Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты з Гомлю аспрэчваюць прэвэнтыўныя «пасадкі» пракурору


Ілюстрацыйнае фота. Гомельскі раённы суд

Гомельскія грамадзкія актывісты Ала Раманчык і Віктар Казлоў, а таксама журналіст-фрылансэр Яўген Меркіс, зьвярнуліся да пракурора Гомлю з просьбай прызнаць іхныя прэвэнтыўныя арышты ў дзень масавых акцыяў недармаедаў незаконнымі і вынесьці за гэта міліцыянтам афіцыйныя папярэджаньні.

Віктара Казлова амапаўцы затрымалі ў Дзень Волі 25 Сакавіка ў вёсцы Цярэшкавічы, калі ён накіроўваўся ў Гомель на «Марш недармаедаў-2». І хоць пасьля анкалягічнай апэрацыі 67-гадовы актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП размаўляе амаль шэптам, тым ня менш яго абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і да суду накіравалі на двое сутак у ізалятар.

Віктар Казлоў
Віктар Казлоў

«Атрымалася, што суботу і нядзелю я правёў за кратамі, — кажа Віктар Казлоў. — Гэта выглядала як зьдзек, бо ніякіх працэсуальных дзеяньняў у выходныя дні міліцыя не праводзіла. Высьвятляць маю асобу ня трэба было — дакумэнты былі пры мне. Нават калі б я і сапраўды лаяўся, то супрацьпраўная дзейнасьць была спыненая. У панядзелак мяне з суду адпусьцілі, адклаўшы разгляд міліцэйскага адміністрацыйнага пратаколу на тыдзень пазьней. Урэшце праз ілжывыя сьведчаньні амапаўцаў мяне аштрафавалі на 3 базавыя велічыні, а праведзеныя двое сутак у ізалятары як бы павісьлі ў паветры».

Сяброўку А’яднанай грамадзянскай партыі Алу Раманчык міліцыянты затрымалі і прэвэнтыўна адправілі ў ізалятар 25 сакавіка, пасьля мітынгу каля ДК таварыства глухіх «Віпра». Яна правяла за кратамі амаль двое сутак, а пасьля была аштрафаваная на буйную суму за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Праведзеныя ў ізалятары 44 гадзіны судом таксама не былі ўлічаныя ніякім чынам.

Ала Раманчык
Ала Раманчык

Апроч звароту ў пракуратуру, сёньня Ала Раманчык з прычыны прэвэнтыўнага арышту і буйных штрафаў за ўдзел у акцыях недармаедаў у Гомлі і Рагачове накіравала індывідуальную скаргу ў Камітэт ААН у пытаньнях правоў чалавека. На міжнародным узроўні яна заявіла аб парушэньні беларускімі ўладамі яе правоў на свабоду і асабістую недатыкальнасць, на выказваньне свайго погляду падчас мірных акцыяў пратэсту.

Журналіста-фрылансэра Яўгена Меркіса амапаўцы затрымалі ў двары непадалёку ад дому напярэдадні 1 Траўня, зьвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы. Да суду ён амаль двое сутак правёў за кратамі.

Яўген Меркіс
Яўген Меркіс

«Я меўся весьці анлайн-трансляцыю з афіцыйна дазволенага першатравеньскага мітынгу, аднак мае пляны не супалі з плянамі ўладаў. Мяне абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы, да суду я 46 гадзінаў правёў пад вартай. Гэта было нічым не апраўданае прэвэнтыўнае затрыманьне. Бо калі ў чалавека ёсьць пастаяннае месца жыхарства, то навошта яго трымаць пад замком? Відавочна, дэманстравалі сілу і ўсёдазволенасьць, інакш гэта і не назавеш», — лічыць журналіст-фрылансэр.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагае пакараным актывістам абскарджваць вынесеныя ўладамі штрафы і арышты, тлумачыць, што закон дапускае адміністрацыйнае затрыманьне дзеля канкрэтных мэтаў:

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

«Гэта можа быць спыненьне супрацьпраўнай дзейнасьці, высьвятленьне асобы, забесьпячэньне ўдзелу ў разглядзе справы, стрыманьне ўтойваньня ці зьнішчэньня доказаў альбо забесьпячэньне выкананьня адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе арышту. Любое іншае затрыманьне, не адпаведнае гэтым мэтам, зьяўляецца незаконным».

Актывісты заяўляюць, што, калі пракурор адмовіцца прыняць рашэньне ў адпаведнасьці з законам, яны скарыстаюцца правам паставіць гэтае пытаньне ў судовым парадку.

У найбліжэйшы час дзеяньні міліцыі наконт прэвэнтыўных «пасадак» хочуць абскарджваць пракурору Натальля Шчукіна, Аляксандар Процка, а таксама Васіль Палякоў, які цяпер абвывае 15-суткавы арышт.

Яшчэ дзевяць пакараных актывістаў за ўдзел у «маршах недармаедаў» аспрэчылі штрафы і арышты ў Камітэце ААН у пытаньнях правоў чалавека, паколькі ня мелі судовай абароны ў беларускіх судах.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG