СМІ асьвятлялі іх. На геапалітычныя ўстаноўкі гэтыя зьмены пакуль не зрабілі ўплыву, як і пэўнае зьніжэньне даверу да расейскіх СМІ. Людзі, і беларусы ў тым ліку, усё ж не пустыя пасудзіны, у якія зьмесьціва наліваюць толькі СМІ.

Зьмена ў геапалітычных устаноўках беларусаў, тое, што адбылося на рубяжы 2013-2014 гадоў, не адзіная ў найноўшай гісторыі Беларусі. Як адзначаў Андрэй Вардамацкі, у нулявыя гады цяперашняга стагодзьдзя беларускае грамадзтва дзялілася прыкладна напалову ў сваіх прэфэрэнцыях, якія аддаваліся эўраінтэграцыі і інтэграцыі з РФ. Тады пунктам зьмены трэнду стаў 2004 год, год самага буйнога ў XXI стагодзьдзі пашырэньня ЭЗ, калі чальцамі гэтага саюзу сталі, у прыватнасьці, суседзі Беларусі Літва, Латвія і Польшча.

На думку Вардамацкага, прычынай тагачаснага ўзмацненьня прарасейскіх настрояў і памяншэньня праэўрапейскіх стала абвастрэньне антыэўрапейскай прапаганды беларускіх і расейскіх дзяржаўных СМІ. Можна прапанаваць і іншыя тлумачэньні — прычынай магло стаць меркаваньне многіх беларусаў пра тое, што Расея пры Пуціне стала краінай больш упарадкаванай, а таксама першы ўкраінскі Майдан, які мог паўплываць на беларускую грамадзкую думку ў тым самым кірунку, што і другі.

На геапалітычных «франтах» — безь пераменаў. Пакуль так. Пры гэтым, як паказвае аналіз геапалітычных густаў беларусаў, іх выбар здольныя зьмяніць толькі кардынальныя, лёсавызначальныя падзеі маштабу вайны ва Ўкраіне і пашырэньня ЭЗ. Сваркі і прымірэньні А. Лукашэнкі і У. Пуціна, мігранты ў Эўропе — гэта выклікае часовыя ваганьні перавагаў, але не мяняе доўгатэрміновай тэндэнцыі. Рабізна на вадзе, так бы мовіць. Беларусы карэктуюць свой погляд на месца іх краіны ў сьвеце пад уплывам сапраўды важных, глябальна значных падзеяў.

Зрух 2013-2014 гадоў, сытуацыя пачатку нулявых гадоў — гэтыя факты сьведчаць пра тое, што цяперашняя стабільнасьць і ў сэнсе геапалітычнага выбару можа значна і хутка зьмяніцца. А вось наколькі і наколькі доўгачасова — добрае пытаньне. Як сацыялягічныя апытаньні, гэтак і вялікія беларускія розумы — ад Абдзіраловіча да Акудовіча — кажуць пра тое, што беларусы, хутчэй за ўсё, даволі доўга застануцца падзеленай нацыяй, якая імкнецца як да Захаду, так і да Ўсходу. Дзьве душы — так называўся раман яшчэ аднаго беларускага клясыка, Максіма Гарэцкага.

Можна, вядома, сказаць, што гэтыя ваганьні грамадзкай думкі ня вельмі важныя і куды ісьці і з кім сябраваць — на тое беларусам і дадзенае начальства, якое яны вельмі паважаюць і якому лепш відаць. Але парадокс палягае ў тым, што голас народу — ён і праўда голас Божы. Хоць гэты голас не заўсёды зразумелы, у тым ліку і начальству. За саюз, але і за незалежнасьць, за «Крымнаш», але і ня дай Бог, каб з намі так.

Як казаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, амэрыканскі народ сказаў сваё слова, але каб зразумець, што ён сказаў, спатрэбіцца пэўны час. Зь беларусамі — тая самая гісторыя. Словам, да наступнага апытаньня. Або наступнай Падзеі, годнай гэтага слова.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG