Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раённыя ўправы адукацыі рэкамэндуюць пачынаць урокі а 9-й раніцы, але Мінадукацыі рашэньня не прымала


Фота ©Shutterstock

16 траўня ў раённых упраўленьнях адукацыі Менску прайшлі нарады, на якіх кіраўніцтву школ і гімназій рэкамэндавалі пачынаць урокі не раней за 9 гадзіну раніцы. У той жа час Міністэрства адукацыі адмаўляе, што давала такія рэкамэндацыі — школы самі павінны вызначыцца, калі пачынаць заняткі.

Завуч адной зь менскіх гімназій паведаміла Свабодзе:

«На нарадзе ва Ўпраўленьні адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёну дырэктараў і завучаў праінфармавалі, што рашэньне па пераносе заняткаў у школах і гімназіях прынята. Заняткі ў школах, якія працуюць у адну зьмену, будуць пачынацца а 9-й раніцы, а ў школах, дзе дзьве зьмены — у 8:30. Пісьмовага распараджэньня яшчэ няма, электронны ліст гімназія не атрымлівала, але вусна нас запэўнілі, што рашэньне прынятае».

Прэсавы сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая сказала, што ніякіх лістоў ніхто не рассылаў, рашэньня Міністэрства адукацыі няма, праводзіцца вусны маніторынг.

«Гэта ня хуткі шлях, і наскокам такія рашэньні не прымаюцца. Ёсьць даручэньне кіраўніка дзяржавы, пытаньне разглядаецца. Адміністрацыі школ маюць права самі вызначаць, у колькі пачнецца навучальны працэс. Для школ, якія працуюць у адну зьмену, цалкам магчыма зрабіць пачатак заняткаў а 9-й раніцы. Але гэта не азначае, што бацькам, якія (умоўна) працуюць ад 8-й раніцы, ня будзе куды падзець дзіця. Школы будуць працаваць ад самай раніцы, дзяцей будуць прымаць, яны будуць пад наглядам. Калі школа працуе ў дзьве зьмены, тут больш складана, хутчэй за ўсё, урокі будуць пачынацца ў 8:30. А ў сельскай мясцовасьці, дзе школы малакамплектныя, куды прывозяць дзетак з навакольных вёсак, безумоўна, трэба пачынаць урокі не раней за дзявятую раніцы.

Дый увогуле, паводле санітарных правілаў і нормаў („Патрабаваньні для ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі“, зацьверджаныя Міністэрствам адукацыі 27 сьнежня 2012 году, № 206) заняткі ў школах павінны пачынацца а 9-й гадзіне.

Але, паўтаруся, школы самі будуць вырашаць, як ім працаваць, а не Міністэрства адукацыі», — запэўніла Свабоду прэс-сакратар Людміла Высоцкая.

Аляксандар Лукашэнка даручыў перагледзець графік працы агульнаадукацыйных школ. «Нам трэба мяняць графік работы школ. Раней за дзявятую гадзіну ўрокі пачынаць ня трэба», — сказаў кіраўнік дзяржавы 12 траўня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG