Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд разгледзіць скаргу АГП на папярэджаньне ад Мінʼюсту за Дзень Волі


Belarus -- Supreme Court building, 09Sep2008

16 траўня Вярхоўны суд разгледзіць скаргу Абʼяднанай грамадзянскай партыі на пісьмовае папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі за заклікі да акцыі 25 сакавіка ў Менску.

АГП патрабуе прызнаць папярэджаньне незаконным.

У судзе партыю будуць прадстаўляць Анатоль Лябедзька, Антаніна Кавалёва і сьведка Мікалай Казлоў.

«Наш зварот у Вярхоўны суд — гэта ня пошук справядлівасьці, яе там знайсьці немагчыма. Гэта жаданьне паказаць маразм праз павелічальнае шкло», — цытуе сайт ucpb.org старшыню АГП Анатоля Лябедзьку.

Як гаворыцца ў папярэджаньні Мінʼюсту, неўстаноўлены прадстаўнік АГП зьяўляўся арганізатарам масавага мерапрыемства, заплянаванага на 25 сакавіка ў Менску, і распаўсюджваў інфармацыю пра Дзень Волі, хоць афіцыйнага дазволу не было. Гэтым было парушана заканадаўства.

АГП лічыць, што папярэджаньне, вынесенае 29 сакавіка, не адпавядае патрабаваньням заканадаўства. Яно можа быць вынесена палітычнай партыі толькі за дзеяньні, якія парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, закон «Аб палітычных партыях», іншыя акты заканадаўства ці партыйны статут.

«Аднак доказаў, якія пацьвярджаюць факт зьдзяйсьненьня АГП падобных дзеяньняў, Мінʼюст не прыводзіць. Такім чынам, яны адсутнічаюць. Таму папярэджаньне ня можа зьяўляцца законным і абгрунтаваным і падлягае адмене», — лічыць АГП.

За акцыю на Дзень Волі былі вынесеныя папярэджаньні партыям БНФ і АГП, а таксама руху «За свабоду». Усе тры абскардзілі папярэджаньні ў Вярхоўны Суд.

12 траўня Маскоўскі раённы суд Менску не задаволіў скаргу адказнага сакратара Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніса Садоўскага на неправамоцныя дзеяньні Менгарвыканкаму пры разглядзе заяўкі аб шэсьці на Дзень Волі ў Менску 25 сакавіка. Дзяніс Садоўскі назваў рашэньне суду незаконным і сказаў, што будзе яго абскарджваць у Менскім гарадзкім судзе.

XS
SM
MD
LG