Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад стварыў міжведамасную рабочую групу для распрацоўкі новай канцэпцыі дэкрэту № 3


ілюстрацыйнае фота. «Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка

Чыноўнікі вырашаюць, як прымусіць працаваць 350 тысяч «дармаедаў». У склад рабочай групы ўвайшлі кіраўнікі ведамстваў, а таксама навукоўцы. Кіруе групай намесьнік прэм’ер-міністра Васіль Жарко.

Праект зьменаў у дэкрэт, які ў народзе называюць «дармаедзкім», плянуецца прадставіць на разгляд Аляксандру Лукашэнку на пачатку чэрвеня.

Падчас красавіцкага пасланьня да Нацыянальнага сходу Аляксандар Лукашэнка прапанаваў прадумаць канцэпцыю, якая прымусіць працаваць 350-400 тысяч чалавек, якія «ня хочуць нічым займацца».

Спроба прымусіць так званых «дармаедаў» кампэнсаваць выдаткі за «дзяржаўныя паслугі» выклікала незадавальненьне ў грамадзтве, у многіх гарадах адбыліся масавыя пратэсты. Гэта прымусіла ўладныя структуры перагледзець ранейшыя пляны і шукаць новыя спосабы спагнаньня грошай.

Прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў падпісаў распараджэньне аб стварэньні міжведамаснай рабочай групы для распрацоўкі новай канцэпцыі дэкрэту № 3 пад старшынствам Васіля Жарко. У яе трапілі амаль тры дзясяткі чалавек, у тым ліку шэраг міністраў: працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч, фінансаў Уладзімер Амарын, эканомікі Ўладзімір Зіноўскі, адукацыі Ігар Карпенка, аховы здароўя Валеры Малашка, падаткаў і збораў Сяргей Налівайка, сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў, транспарту і камунікацый Анатоль Сівак, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандар Церахаў.

Таксама ў групу ўключаны намесьніца старшыні Савету Рэспублікі Марыяна Шчоткіна, дэпутаты Тамара Красоўская і Баляслаў Пірштук, намесьнік старшыні Менаблвыканкаму Віктар Сірэнка, намесьнік дырэктара Парку высокіх тэхналёгій Аляксандар Марцінкевіч, дырэктар Інстытуту эканомікі НАН Беларусі Валеры Бельскі ды іншыя.

Пакуль чальцы групы трымаюць у сакрэце, якія варыянты зьменаў у дэкрэце яны разглядаюць; абмяжоўваюцца толькі тым, што галоўная задача — прааналізаваць плюсы і мінусы дэкрэту з улікам грамадзкай думкі, меркаваньня дзяржаўных службоўцаў і публікацый у СМІ.

На пачатку красавіка на нарадзе аб праблемах і пэрспэктывах разьвіцьця беларускай навукі Аляксандар Лукашэнка папракнуў тых, хто распрацоўваў дэкрэт № 3, за тое, што тыя не далучылі да працы навукоўцаў. Паводле яго, дакумэнт быў бы не такім супярэчлівым, каб прыцягнулі экспэртаў, якія не па чутках знаёмыя з праблематыкай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG