Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нараджаць тут». Актывісткі зафіксавалі зьнявагі і парушэньні правоў жанчын у беларускіх радзільнях


Вокладка бюлетэня «Гісторыі парадзіх»
Вокладка бюлетэня «Гісторыі парадзіх»

У Магілёве ўдзельнікі абмеркаваньня сытуацыі з абслугоўваньнем і ўмовамі ў мясцовых радзільнях заклікалі гэтыя мэдычныя ўстановы зьмяніць стаўленьне да парадзіх і выкананьня законаў.

«Мы сутыкнуліся з сур’ёзнымі парушэньнямі правоў парадзіх у магілёўскіх радзільнях на розных этапах: ад прыёмнага аддзяленьня да выпіскі. Гэта грубасьць, прыніжэньне чалавечай годнасьці, парушэньне правоў чалавека і заканадаўства Рэспублікі Беларусь», — адзначаюць актывісткі гендэрнай ініцыятывы «Ружа» па выніках аналізу анкет экспрэс-апытаньня 200 жанчын, якія нараджалі ў магілёўскіх лякарнях. Свае погляды на праблему яны выклалі ў бюлетэні «Гісторыі парадзіх».

Парадзіхі моўчкі трываюць зьнявагі

На абмеркаваньне сытуацыі ў радзільнях не прыйшлі прадстаўнікі іхных адміністрацыяў і чыноўнікі з структур аховы здароўя. Паводле арганізатараў круглага стала, мэдыкаў і службоўцаў афіцыйна запрашалі на дыскусію, але адказу на зварот не атрымалі.

Абмяркоўвалі праблемы радзільняў тыя, хто там пабываў і хто чакае гэтага.

Адна зь лідэрак «Ружы», мэдык з шматгадовым стажам, шматдзетная маці і бабуля Натальля Шкадун, выказваючы сваю думку, адзначыла, што многія з парадзіх, трапляючы ў лякарні, ня ведаюць сваіх правоў і моўчкі пераносяць сытуацыі, якія варта разглядаць як зьняважлівыя.

Натальля Шкадун
Натальля Шкадун

Яна расказала гісторыю, калі яе дачка вымушаная была пераадзявацца ў тамбуры пакоя сястры-гаспадыні радзільні. І толькі пасьля патрабаваньня кнігі скаргаў і прапаноў, казала Натальля Шкадун, дачку адвялі ў патрэбны пакой. Дамагчыся, каб усе пацыенткі лякарні пераадзяваліся ў належных умовах, паводле Натальлі, яна здолела толькі праз тры месяцы, напісаўшы тры звароты чыноўнікам, хоць наяўнасьць такога пакоя прадугледжана законам.

На думку Натальлі Шкадун, умовы працы мэдычнага пэрсаналу ў радзільнях надзвычай складаныя, адсюль і эмацыйныя зрывы.

«Псыхалягічная нагрузка на пэрсанал дужа вялікая. Ёсьць фактар эмацыйнага выгараньня. Мэдычныя работнікі такіх устаноў ня маюць магчымасьці для псыхаэмацыйнай разгрузкі, — казала Натальля. — У такіх аддзяленьнях павінны быць адпаведныя пакоі і псыхолягі для парадзіх. Дужа важна, каб псыхолягі гутарылі з жанчынамі, калі яны паступаюць у аддзяленьне. Многія зь іх знаходзяцца ў стане стрэсу, пакутуюць ад болю і страху. І калі яны сутыкаюць з хамствам і грубасьцю пэрсаналу, а гэта даволі часта бывае, то ўзьнікаюць канфлікты».

«Якая Канстытуцыя? У нас клінічны пратакол і загад — закон»

Паводле яшчэ адной лідэркі «Ружы», юрысткі, маці дваіх дзяцей Алены Барысавай, у лякарнях ігнаруюцца канстытуцыйныя нормы ды нормы, замацаваныя ў міжнародных актах.

Алена Барысава
Алена Барысава

«Дзяржава чамусьці не забясьпечвае выкананьне гэтых правоў у асобе мэдычнага пэрсаналу», — казала актывістка, спасылаючыся на дыскусію зь лекарамі адной з мэдычных устаноў гораду.

«На мае довады мэдыкі адказалі: «Якая Канстытуцыя, які закон аб ахове здароўя? У нас ёсьць клінічныя пратаколы і загады», — пераказала пазыцыю мэдыкаў Алена Барысава.

«Калі ідзе працэс родаў, з парадзіхамі ніхто не гаворыць пра іхныя правы, іх ня чуюць, — гаварыла далей Алена. — І калі нехта пачынае казаць пра свае правы, асабліва калі мае досьвед, то яму проста закрываюць рот. Абазнанасьць, дасьведчанасьць у пытаньні родаў раздражняе мэдычны пэрсанал».

Нараджаць тут? Ні за што

У бюлетэні, што быў прэзэнтаваны на круглым стале, сабраныя гісторыі 36 жанчын, якія распавялі пра свой досьвед знаходжаньня ў радзільнях.

«Ляжу я на апэрацыйным стале, а ўрачы мне кажуць: „Не расказвай нам казкі, мы бачым, што ты абортніца“. У мяне ад гэтага пачалася гістэрыка», — прызналася адна з жанчын, апавядаючы сваю гісторыю.

Удзельнікі абмеркаваньня
Удзельнікі абмеркаваньня

«Дзіця выціснулі, — расказвае яшчэ адна жанчына, — ня даўшы шанцаў нарадзіць самой».

«Калі ў мяне пытаюць, ці буду я нараджаць яшчэ раз, а адказваю: тут —ніколі і ні за што», — ня ўтойвала яшчэ адна апытаная актывісткамі «Ружы» жанчына.

«Мэтад Крыстэлера» забаронены ў Францыі. У Беларусі — не

Адна з удзельніц абмеркаваньня, якой давялося нараджаць у магілёўскай радзільні, адзначыла: падчас родаў урачом быў выкарыстаны так званы «мэтад Крыстэлера». На жывот жанчыне мэдык моцна націснуў, каб прысьпешыць нараджэньне дзіцяці. Ужо пасьля родаў жанчына даведалася, што ў цывілізаваных краінах гэты мэтад забаронены.

«Гэты спосаб вельмі небясьпечны як для маці, так і для дзіцяці, таму і забаронены. У Францыі жанчыне дастаткова вусна сказаць, што гэты мэтад выкарыстоўваўся, каб мэдыка пазбавілі ліцэнзіі. У нас жа ні ў адным дакумэнце аб выпісцы ня згадваецца, што выкарыстоўваўся гэты мэтад. Пасьля выпіскі я вырашала пра гэта гаварыць і пісаць дзе магчыма. Акушэрка мне сказала, што гэты мэтад выкарыстоўваецца вельмі часта», — казала жанчына.

Паводле яе, пасьля шматлікіх допісаў у розныя мэдычныя інстанцыі лекар, які выкарыстаў «мэтад Крыстэлера», выбачаўся перад ёй: «Калі б я ведаў, колькі ведаеш ты, гэтага б не рабіў. Прымаў бы роды па-іншаму».

Партнэрскія роды: шмат фармальнасьцяў і абмежаваньняў

Маці чацьвярых дзяцей Алена Крэнь расказала пра свой досьвед партнэрскіх родаў з мужам. Паводле Алены, каб дамагчыся ягонай прысутнасьці на родах, давялося пераадолець нямала фармальнасьцяў і абмежаваньняў, а таксама заплаціць. Тое, што муж быў побач, прызналася Алена, дапамагала захоўваць спакой.

Алена Крэнь апавядае пра партнэрскія роды
Алена Крэнь апавядае пра партнэрскія роды

«Я трымалася за яго, як за выратавальнае кола, бо, калі нараджала адна, усялякага хапала. Мы зачыніліся ў перадродавай і не выходзілі зь яе наагул, — казала Алена. — Да нас цягам некалькіх гадзінаў чаканьня родаў заходзілі толькі два разы. І гэта было плюсам, бо я баялася, што са мною пачнуць нешта рабіць, што мне не падабаецца. Я прасіла, каб нас пакінулі ў спакоі, наколькі гэта магчыма. Прысутнасьць староньняга побач, а пагатоў блізкага чалавека, — стрымальны для пэрсаналу радзільні фактар».

«Я перакананая, — адзначыла ў канцы шматдзетная маці, — што ахвочых нараджаць разам значна болей, чым гэта цяпер практыкуецца, але праз тое, што дужа шмат недаступных момантаў, гэтага не адбываецца».

Разам ісьці да якасных пераменаў

Дыскусію яе ўдзельнікі завяршылі прыняцьцем рэзалюцыі, у якой выклалі сваё бачаньне таго, што трэба зрабіць дзеля паляпшэньня якасьці мэдычнага абслугоўваньня і ўмоваў у радзільнях Магілёва. Было прапанавана зьвярнуцца да гарадзкіх уладаў, каб быў праведзены суботнік, сродкі ад якога пойдуць на завяршэньне рамонту ў радзільні бальніцы хуткай дапамогі. Гэты рамонт доўжыцца не адзін год. У адказах на звароты з патрабаваньнем палепшыць умовы для парадзіх чыноўнікі даводзяць, што нязручнасьці зьвязаныя менавіта з рамонтам, на завяршэньне якога нестае фінансаваньня.

Брашуру з гісторыямі парадзіх «Ружа» разашле па мэдычных установах і структурах выканаўчай улады.

Будынак радзільні, якая не адзін год рамантуецца
Будынак радзільні, якая не адзін год рамантуецца

«Парадзіхі расказваюць пра існыя праблемы з арганізацыяй родаў у краіне, а таксама стаўленьне да сябе, якое часта мяжуе з прыніжэньнем і зьнявагай жанчыны, — адзначае Алена Барысава. — Мы хочам заклікаць урачоў, акушэраў, мэдсясьцёр і санітараў разам ісьці да якасных пераменаў».

На думку некаторых удзельнікаў дыскусіі, беларуская мэдыцына, у якой нямала станоўчага, вымагае рэфармаваньня, безь якога разьвіцьцё галіны немагчымае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG