Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Названа крыніца сакрэтных зьвестак, якімі Трамп падзяліўся з Расеяй


Дональд Трамп і Сяргей Лаўроў, Белы дом 10 траўня 2017
Дональд Трамп і Сяргей Лаўроў, Белы дом 10 траўня 2017

Зьвесткі аб апэратыўных плянах «ісламскай дзяржавы», якімі прэзыдэнт ЗША Трамп падзяліўся з расейскімі дыпляматамі, былі перададзеныя Вашынгтону ізраільскай выведкай. Пра гэта паведамляюць газэта New York Times і тэлеканал NBC.

Тэлеканал ABC News паведаміў, што Трамп на сустрэчы зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым падзяліўся данясеньнямі ізраільскага агента, які даведаўся пра падрыхтоўку выбуху на борце пасажырскага самалёта. Ізраільскі агент быў укаранёны ў тэрарыстычную арганізацыю «ісламская дзяржава». Ён паведаміў, што тэрарысты зьбіраюцца падарваць самалёт, які накіроўваецца ў ЗША, з дапамогай бомбы, схаванай у ноўтбуку. У сувязі з атрыманьнем такой інфармацыі амэрыканскія ўлады пачалі разглядаць магчымасьць поўнай забароны перавозіць ноўтбукі ў салёнах самалётаў на рэйсах з Эўропы. У сакавіку такая забарона быў уведзеная для пасажыраў 13 авіякампаній з Афрыкі і з Блізкага Ўсходу.

Амбасадар Ізраілю ў ЗША гэтую інфармацыю не пацьвердзіў, адзначыўшы толькі, што Тэль-Авіў «адданы справе супрацоўніцтва выведак абедзьвюх краінаў і спадзяецца, што гэта супрацоўніцтва будзе паглыбляцца на ўсім працягу прэзыдэнцтва Дональда Трампа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG