Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ўвяла ўзмоцнены кантроль у дачыненьні да 9 малочных прадпрыемстваў Беларусі


Фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным кантролі Расеі зноў выстаўляе прэтэнзіі да якасьці беларускай малочнай прадукцыі, а таксама паведамляе «пра новыя схемы махлярства пры пастаўках малочнай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь».

Гаворка ідзе пра малочную кампанію «Наваградзкія дары», Слуцкі сыраробны камбінат, Кобрынскі масласырзавод, Пружанскі малочны камбінат, «Малочны полюс», «Бабушкину крынку», «Мазырскія малочныя прадукты», Баранавіцкі малочны камбінат, Лепельскі малочнакансэрвавы камбінат.

Прэс-рэліз Рассельгаснагляду быў распаўсюджаны 14 траўня, у нядзелю ўвечары.

У прэс-рэлізе расейскага ведамства паведамляецца, што ў пэрыяд з 25 красавіка па 12 траўня былі дасьледаваныя 83 пробы сухога малака зь Беларусі. У 29 узорах «выяўлена рэшткавая колькасьць вэтэрынарных прэпаратаў групаў хіналёнаў, макралідаў і лінказамідаў».

Новыя прэтэнзіі агучаныя перад перамовамі ў Маскве

15 траўня ў Маскве адбываецца працоўная сустрэча намесьніка міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Аляксандра Субоціна і ягонага расейскага калегі Яўгена Непаклонава. Яны плянуюць падвесьці вынікі інспэкцыі Рассельгаснаглядам беларускіх прадпрыемстваў, якая праводзілася з 25 красавіка да 12 траўня.

Крыніца ў беларускім Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня паведаміла Свабодзе:

Паехаў сёньня намесьнік міністра Субоцін у Маскву. Як толькі ў яго камандзіроўка ў Маскву — такі „ўкід“ заўсёды зьяўляецца

«Паехаў сёньня намесьнік міністра Субоцін у Маскву. Як толькі ў яго камандзіроўка ў Маскву — такі „ўкід“ заўсёды зьяўляецца. Давайце дачакаемся вынікаў перамоваў. Пакуль мы ня будзем камэнтаваць менавіта гэты прэс-рэліз.

Заўсёды, калі пачынаюцца падобныя прэтэнзіі, я накіроўваю да інтэрвію амбасадара Сурыкава, які паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі пры канцы сьнежня, што вяртаньне малочнай прадукцыі cкладае 0,7% ад агульнага абʼёму, і гэта ня можа зьяўляцца прадметам абмеркаваньня на ўзроўні палітыкі... І гэта сьведчыць пра тое, што беларускія харчы — найвышэйшай якасьці».

Экспарт у Расею ў нас пакуль, дзякуй Богу, ня ўпаў — 128% да ўзроўню мінулага году.

Як толькі падобныя наезды пачынаюцца — а ў кампаній жа кантракты — пачынаюцца тэлефанаваньні: „А як жа нам працаваць? Людзі ж прызвычаіліся, бяз вашых вяршкоў і ў кавярні не ідуць“. Калі чуеш гэтыя абуральныя тэлефанаваньні, думаеш: „Дык хто на каго працуе?“ Прычыну і прыроду гэтых наездаў зразумець цяжка».

Паводле справаздачы аналітычнага цэнтру MilkNews, імпарт сухога малака і згушчанага малака і вяршкоў у Расейскую Фэдэрацыю ў студзені — лютым працягваў павялічвацца і склаў 40 тысяч тон (+38,7% да ўзроўню 2016 году). Імпарт сухога і абястлушчанага малака вырас на 21,3%.

Асноўным пастаўшчыком сухога і згушчанага малака і вяршкоў для Расейскай Фэдэрацыі застаецца Беларусь — на яе долю прыпала 80% усяго імпарту гэтых прадуктаў у Расею па выніках 2016 году і 68% у студзені — лютым 2017 году).

Пастаўкі беларускага сыру ў Расею вырасьлі ў 40 разоў

Доля Беларусі ў імпарце сырных прадуктаў у Расею па выніках 2016 году склала 67,8%, а ў студзені-лютым 2017 году яшчэ больш — 77,4%. Паводле справаздачы аналітычнага цэнтру MilkNews, на расейскі рынак сырная прадукцыя (пасьля забароны паставак з Украіны ў 2014 годзе і санкцый Эўразьвязу) трапляе пераважна зь Беларусі — у параўнаньні з 2013 годам пастаўкі павялічыліся ў 40 разоў. Праўда, «гэта можа быць зьвязана з рээкспартам сырападобнай прадукцыі зь іншых краін пад выглядам прадукцыі ўласнай вытворчасьці».

Безумоўна, расейскі рынак шмат зь якіх прычын важны для беларускай «малочкі», у тым ліку і з пункту гледжаньня лягістыкі, кажа супрацоўнік Мінсельгасхарчу. Але ідуць пошукі і новых рынкаў — у прыватнасьці, кітайская кампанія Drex Food Group зацікаўленая ў разьвіцьці малочнай вытворчасьці ў Беларусі. Імкліва расьце і імпарт беларускай «малочкі» ў Кітай. У першым квартале 2017 году рост у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году — 155%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG