Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» афіцыйна зарэгістраваліся: «Будзем пашыраць прастору дыялёгу з уладай!»


Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч
Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч

«Гэта дадатковы стымул, які дабавіць нам яшчэ болей сілаў», — заявіла сустаршыня грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай афіцыйнай рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Тацяна Караткевіч сказала, што гэта была сёмая спроба зарэгістравацца, і вось нарэшце «прыйшла перамога»:

«Мы шлі да яе доўга-доўга. І да сёньняшняй раніцы, пакуль не атрымалі пасьведчаньне ў міністэрстве, я, шчыра кажучы, ня верыла ў тое, што мы будзем афіцыйна зарэгістраваныя», — адзначыла былая кандыдатка ў прэзыдэнты.

Яна нагадала, што «Гавары праўду» вядзе сваю гісторыю ад 2010 году. За мінулы час кампанія не баялася браць на сябе адказнасьць за многія рашэньні: вылучыла двух кандыдатаў у прэзыдэнты, дзясяткі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, сабрала дзясяткі тысяч подпісаў.

На пытаньне Свабоды, што прынцыпова зьменіцца ў дзейнасьці «Гавары праўду» пасьля таго, як арганізацыя стала зарэгістраванай, Тацяна Караткевіч адзначыла:

«Мы пазытыўна глядзім на нашу будучыню. Найперш будзем пашыраць прастору дыялёгу з уладай. Вось паглядзіце: рэгістрацыя адкрывае перад намі новыя магчымасьці. Нават такі просты прыклад: мы не маглі афіцыйна зьняць офіс, паколькі не былі зарэгістраванай арганізацыяй. Не маглі быць ініцыятарамі і заяўнікамі нейкай акцыі. І самае галоўнае, думаем, што цяпер давер грамадзянаў да „Гавары праўду“ істотна павялічыцца. Адпаведна, атрымаем магчымасьць больш адкрыта працаваць і знаходзіць сабе ўсё больш і больш прыхільнікаў».

Яшчэ адзін кіраўнік «Гавары праўду», Андрэй Дзьмітрыеў, сказаў, што арганізацыя не пайшла ні на якія закулісныя дамовы з уладамі. Ён лічыць, што гэтае рашэньне аб рэгістрацыі выклікана тым, што ўлада ўсё ж ня хоча канчаткова закрыць дыялёг з Эўропай і дэманструе Захаду, што Беларусь робіць крокі ў бок лібэралізацыі. Дзьмітрыеў спадзяецца, што сьледам за «Гавары праўду» будуць зарэгістраваныя і іншыя грамадзкія дэмакратычныя арганізацыі.

Тацяна Караткевіч паведаміла, што ў Міністэрстве юстыцыі пры ўручэньні пасьведчаньня аб рэгістрацыі лідэрам кампаніі параілі толькі адну рэч: не парушаць беларускае заканадаўства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG