Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест Карпенкі новым лідэрам афіцыйных камуністаў Беларусі стаў Сокал


Аляксей Сокал

У сябраў Камуністычнай партыі Беларусі, якая падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі, новы лідэр. Ім стаў 43-гадовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксей Сокал.

Аляксей Сокал нарадзіўся ў 1973 годзе ў Менску, скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт і Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.

Усю сваю кар’еру спадар Сокал правёў у ЦУМе. Ён пачынаў тут камплектоўшчыкам і дайшоў да першага намесьніка гендырэктара.

У 2014 годзе быў абраны дэпутатам сталічнага гарсавету. Праз два гады вылучаўся ў Палату прадстаўнікоў. Як і ўсе іншыя кандыдаты, надрукаваў сваю дэклярацыю аб даходах. Згодна зь ёй, спадар Сокал за год зарабіў каля 17,5 тысячы даляраў. Ва ўласнасьці мае кватэру і гараж у Менску, жылы дом і зямельны ўчастак у Менскім раёне.

У Палаце прадстаўнікоў Аляксей Сокал лічыцца дэпутатам ад Усходняй акругі № 107. Сярод іншага ён намесьнік старшыні сталай камісіі па эканамічнай палітыцы, уваходзіць у склад працоўнай групы Нацсходу па супрацоўніцтве з парлямэнтам Кубы.

У сваім дакладзе на пленуме ЦК КПБ Сокал заклікаў партыю прыняць «узважаныя рашэньні» па падрыхтоўцы да мясцовых выбараў 2018 году.

Ён таксама скрытыкаваў «некаторых кіраўнікоў, якія прасоўваюць лібэральныя мэтады і бяздумную раздачу дзяржаўнай уласнасьці, якая прапануе мадэль разьвіцьця краіны паводле рэкамэндацыяў заходніх дарадцаў і фондаў».

Замена першага сакратара ЦК КПБ адбылася з ініцыятывы папярэдняга кіраўніка партыі — Ігара Карпенкі. Ён напісаў заяву, у якой папрасіў вызваліць яго ад абавязкаў першага сакратара «ў сувязі з нагрузкай, якая значна павялічылася на пасадзе міністра адукацыі і якая зьвязаная з забесьпячэньнем рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сфэры адукацыі».

Кіраўнік партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін у размове са Свабодай сказаў:

«Хоць у свой час я ачольваў Савецкі раён Менску, на тэрыторыі якога знаходзіцца ЦУМ, ніякіх асацыяцыяў з прозьвішчам Сокал ня маю. Гэта ўжо маладзейшыя людзі. Я добра ведаў папярэдніх кіраўнікоў КПБ — Голубеву, Карпенку. Мяне крыху зьдзіўляе, што першым сакратаром стаў не Атаманаў, які фактычна быў „шэрым кардыналам“ пры Карпенку, а адносна малады чалавек. Але, мабыць, тут працягваецца традыцыя — першы сакратар праўладнай кампартыі павінен быць дэпутатам парлямэнту».

XS
SM
MD
LG