Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сацыяльны пратэст не пагражаў нацыянальнай бясьпецы». Абласны суд абавязаў шматдзетную маці заплаціць штраф за пратэст


Алена Крэнь з мужам Юрыем, архіўнае фота
Алена Крэнь з мужам Юрыем, архіўнае фота

Магілёўскі суд пакінуў у сіле вырак удзельніцы магілёўскай акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 Алене Крэнь. 16 сакавіка Ленінскі суд Магілёва пакараў жанчыну штрафам у дзесяць базавых велічыняў за выступ на «Маршы недармаедаў» у Дзень Канстытуцыі на пешаходнай вуліцы Ленінскай.

«Рашэньне абласнога суду было прадказальным і чаканым, таму эмоцыяў ніякіх ня выклікала. Невялікае зьдзіўленьне гэтым разам было ў тым, што судзьдзя ўважліва слухала, што я сказала», — пракамэнтавала вырак Алена.

Сваёй віны Алена не прызнала. Абласному суду заявіла, што не парушала законаў, а права на ўдзел у мірных сходах ёй гарантуе Канстытуцыя. Да таго ж, казала яна, тое, што акцыя пратэсту мела мірны характар, засьведчылі і міліцыянты, якія выступалі ў раённым судзе як сьведкі абвінавачваньня.

«Дзеяньні ўлады і праваахоўнікаў былі несувымерныя дзеяньням пратэстоўцаў. Відавочна, што былі перавышаныя службовыя паўнамоцтвы. Так брутальна павінна дзейнічаць міліцыя, калі грамадзкаму парадку, нацыянальнай бясьпецы нешта пагражае. Сацыяльны пратэст не пагражаў нацыянальнай бясьпецы. Міліцыя абавязаная пільнаваць грамадзкі парадак, а калі ён не парушаецца, не павінна ўмешвацца ў працэс мірнага сходу», — патлумачыла сваю пазыцыю Алена Крэнь у інтэрвію Свабодзе.

На мітынгу маці чатырох дзяцей заклікала пратэстоўцаў быць салідарнымі са зьняволеным блогерам з Гомля Максімам Філіповічам. Яна папрасіла, каб грамада ўсьлед за ёй выгукнула: «Я Філіповіч». Некалькі сот пратэстоўцаў тое зрабілі.

Алену затрымалі па заканчэньні «Маршу недармаедаў» людзі ў цывільным і паўночы пратрымалі ў міліцыі. Як пасьля яна казала, у міліцыянтаў была ўстаноўка — да суду яе трымаць у ізалятары, нягледзячы на тое, што яна мае немаўля. Але міліцыянтам удалося пераканаць начальства, што яе варта адпусьціць да суду дамоў.

На мітынгу, казала суду Алена, выступаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, які не зазнаў адміністрацыйнага перасьледу за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Міліцыянты адказалі праваабаронцам, што ў дзеяньнях спадара Марзалюка ня выяўлена складу правапарушэньня. «Чаму тады іншых удзельнікаў затрымлівалі?» — запытала Алена Крэнь.

Алена Крэнь упершыню ўдзельнічала ў акцыі пратэсту і ўпершыню за яго была пакараная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG