Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які сэнс мае ў эўрапейскіх краінах адзначэньне гадавіны перамогі над нацызмам? Чаму пасьля 70 гадоў пасьля перамогі над Напалеонам кантынэнт не адзначаў гадавіну? Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Цыганкоў: Як вядома, розныя дні сьвяткаваньня дня Перамогі ў краінах былога СССР і ў краінах Эўропы зьвязаныя з пэўнымі гістарычнымі абставінамі. Капітуляцыя Нямеччыны была падпісаная спачатку 7 траўня, але потым, пасьля патрабаваньня Сталіна, яшчэ раз увечары 8 траўня, у 22:43 паводле цэнтральнаэўрапейскага часу ў Карлсгорсьце. Паводле маскоўскага часу гэта было ўжо 9 траўня. Многія лічаць, што савецкае кіраўніцтва наўмысна вырашыла адзначаць дзень Перамогі ня 8, а 9 траўня, — ня ў той дзень, як большасьць эўрапейскіх краінаў.

Дык што сьвяткуюць у Эўропе 8 траўня? У большасьці краінаў Заходняй Эўропы 8 траўня адзначаецца як «Дзень Эўропы», у многіх краінах гэта дзяржаўнае сьвята. Прынамсі, англічане, якія ваявалі супраць Гітлера на самоце ў 1940-1941 гадах, адзначаюць даволі ўрачыста. У апошнія гады ў Вялікабрытаніі, пасьля ўрачыстых і даволі пампэзных сьвяткаваньняў 60-й і 65-й гадавінаў Перамогі ў 2005 і 2010 гадах, урачыстасьці 8 траўня праходзіць, на думку большасьці журналістаў, вельмі сьціпла.

Для Францыі, у гады Другой сусьветнай вайны акупаванай немцамі, 8 траўня — сьвята неадназначнае, аднак урачыстасьці з гэтай нагоды тут праходзяць заўсёды зь вялікім размахам. Гэта дзяржаўнае сьвята і ў Чэхіі, і ў іншых краінах. У Эўропе, пачынаючы з 2005 году, з ініцыятывы Генэральнай Асамблеі ААН і 8, і 9 траўня адзначаюцца таксама і асаблівыя «Дні памяці і прымірэньня».

Ва Ўсходняй Эўропе ня ўсё так адназначна. Для Польшчы і краінаў Балтыі, якія сталі ахвярамі пакту Молатава-Рыбэнтропа, дзень 8 траўня 1945 года, калі Нямеччына падпісала акт аб безумоўнай капітуляцыі, не азначаў свабоды. Бо, як там лічаць, адзін таталітарызм зьмяніўся іншым — савецкай акупацыяй. Тым ня менш, можна канстатаваць, што 8 траўня для большасьці краінаў Эўропы зьяўляецца сьвятам перамогі над абсалютным злом, якім засталася ў гістарычнай памяці нацысцкая Нямеччына. І гэты аспэкт — перамогі дабра над злом — мне падаецца, пераважае ў адзначэньні 8 траўня ў большасьці краінаў Эўропы.

Карбалевіч: Здаецца, адказ просты. Эўропа сьвяткуе як памяць аб ахвярах, так і перамогу над фашызмам, над таталітарызмам у нацысцкім фармаце. А таксама перамогу эўрапейскіх каштоўнасьцяў, то бок тых каштоўнасьцяў, якія забясьпечылі дамінаваньне ў сьвеце эўраатлянтычнай цывілізацыі, калі можна так сказаць.

А яшчэ перамогу над вайной. Бо ўжо больш за 70 гадоў няма вялікай вайны у Эўропе. Былі лякальныя войны, як у Югаславіі ці вось цяпер паміж Расеяй і Ўкраінай, але вялікай, усеэўрапейскай, не было.

Прычым, што важна падкрэсьліць, гэтую перамогу адзначаюць як пераможцы, так і пераможаныя, адзначаюць, як агульную перамогу. Гэта прынцыпова важна і прынцыпова адрозьнівае цяперашні эўрапейскі сьвет ад сытуацыі паміж дзьвюма сусьветнымі войнамі. Дзіўна тут тое, што як раз рэванш імкнецца узяць галоўны пераможца ў вайне — Расея. І гэты рэванш як раз засноўваецца на ідэалягічным падмурку перамогі у мінулай вайне.

Дарэчы, беларускае грамадзтва даволі цьмяна ўяўляе удзел краінаў Эўропы ў Другой сусьветнай вайне, ролю саюзьнікаў. Усё зацьміла гісторыя Вялікай Айчыннай вайны. І ў гэтым сэнсе Беларусь ня стала эўрапейскай, жыве ў сфэры фактычна савецкай міталёгіі. Прычым, як раз у пытаньні стаўленьня да вайны савецкія падыходы ў беларускім грамадзтве найбольш трывалыя.

Дракахруст: Я згодны, Віталь, з вашым адказам на пытаньне, што адзначае Эўропа сёньня — перамогу над абсалютным злом. Гады ідуць, мяняюцца інтэрпрэтацыі, абсалютнасьць гэтага зла робіцца, магчыма, больш рэлятыўнай, але гэта лічыцца абсалютным злом дагэтуль.

І ў гэтым адрозьненьне ад усіх папярэдніх войнаў, нават вельмі кровапралітных. У свой час напалеонаўскія войны былі для Эўропы велізарнай катастрофай. Але праз 70 гадоў пасьля іх завяршэньня, у якім 1884-м, ніхто асабліва ўжо не прыгадваў, што вось як мы ў свой час перамаглі, як вызвалілі Эўропу ад «банапартаўскай чумы», так бы мовіць.

Цікава прыгадаць, што ў Пушкіна ў «Яўгеніі Анегіне» на стале ў героя стаяў бюст Напалеона. А калі стаяў? Ды ўсяго празь які дзясятак гадоў пасьля вайны. І гэта ўспрымалася нармальна.

Недзе гадоў праз 5 пасьля Першай сусьветнай вайны, пасьля самай катастрафічнай у гісторыі вайны на той час, узьнік такі інстытут, як рэгулярныя сустрэчы вэтэранаў, якія належалі варагуючым арміям. Сустракаліся байцы нямецкай арміі з францускімі вэтэранамі, з брытанскімі вэтэранамі, елі разам салдацкую кашу, выпівалі, прыгадвалі мінулае: ну так, мы былі ворагамі, але ж мы былі добрымі салдатамі.

Але пасьля Другой сусьветнай вайны такога не было. Не было ніколі, ні ў адзін год. Заходняя Нямеччына была прызнаная, утварыўся бундэсвэр, краіна ўступіла ў NATO. Але вэтэраны брытанскай, амэрыканскай, францускай арміі ніколі не сустракаліся з вэтэранамі вэрмахту. Аднак, здавалася б, а чаму — і на нямецкім баку былі сьмелыя салдаты. А менавіта з прычыны абсалютнасьці зла, якое несьлі Эўропе салдаты вэрмахту, ня толькі СС.

Таму і адзначаюць гэты дзень, гэтае сьвята — таму што за 70 гадоў ацэнкі ў прынцыпе не памяняліся ў Эўропе. Так, гэтае сьвята не адзначаюць у Эўропе так надсадна, як у Беларусі ці ў Расеі. Але стаўленьне і не такое, якое было праз 70 гадоў пасьля напалеонаўскіх войнаў. Гэта — іншая вайна.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG