Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт з пружанскага малаказаводу: Расея прыдзіраецца да беларускага малака


Фэдэральная служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду (Рассельгаснагляд) Расеі чарговы раз выставіла прэтэнзіі да якасьці беларускай малочнай прадукцыі, а таксама дакладае «пра новыя схемы махлярства пры пастаўках малочнай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь».

У прыватнасьці, гутарка вядзецца пра больш як дзясятак беларускіх прадпрыемстваў, такіх як Слуцкі сыраробны камбінат, Кобрынскі масласырзавод, Пружанскі малочны камбінат, Лепельскі малочнакансэрвавы камбінат ды іншых.

Рассельгаснагляд сьцьвярджае, што ў сухіх малочных прадуктах іхнай вытворчасьці выяўлены вэтэрынарныя прэпараты групаў хіналёнаў, макралідаў і лінказамідаў, якія могуць быць небясьпечныя для здароўя чалавека.

Свабода папрасіла пракамэнтаваць заяву Рассельгаснагляду вядучага інжынэра па якасьці з Пружанскага малочнага камбінату Натальлю Грыцань. Яна лічыць, што інфармацыя расейскага боку абгрунтаваная, а ўжываньне шкодных для здароўя чалавека рэчываў абумоўлена тым, што беларускія вытворцы малака імкнуцца да большых аб’ёмаў надояў ва ўрон якасьці:

— Гутарка вядзецца аб прэпаратах групы лінказамідаў і макралідаў. Калі выкарыстоўваюцца такія рэчывы, то гэта адбываецца на фэрме, а не на малочным заводзе. Але праблема ў тым, што гэтыя рэчывы не нармуюцца ні ў адным тэхнічным рэглямэнце Беларусі, якімі апэруюць ужо малочныя заводы. Яны не ўваходзяць у праграму кантролю вытворчасьці. Выбачайце, але мы на базе нашага заводу ня можам рабіць даведачнае бюро, рапрацоўваць мэтодыкі, думаць пра тое, што яшчэ можа быць у малацэ.

— Такім чынам, на заводзе ня могуць выявіць канкрэтна гэтыя рэчывы?

— Атрымліваецца, так. Гэта адбываецца на фэрмах. Але адказнасьць у выніку цалкам кладзецца на плечы вытворцаў малочнай прадукцыі. Але ж мы, супрацоўнікі заводу, ня можам кантраляваць фэрмы, а пасьля яшчэ рабіць сваю работу на заводзе. А павінны гэтай праблемай займацца высокакваліфікаваныя вэтэрынары.

— Але ж кантроль на заводзе таксама мусіць быць.

— Ён ёсьць. У адпаведнасьці з тэхнічным рэглямэнтам і санітарнымі правіламі. На нашым заводзе двойчы на месяц адбываюцца праверкі. Усё ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі, ніякіх парушэньняў няма. І як я ўжо казала, прэпараты, якія цяпер выявілі расейцы, не ўваходзяць у нашыя рэглямэнты.

— А чаму тады Рассельгаснагляд шукае ў беларускім малацэ менавіта гэтыя прэпараты? Як расейцы іх выяўляюць?

— Там вельмі добрая экспэрымэнтальная база ў распрацоўцы мэтодык. Яны могуць выяўляць шырэйшы спэктар рэчываў, якія могуць зьмяшчацца ў прадуктах, што нэгатыўна ўплываюць на здароўе. Яны вывучаюць пытаньне, пасьля вывучаюць прадукцыю. І ставяць неадпаведнасьць. Цалкам верагодна, што такіх мэтодык пакуль яшчэ няма ў Беларусі.

— Якім чынам гэта адлюстроўваецца на супрацоўніцтве беларускіх малаказаводаў з Расеяй?

— Вельмі нэгатыўна. Бывае, што прадукцыю вяртаюць, не прымаюць. Такое бывае. Я скажу, што да нашай прадукцыі вельмі прыдзірлівае стаўленьне. Ня ведаю, добра гэта ці кепска, але гэта так. Не адкажу таксама пра палітычны складнік — не да мяне пытаньне. Але стаўленьне вельмі-вельмі прыдзірлівае.

— Чым небясьпечныя для чалавека вэтэрынарныя прэпараты групаў хіналёнаў, макралідаў і лінказамідаў?

— Тым, што разьвіваецца неўспрыняцьце розных відаў антыбіётыкаў, нават калі чалавек іх ніколі ў жыцьці не ўжываў. Таму што атрымліваецца, гэтыя антыбіётыкі паступалі ў арганізм разам з прадуктамі харчаваньня.

— Як вы лічыце, гэта вельмі небясьпечна?

— Гэта небясьпечна. Гэта адбіваецца на агульным узроўні здароўя. Дзеці хварэюць, у школе ўжо ўсе ў акулярах, вельмі шмат алергікаў. Таму я лічу, што ёсьць усе падставы сьцьвярджаць, што прадукты харчаваньня сталі менш бясьпечнымі, чым, скажам, 50 гадоў таму.

— Якая, на ваш погляд, асноўная прычына таго, што ў Беларусі выкарыстоўваюць такія рэчывы ў корме для жывёл?

— Асноўная прычына — тое, што ў нас вядзецца барацьба за колькасьць, а не за якасьць. І я скажу, што барацьба за якасьць у нас моцна і не вітаецца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG