Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская забарона расейскіх сетак і беларускі страх самоты


2014 год, вясна. Я начамі слухаў размовы данбаскіх «сэпараў» праз інтэрнэт-рацыю Zello. Усё толькі пачыналася. Не было зразумела, у які бок хісьнецца сытуацыя. Галасы спадзяваліся на расейскія войскі і «хуткую перамогу над кіеўскай хунтай».

У жывым інтэрнэт-эфіры спрачаліся прыхільнікі незалежнасьці Данбасу і прыхільнікі далучэньня да Расеі. Усе разам абменьваліся інфармацыяй пра перасоўваньні ўкраінскіх сілавікоў. Паведамлялі пра сытуацыю на першых «сэпарскіх» блёкпастах. І наагул разважалі пра бліжэйшую будучыню.

І вось неўзабаве ў нейкім раёне прыбралі з антэны расейскія ТВ-каналы. А яшчэ празь некалькі дзён мадэратарка эфіру паскардзілася, што ў яе пад вакном бабулі на лавах пачалі пераказваць палітычную пазыцыю кіеўскіх тэлеканалаў.

Да 2017 году ва Ўкраіне практычна не засталося вяшчаньня расейскай тэлевізіі. «Я ўжо забыўся, якія яны, тыя расейскія каналы», — напісаў мне кіеўскі сябра.

2017 год, вясна.

У беларускім сеціве віруе абмеркаваньне ўказу прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі пра блякаваньне расейскіх сацыяльных сетак «ВКонтакте» і «Одноклассники», а таксама сэрвісаў «Яндекс» і Mail.Ru Group.

Для сябе адзначыў два асноўныя аргумэнты супраць якога-колечы блякаваньня ў сеціве:

— Кожнае блякаваньне парушае права на асабістую свабоду грамадзян;

— Блякаваньне закране ня толькі антыўкраінскіх прапагандыстаў, але ўсіх без разбору.

І яшчэ кінуўся ў вочы прагматычны аргумэнт:

— Што заменіць сэрвіс «яндекс.деньги», празь які так зручна ўводзіць/выводзіць грошы ў Беларусі і Ўкраіне?

Сэрвісам не карыстаўся, але дакладна ведаю, што б адказаў, калі б у Беларусі суседзі з усходу акупавалі, напрыклад, частку Гомельскай і Магілёўскай вобласьці і з фронту кожны дзень ішлі трупы.

Я б адказаў, што цэнзура прапаганды ворага падчас вайны ня толькі прымальная, але жыцьцёва неабходная. А ва Ўкраіне ідзе хоць і гібрыдная, але вайна між дзьвюма краінамі. Прычым Украіна бароніцца.

А сеткі «ВКонтакте» і «Одноклассники» кантралююцца расейскімі ўладамі. У названых сетках беспакарана дзейнічаюць антыўкраінскія суполкі, на якія ўкраінская дзяржава паўплываць ня можа. «Яндекс» і Mail.Ru — СМІ, якія сыстэмна публікуюць антыўкраінскую прапаганду.

Кожны чалавек прымярае інфармацыю на сябе. На свае інтарэсы. Вось і беларусы спужаліся навіны з суседняй краіны, уявіўшы падобныя захады адносна сябе.

Рэальнасьці ўкраінцаў і беларусаў з кожным днём аддаляюцца адна ад адной. Паліцэйская дзяржава Беларусь з ручным кіраваньнем — і дэмакратычная Ўкраіна з аграмадным грузам сацыяльных, эканамічных і палітычных праблем. Але са свабодай слова. І адначасова з вайной.

Украіна прыняла вельмі важнае палітычнае рашэньне — абарону сваёй інтэрнэт-прасторы ад інфармацыйных атак ва ўмовах рэальнай вайны.

Ахвочыя ўкраінцы могуць глядзець расейскую тэлевізію праз спадарожнікі. Ахвочыя ўкраінцы змогуць абыходзіць блякаваньне праз ананімайзэры. Калі будзе вялікае жаданьне.

Тое ж хачу сказаць беларусам, якія прымерылі на сябе актуаліі такой ужо далёкай, хоць і суседняй, Украіны. Сказаць тым, хто ўспудзіўся, што штосьці падобнае будзе ў Беларусі, толькі зь іншага боку інфармацыйнай вайны, распачатай на ўсходзе. Напрыклад — блякаваньне амэрыканскай сеткі «Фэйсбук».

Ключавое слова — жаданьне. Для ўсіх сфэраў жыцьця ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG