Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усясьветны банк: «У эканоміцы Беларусі ёсьць невялікае паляпшэньне, але касмэтычнае»


Усясьветны банк прэзэнтаваў эканамічны агляд па Беларусі. Паводле экспэртаў Усясьветнага банку, у 2016 годзе сьцісканьне эканомікі працягнулася, але на пачатку 2017 году намецілася стабілізацыя.

У першым квартале рэальны ВУП вырас на 0,3% — упершыню за апошнія два гады. У параўнаньні са сьнежаньскім прагнозам ёсьць невялікае паляпшэньне, але яно «касмэтычнае». Аднак гэтае ажыўленьне няўстойлівае, адзначыў эканаміст прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Кірыл Гайдук. І ёсьць апасеньні, што рост экспарту ня будзе такі імклівы, як на пачатку году.

Рэальны ВУП у 2017 годзе зьнізіцца на 0,4%, потым пачнецца павольны рост

Згодна з ацэнкамі Ўсясьветнага банку, рэальны ВУП у Беларусі ў 2017 годзе зьнізіцца на 0,4%, пасьля чаго трэба чакаць умеранага росту — на 0,7% у 2018 годзе і на 1,2% — у 2019 годзе.

Структурныя недахопы працягваюць аслабляць канкурэнтаздольнасьць. Слабы эканамічны рост чакаецца ў 2018–2019 гадах за кошт паступовага аднаўленьня зьнешняга попыту. Узмацненьне бюджэтна-падатковай і грашова-крэдытнай палітыкі, а таксама абяцанае фінансаваньне з боку ўраду Расейскай Фэдэрацыі забясьпечаць часовае вырашэньне праблем унутраных і зьнешніх дысбалянсаў. Тым ня менш унутраны попыт будзе заставацца абмежаваным: нізкія аб’ёмы інвэстыцый прывядуць да невыкарыстаньня магутнасьцяў, нізкіх тэмпаў росту выпуску і прыбыткаў. У сярэднетэрміновай пэрспэктыве захаваюцца нэгатыўныя рызыкі.

Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім сказаў, што павышэньне канкурэнтаздольнасьці традыцыйных галінаў і пераарыентацыя эканомікі ў бок большай дывэрсыфікацыі экспарту дазволіць закласьці аснову для паскоранага росту прыбыткаў:

Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім
Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім

«Аднак гэта патрабуе ажыцьцяўленьня захадаў, накіраваных на рост прадукцыйнасьці працы за кошт зьніжэньня нерацыянальнага выкарыстаньня капіталу і працы».

Пра ўзровень беднасьці і заробак у 500 даляраў

Даходы хатніх гаспадарак скараціліся, а рынак працы застаецца слабым, гаворыцца ў справаздачы. Пры гэтым рост узроўню беднасьці нязначны — 0,6%. Гэта таму, што ажыцьцяўлялася адрасная дапамога насельніцтву, да таго ж, народ траціў валютныя ашчаджэньні.

«Мы чакаем, што рынак працы Беларусі ў гэтым годзе будзе заставацца слабым, захоўваюцца асьцярогі для зьніжэньня рэальных даходаў насельніцтва — няхай і не такога вялікага, як раней», — сказаў экспэрт Кірыл Гайдук.

Што да дасягненьня сярэдняй зарплаты да канца 2017 году да 500 даляраў — гэта вельмі складаная задача:

«Забясьпечыць рост сярэдняй зарплаты да 500 даляраў, пра які кажуць улады, можна за кошт істотнага павышэньня прадукцыйнасьці працы альбо шляхам прыкметнага ўмацаваньня абменнага курсу беларускага рубля. Задача складаная, але на ўзроўні асобных прадпрыемстваў яе, як нам бачыцца, вырашыць рэальна», — сказаў Кірыл Гайдук.

Пра цэны на нафту і разьвіцьцё несыравіннага экспарту

Старшы эканаміст Усясьветнага банку Карліс Смітс (зьлева) і кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім
Старшы эканаміст Усясьветнага банку Карліс Смітс (зьлева) і кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага банку ў Беларусі Ян Чул Кім

Паводле экспэрта Марыны Сідарэнкі, цана на нафту вырасьце да 55 даляраў за барэль у 2017 годзе і да 60 — у 2018. Аднак цана для Беларусі, паколькі ў гэтай галіне ў Расеі адбываюцца падатковыя рэформы, таксама будзе павышацца, што ў будучыні скароціць памер «нафтавай субсыдыі» і выгады для Беларусі ад імпарту нафты з Расеі.

У сувязі з гэтым неабходна разгледзець мэханізмы мінімізацыі зьнешніх шокаў для краіны, а таксама ліквідацыі неспрыяльных наступстваў, зьвязаных з экспартам нафты і нафтапрадуктаў, для канкурэнтаздольнасьці традыцыйных галінаў.

На думку Марыны Сідарэнкі, адным з захадаў можа стаць рацыянальнае выкарыстаньне нафтавага мыта для фіскальных зьберажэньняў, а не для падтрымкі экспансіянісцкай фіскальнай і манэтарнай палітыкі. «У традыцыйных галінах эканомікі неабходна накіроўваць рэсурсы ў вытворчыя сэктары і павышаць іх рацыянальнае выкарыстаньне», — кажа экспэрт.

Без канкурэнтаздольнага несыравіннага экспартнага сэктару нізкія цэны на нафту будуць надалей падрываць устойлівасьць экспартнай выручкі Беларусі. Астатняя частка эканомікі павінна расьці. Акрамя таго, патрабуецца далейшае паляпшэньне дзелавога асяродзьдзя ў краіне, — кажуць экспэрты Ўсясьветнага банку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG