Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп звольніў дырэктара ФБР


Джэймс Коўмі

Рашэньне прэзыдэнта ЗША зьвязваюць з расьсьледаваньнем гісторыі зь перапіскай Гілары Клінтан, якая была апанэнткай Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах.

Дырэктар Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ЗША Джэймс Коўмі адхілены ад пасады. У аўторак 9 траўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп накіраваў яму ліст, у якім гаварылася: «З гэтага моманту Вашы паўнамоцтвы спыняюцца і Вы адхіляецеся ад пасады». Трамп дадаў, што Коўмі «ня здольны эфэктыўна кіраваць бюро».

Дырэктар ФБР прызначаецца на адзін дзесяцігадовы тэрмін. 56-гадовы Коўмі быў прызначаны на гэтую пасаду чатыры гады таму. Ён знаходзіўся ў Каліфорніі, калі даведаўся пра сваё звальненьне. Пакуль ён не рабіў публічных заяў наконт гэтага.

Прычыны звальненьня Коўмі былі апісаныя ў двух асобных лістах генэральнага пракурора ЗША Джэфа Сэшнза і ягонага намесьніка Рода Розэнстайна. Фактычна яны абвінавацілі Коўмі ў тым, што ён вырашыў самачынна вяршыць правасудзьдзе.

Розэнстайн напісаў, што Коўмі «дапусьціў сурʼёзныя памылкі», працуючы з высновамі расьсьледаваньня гісторыі зь перапіскай Гілары Клінтан, апанэнткі Трампа на выбарах прэзыдэнта ЗША. Намесьнік генпракурора абвінаваціў дырэктара ФБР ва ўзурпацыі паўнамоцтваў генэральнага пракурора, калі Коўмі зрабіў выснову, што былая дзяржсакратарка не павінна была прыцягвацца да адказнасьці.

Пакуль незразумела, чаму прэзыдэнт Трамп вырашыў дзейнічаць цяпер, калі справа тычыцца падзеяў, што адбыліся за некалькі месяцаў да таго, як ён перамог на прэзыдэнцкіх выбарах у лістападзе. Нечаканы крок Трампа выклікаў рэакцыю ў Кангрэсе ўвечары ў аўторак, але пазыцыі заканадаўцаў падзяліліся ў адпаведнасьці зь іхнай партыйнай прыналежнасьцю.

Старшыня сталага камітэту Сэнату па выведцы Рычард Бэры заявіў, што ён «занепакоены выбарам часу і падставамі» для звальненьня Коўмі. Аднак сябра камітэта Сэнату ў пытаньнях судовай улады рэспубліканец Ліндсі Грэм лічыць, што «з улікам нядаўніх спрэчак вакол дырэктара новы старт пойдзе на карысьць ФБР і краіне».

Рэспубліканец Джон Маккейн, сябра камітэту Сэнату ў пытаньнях ўнутранай бясьпекі і справах ураду, камэнтуючы звальненьне Коўмі, сказаў:

«У прэзыдэнта ёсьць такія паўнамоцтвы. Я паважаю гэтае рашэньне».

Дэмакраты з камітэту Сэнату ў пытаньнях судовай улады параўналі рашэньне Трампа зь дзеяньнямі прэзыдэнта Рычарда Ніксана, які адхіліў ад працы супрацоўнікаў ураду, якія расьсьледавалі ягоную дзейнасьць у час Ўотэргейцкага скандалу ў пачатку 1970-х гадоў.

Сэнатары ад Дэмакратычнай партыі выступаюць за прызначэньне спэцыяльнага пракурора, які працягнуў бы расьсьледаваньне міністэрства юстыцыі меркаваных сувязяў перадвыбарчага штабу Трампа з Расеяй.

Сябра камітэту ў пытаньнях судовай улады дэмакрат Рычард Дэрбін, выступаючы ў Сэнаце, заявіў, што любая спроба прыпыніць або падарваць расьсьледаваньне ФБР расейскага ўмяшаньня ў прэзыдэнцкую кампанію «выкліча сурʼёзныя праблемы канстытуцыйнага характару».

Лідэр дэмакратычнай меншасьці ў Сэнаце Чак Шумэр, паводле яго, заявіў Трампу, што ён «робіць вельмі вялікую памылку», звальняючы Коўмі на фоне расьсьледаваньняў, зьвязаных зь перадвыбарнай кампаніяй 2016 году.

XS
SM
MD
LG