Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пастанавіў забараніць ананімнасьць у інтэрнэце. Як — яшчэ не прыдумаў


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Уладзімір Пуцін падпісаў указ «Аб стратэгіі разьвіцьця інфармацыйнага грамадзтва ў Расейскай Фэдэрацыі на 2017–2030 гады». Указам зацьвярджаецца адпаведная праграма (PDF), якая зьмяшчае шэраг пастаноў аб рэгуляваньні інтэрнэту ў Расеі.

Так, у стратэгіі прадугледжаныя захады па выключэньні ананімнасьці карыстальнікаў інтэрнэту, іх «безадказнасьці і беспакаранасьці». Мяркуецца стварыць сыстэму, што «гарантуе канфэдэнцыйнасьць і бясьпеку карыстальнікаў». Як такая сыстэма будзе працаваць, як будзе забараняцца ананімнасьць і правярацца сапраўднасьць карыстальнікаў, а таксама як будуць караць ананімных карыстальнікаў, не ўдакладняецца.

Таксама праграма прадугледжвае ўдасканальваньне мэханізмаў заканадаўчага рэгуляваньня сэрвісаў, «падобных да СМІ» — у якасьці такіх называюцца «сайты ў сеціве», сацыяльныя сеткі, мэсэнджэры, інтэрнэт-ТВ і агрэгатары навінаў. Зноў жа, як менавіта ўдасканальваць гэтыя мэханізмы, не гаворыцца.

Акрамя таго, у дакумэнце прапісаны «прыярытэт традыцыйных расейскіх духоўна-маральых каштоўнасьцяў і выкананьне заснаваных на гэтых каштоўнасьцях нормаў паводзінаў пры выкарыстаньні інфармацыйных тэхналёгіяў», «замена замежнага абсталяваньня і праграмнага забесьпячэньня на расейскія аналягі», «рэгуляваньне імпарту замежных інфармацыйных тэхналёгіяў», «праца супраць выкарыстаньня інтэрнэту ў вайсковых мэтах», «разьвіцьцё гуманітарнага значэньня інтэрнэту» і яшчэ доўгі шэраг неадназначных заяваў без тлумачэньня шляхоў рэалізацыі.

У Беларусі ж сродкі ананімнасьці ў інтэрнэце заканадаўствам забароненыя ад лютага 2015 году: шляхі доступу да забароненых сайтаў маюць блякавацца адразу пасьля выяўленьня. Але блякаваць хіба ня самы папулярны сродак ананімнасьці, сетку Tor, у Беларусі пачалі толькі ў сьнежні 2016-га. І тое блякаваньне толькі падвысіла колькасьць карыстальнікаў Tor.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG