Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я Максім Філіповіч». Як маці 4 дзяцей выйшла на «Марш недармаедаў» і атрымала штраф


Вялікая сям’я Крэняў

Вялікая сям’я Крэняў

Зьмякчыць яе пакараньне прасілі нават сьведкі-міліцыянты. «Сваім маўчаньнем мы ўсе вінаватыя ў тым, што адбываецца ў Беларусі...», — заяўляюць Алена і Юры Крэні, якія на Дзень Канстытуцыі прыйшлі на магілёўскі «Марш недармаедаў».

Алену Крэнь затрымалі пасьля мітынгу і зьвінавацілі ў «актыўным удзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту». Судзьдзя Тацяна Касьцюк пакарала шматдзетную маці на 10 базавых велічыняў (230 рублёў). Алена сваёй віны не прызнае і зьбіраецца абскарджваць вырак Ленінскага суду Магілёва.

Пра перажытае на Дзень Канстытуцыі сямейнікі расказалі Свабодзе ў сваім доме зь відам на экстрым-парк.

«Наша сям’я жыве няблага, але навокал столькі гора»

У сям’і Крэняў чацьвёра дзяцей. Малодшаму Ільлі няма году. Малы сустрэў госьця, дэманструючы сваю «даросласьць» першымі зубкамі і галёканьнем, якое ўжо гатова стаць словамі. Пакуль бацькі былі занятыя гутаркай, хлопчыка глядзела старэйшая сястра Ксюша. Яшчэ адзін сын Раман быў заняты чытаньнем. А дачка Ганна цяпер вучыцца ў Менску.

Алена і Юры адзначылі, што іхная сям’я не гаруе. Абое прадпрымальнікі. Займаюцца афармленьнем сядзібнага ляндшафту.

«Наш занятак сэзонны, але мы прызвычаіліся гэтак жыць», — патлумачылі госьцю жыцьцёвыя акалічнасьці гаспадары.

«Дэкрэт № 3 наагул нас не закрануў, але да нас нарэшце дайшло, што трэба быць разам зь людзьмі, — казалі яны. — Трэба быць салідарнымі зь імі, бо надыдзе час, і цябе нешта іншае закране».

Алена і Юры Крэні

Алена і Юры Крэні

«Мы палічылі, што нам будзе сорамна перад сабою, калі на „Марш недармаедаў“ ня пойдзем, — адзначыла Алена. — Мы бачым, што адбываецца ў нашай краіне і з нашымі людзьмі. Наша сям’я жыве няблага, але навокал столькі гора, і хацелася падтрымаць маральна тых, каму нялёгка жывецца».

«Я паважаю гомельскага блогера Максіма Філіповіча, які цяпер трывае галадоўку ў зьняволеньні. І, відаць, ён мяне і падахвоціў узьняцца з канапы, каб выйсьці на вуліцу і зьвярнуцца да людзей. Думкі Філіповіча супадаюць з маімі, можа, таму я адразу праніклася павагаю да яго. Я, думаю, што кожны сумленны чалавек у нашай краіне — гэта Максім Філіповіч», — казала суразмоўца.

На мітынгу ў сваёй прамове Алена заклікала пратэстоўцаў быць салідарнымі са зьняволеным блогерам.

«Ён дзеліцца сваімі думкамі, як кожны з нас, і выкладае іх у інтэрнэт. Давайце падтрымаем яго словамі «Я Максім Філіповіч», — зьвярталася Алена да грамады. У адказ мітынг выгукнуў: «Я Максім Філіповіч».

«У гэты момант я ледзьве не заплакала, — прызналася суразмоўца журналісту. — Я ўпэўненая, што пра Філіповіча мала хто ведае, аднак, дружнае скандаваньне было настолькі кранальным, што ад сьлёз устрымацца было дужа цяжка».

«Калі мяне затрымалі, я гаварыла зь міліцыянтамі. Яны таксама ня ведалі, хто такі Філіповіч, аднак іх ён зацікавіў, — працягвала Алена. — Я лічу, што Максім Філіповіч ужо не сам па сабе. Ён стаў сымбалем голасу беларускага народу, які заклікае паважаць сябе, закон, і змушае іншых яго выконваць».

«Прыйшлі альбо самыя сьмелыя, альбо тыя, хто ўжо адчаяўся»

Алена заўважыла: калі ішлі на «Марш недармаедаў», то страх быў, бо на месцы мітынгу было нямала падазроных людзей у цывільным.

«Аднак пачуцьцё страху не дамінавала, — кажа яна. — Калі б яно пераважала, баюся, што я б не наважылася пайсьці. Разам з тым мы дамовіліся з родзічамі, хто ў выпадку затрыманьня будзе прыглядаць за дзецьмі. Мы былі гатовыя да гэтага. Я ж звычайны чалавек і ніколі ня ўдзельнічала ў нечым падобным. Таму хоць думала, што мяне чапаць ня будуць, але верагоднасьць такую дапускала».

На магілёўскім мітынгу «недармаедаў»

На магілёўскім мітынгу «недармаедаў»

Алена кажа, што эмацыйна адчувала атмасфэру яднаньня і салідарнасьці на маршы. «Мы ўсе раскіданыя са сваімі праблемамі па сваіх дамах, але калі мы ня здолеем аб’яднацца ў нашай агульнай бядзе, то лягчэй нам ня стане», — працягвае яна.

«Пратэставаць маглі б прыйсьці нашмат болей людзей, але на многіх падзейнічала застрашэньне, — лічыць суразмоўца. — Ва ўлады дужа жорсткія мэтады абмежаваньня свабоды слова. Таму прыйшлі альбо самыя сьмелыя, альбо тыя, хто ўжо адчаяўся і спадзяецца, што сытуацыю выправіць можна толькі актыўным пратэстам».

«Больш за ўсё мяне на мітынгу ўразіла маленькая дзяўчына, — пасьля невялікай паўзы дадала Алена. — Яна гаварыла па-беларуску і прамаўляла настолькі шчыра, што ў ёй я ўбачыла сымбаль лепшай будучыні Беларусі, калі мы зможам узьняцца з каленяў, на якія сталі самі, добраахвотна, трываючы ўсё, што з намі робяць».

І тут зьяўляецца абсалютна іншы Марзалюк

Алена вучылася на філфаку Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Гісторыю там выкладаў Ігар Марзалюк.

«Ён быў дужа цікавым чалавекам, — адзначыла суразмоўца. — Выклікаў павагу, яго можна было слухаць гадзінамі. Прайшлі гады. Пра яго мы мала што чулі. І тут зьяўляецца абсалютна іншы Марзалюк і кажа такое, што яго не пазнаць. Яго зганьбілі на мітынгу. Не далі выказацца цалкам».

Ігар Марзалюк на «Маршы недармаедаў» у Магілёве

Ігар Марзалюк на «Маршы недармаедаў» у Магілёве

«А мне было б цікава яго паслухаць, — далучыўся да гутаркі Юры. — Я яго таксама добра ведаў. Мяне было б цікава прасачыць, якім чынам адбыліся зьмены таго Марзалюка на цяперашняга. Ня можа ж так быць, каб ён быў тады адным чалавекам, а цяпер стаў зусім іншым. Хацелася б зь ягонага выступу зразумець, як адэкватны чалавек можа патлумачыць, што адбываецца цяпер у краіне з пазыцыі лёгікі разьвіцьця сытуацыі. Ён жа мае ўласную думку на гэты конт. Але яму не далі сказаць...».

«Так, яму не далі сказаць, і потым мы даведаліся, што ён застаўся на мітынгу і адказваў на пытаньні журналістаў», — падсумавала гаворку пра дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алена.

«Амапавец, які затрымліваў, падзякаваў за маю адэкватнасьць»

«Гэта дзіўна, але мяне затрымлівалі лагодна», — распавядае Алена. — Мы бачылі, што за намі па сканчэньні шэсьця ішлі чатыры чалавекі ў цывільным. Мы не пасьпелі дайсьці да сваёй машыны, як нас з усіх бакоў абступілі. Адзін зь іх назваўся, паказаў пасьведчаньне, сказаў, за што мяне затрымліваюць. Сказаў мужу, куды мяне павязуць, адзначыў пры гэтым, што ў іхнай машыне няма месцаў і яму давядзецца ехаць самому за імі».

«Зразумела, калі жонку затрымлівалі, я гатовы быў кінуцца ў бойку і зрабіў бы гэта, калі б людзі ў цывільным пачалі гвалтоўнае затрыманне», — прыгадаў Юры на пытаньне журналіста пра тое, што ён перажыў, калі на ягоных вачах затрымлівалі жонку.

На магілёўскім «Маршы недармаедаў»

На магілёўскім «Маршы недармаедаў»

«Вядома ж адчуваў сваю бездапаможнасьць. Калі б міліцыянты не паказалі пасьведчаньня, то я б пачаў выдзіраць жонку зь іхных рук. На гвалт я б адказаў гвалтам, — казаў Юры. — Мы апынуліся ў такім закутку, што не было побач нікога, хто б мог нам дапамагчы. Трымаліся да апошняга людзей, аднак сваю машыну паставілі ў двары аднаго з дамоў, таму давялося адысьці зь люднай вуліцы. І толькі мы адышлі...»

«Адчувалася, што амапаўцы самі пабойваюцца людзей, таму і чакалі, пакуль мы адыдзем. Нас пільнавалі, як пастухі каровы», — распавядае Юрый.

«Я была зьдзіўленая такімі паводзінамі міліцыянтаў, бо я чакала, што мяне пачнуць біць, цягнуць, — сьцішыўшы голас, працягвала Алена. — У маім выпадку гэта было выключэньне. Спрацаваў, відаць, чалавечы фактар. Пасьля таго, як мяне зьвезьлі, здарылася тая бойка, якую я паглядзела ўжо ў інтэрнэце».

Пасьля мітынгу міліцыянты найперш затрымлівалі тых, хто выступаў і трымаў плякаты. Дапытаўшы ў міліцыі, затрыманых везьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Непаўналетніх, паводле Юрыя, трымалі, пакуль не прыедуць па іх бацькі. Пры гэтым спачатку іх дапытвалі, а потым інфармавалі родзічаў.

«Мне патлумачылі, што мяне затрымалі за «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу», — распавядае Алена.

«У аддзеле міліцыі пратрымалі шэсьць гадзінаў. Я была спакойнай. Мне задавалі пытаньні, я на іх адказвала. Атмасфэра ў міліцыі была вусьцішнай, — працягвала жанчына. — У свае няпоўныя трыццаць сем гадоў я ўпершыню была затрыманая. У мяне не было досьведу, як сябе паводзіць у міліцыі. У кабінэце ад 4 да 6 супрацоўнікаў, і я адна. Гэта дужа псыхалягічна ціснула. Сытуацыя выклікала непрыемныя пачуцьці. Пазіралі яны на мяне ня дужа добразычліва».

«Мне не патлумачылі маіх правоў, калі афармлялі пратакол затрыманьня, але больш прэтэнзіяў у мяне да таго, хто займаўся мною, не было, — заўважыла Алена. — Мне проста пашанцавала, што двое супрацоўнікаў, якія мяне афармлялі (астатнія, хто знаходзіўся ў кабінэце, былі дужа раззлаваныя), паставіліся да мяне паважліва. Амапавец, які мяне затрымліваў, падзякаваў мне за маю адэкватнасьць. Прызнаўся, што даўно не сустракаў такіх людзей».

«Але і мы таксама ня бачылі сярод амапаўцаў такіх адэкватных людзей», — дадаў Юры.

Чаму мяне затрымлівалі людзі ў цывільным?

«Пасьля допыту амапавец, які мяне затрымліваў, некуды сышоў, а калі вярнуўся, то паведаміў: у яго кепскія навіны, мяне належыць арыштаваць. Перамовіўшыся з другім міліцыянтам, мяне абнадзеілі фразай: «Ну, што, Генадзеўна, пойдзем цябе ратаваць», — працягвала аповед Алена.

«Яны некаму званілі, да некага хадзілі. Урэшце адпусьцілі да раніцы. Хаця, як я пазьней даведалася, згодна з законам, калі ёсьць дзіця, меншае за год, мяне ня мелі права арыштаваць. Але пры нашым беззаконьні ўсяго можна чакаць. Зразумела, што мой арышт быў бы грубым парушэньнем закону».

«Марш недармаедаў»

«Марш недармаедаў»

Алена прыгадала, што выйшла зь міліцэйскага кабінэту ў 23.34.

«Я тады падумала: „Такі сымбалізм: мне інкрымінавалі парушэньне артыкулу 23.34 і адпусьцілі ў 23.34“. Калі мяне адпускалі, то міліцыянты дужа прасілі, каб я прыйшла ранкам да іх у аддзел. Бо ім тады ўляціць, што яны мяне не арыштавалі, і мне будзе таксама кепска».

На наступны дзень Алену завялі да супрацоўніка міліцыі, які, паводле яе слоў, курыруе масавыя мерапрыемствы. «Ён на такіх мерапрыемствах здымае ўсё на камэру. У жонкі ён быў сьведкам на судзе», — дапоўніў словы Алены Юры.

Сама ж Алена адзначыла, што гэты міліцыянт гутарыў зь ёю паўтары гадзіны.

«Ён высьвятляў, да якіх фракцыяў я адношуся і што я пра іх ведаю, — казала яна. — Было зразумела, што гэты супрацоўнік спрабуе выведаць інфармацыю пра іншых удзельнікаў акцыі пратэсту. Пытаўся ў мяне, ці вядомыя мне людзі, якія побач стаялі; каго ведаю з арганізатараў і выступоўцаў. Выкарыстоўваў розныя хітрыкі, каб дазнацца. Настойваў, што на мітынгу былі анархісты. Я ж адказвала, што для мяне існуюць добры чалавек і злы, прыстойны і непрыстойны. А хто ён паводле перакананьняў, мне ўсё роўна...»

Ленінскі суд Магілёва

Ленінскі суд Магілёва

«Я задавала пытаньне, чаму міліцыянты былі ў цывільнай вопратцы, калі затрымлівалі людзей, бо гэта выглядае правакацыйна, — дадала Алена. — Калі чалавек у форме і калі ён выстаўляе табе нейкія прэтэнзіі, то, паводле закону, павінен падпарадкоўвацца. У такой сытуацыі гэта нармальна. Але маё пытаньне засталося без адказу».

«Сьведкі-міліцыянты прасілі для мяне мякчэйшага пакараньня»

Алена заўважае, што гісторыя яе дастаўкі ў суд нагадвала дэтэктыў. Спачатку яе доўга ўгаворвалі аддаць мужу тэлефон. Потым сказалі, што завязуць на месца правядзеньня несанкцыянаванага мерапрыемства, бо ёсьць пытаньні.

«Мяне пасадзілі ў цывільную машыну і павезьлі. Я бачыла мужа і не магла яму паведаміць пра сябе. Прызнаюся, тады мяне ахапіў жывёльны страх, бо везьлі мяне няведама некуды, — апавядала Алена. — Калі праехалі вуліцу Ленінскую, я зразумела, што вязуць у суд. Да будынка суду падвезьлі з чорнага ўваходу. Міліцыянты ўбачылі, што машына зацікавіла тых, хто быў ля суду, і яе здымаюць, таму вырашылі ад’ехаць у нейкія невядомыя мне завулкі».

Ад’ехаўшы, казала суразмоўца, міліцыянты з кімсьці стэлефаноўваліся.

«Цягнулася гэта дужа доўга. Я старалася быць спакойнай, бо мне не выпадала пратэставаць, — прыгадала яна. — Тады я адчула бездапаможнасьць звычайнага чалавека, калі ён трапляе ў кіпцюры міліцэйскай сыстэмы. У такой сытуацыі ад гэтага чалавека не залежыць нічога. Можна толькі сваімі паводзінамі зьмякчыць становішча і спадзявацца на літасьць міліцыі».

Пазьней Алену зноў падвезьлі да суду з чорнага ходу і хутка завялі ў будынак. Разгляд справы яна называе «скоропостижным». Судзьдзя зачытала мне мае правы і пачала апытваць.

У сьпісе разгляду спраў на затрыманых на «Маршы недармаедаў» Алена Крэль пазначаная першай

У сьпісе разгляду спраў на затрыманых на «Маршы недармаедаў» Алена Крэль пазначаная першай

«Я заявіла, што хачу рэалізаваць сваё права на абарону. Быў абвешчаны перапынак на паўгадзіны. Выходзіла, што я, знаходзячыся пад арыштам, без тэлефона, грошай, мелася знайсьці сабе абаронцу і заключыць зь ім дамову, — абуралася сытуацыяй суразмоўца. — Муж нейкім чынам даведаўся, што мяне зь міліцыі завезьлі ўжо ў суд, пасьпеў прыехаць туды і быў маім прадстаўніком на разглядзе справы. Суд быў хуткім. Мяне ўразіла, што абодва міліцыянты, якія былі сьведкамі, хадайнічалі, каб мне зьмякчылі пакараньне. Я іх пра гэта не прасіла. Але дзесяць базавых я лічу жорсткім пакараньнем, і гэты вырак мы будзем абскарджваць. Я не хачу папаўняць казну, каб зь яе набывалі новыя дубіналы...».

«Я разумею, што прысуд мне — гэта лёгкі спалох, — заўважыла Алена, — але закон дае права абскарджваць, дык гэта і будзем рабіць».

«Агалоска ня выгадная дзяржаве, — паспрабавала патлумачыць таямнічасьць дзеяньняў міліцыі і судоў суразмоўца. — Дзяржава жыве ад крэдыту да крэдыту, і калі ўсясьветная супольнасьць даведаецца праўду пра тое, што ў нас адбываецца, то не дадуць рэжыму грошы».

«Калі шчыра, мне страшна за краіну»

Выслухаўшы аповед суразмоўцаў пра іхны ўдзел у акцыі пратэсту, не стрымаўся, каб не запытацца, хто вінаваты ў тым, што людзі наважыліся выйсьці на плошчы.

Алена і Юры Крэні. На даляглядзе магілёўскае Задняпроўе

Алена і Юры Крэні. На даляглядзе магілёўскае Задняпроўе

«Вінавата ў гэтым дзяржава ў цэлым, якая разбурыла эканоміку, — выказала меркаваньне Алена. — У палітычных пытаньнях я „плаваю“, бо гэтым не цікавілася. Але калі б у людзей былі грошы, на якія можна было б прымальна жыць, то ніхто б на вуліцу з пратэстам ня выйшаў. Беларусы дык дакладна. Яны дужа спакойныя і нават баязьлівыя».

«Вінаватае зьбядненьне, — працягнула думку суразмоўца. — У асноўнай сваёй масе людзі зусім не цікавяцца, хто сядзіць на начальніцкіх пасадах, пакуль ёсьць магчымасьць нармальна жыць, працаваць, гадаваць дзяцей. Але калі надыходзіць пагроза галечы, то людзі і выходзяць на вуліцу з пратэстам».

Што далей будзе з дэкрэтам?

«Я думаю, што ўлада працягне запалохваць людзей, бо не гатовая яна да пераменаў, — адзначае Алена. — Прызвычаілася ісьці па наежджаным. Безумоўна, паспрабуюць кінуць народу костку ў выглядзе нейкіх паслабленьняў; можа, адменяць дэкрэт № 3. Аднак праблема ж ня толькі ў гэтым дэкрэце. Іх нямала выдадзена пад рознымі нумарамі і з розных нагодаў. Калі шчыра, то мне страшна за маю краіну, бо я ня ведаю, як выйсьці з гэтай сытуацыі мірна, а дужа хацелася б».

Да падзеяў апошняга часу ў сям’і Крэняў не было прынята гаварыць зь дзецьмі на палітычныя тэмы. Сямейнікі тлумачыць, што давалі дзецям заставацца дзецьмі.

Дзеці Крэняў

Дзеці Крэняў

«Цяпер жа мы з імі гаворым пра тое, што адбываецца навокал. Мы зразумелі, што так трэба. Яны наша будучыня, — адзначыла Алена. — Можа, калі б з намі ў дзяцінстве неяк іначай гаварылі, то мы былі б сьмялейшымі ў жыцьці. Наагул я лічу, што кожны з нас сваім маўчаньнем і цярпеньнем спрыяў таму, што адбываецца цяпер у нашай краіне. Калі б мы мелі жаданьне спыняць незаконныя новаўвядзеньні, то не было ў нас такой цяжкой сытуацыі».

«Зразумела, што ўлада давяла краіну да стану, які цяпер ёсьць», — пагадзіўся са словамі жонкі Юры.

«Але наша маўклівасьць садзейнічала гэтаму, лічу, адсоткаў на пяцьдзесят, — кажа Юры. — Прымаецца дурны па сутнасці дэкрэт —дык тое ж не пра нас, гэта для іншых нейкіх людзей. Некага судзяць, некага цягаюць на вуліцы, дык, думалася, так і трэба, бо ўлада ня будзе рабіць абы-чаго. Такім чынам мы праглыналі ўсё, што цяпер робіць наша жыцьцё невыносным. Мы таксама лічым сябе вінаватымі, і цяпер нам сорамна за тое, што нас гэта нібыта ня тычылася».

Від зь сямейнага дому Крэняў. На даляглядзе экстрым-парк

Від зь сямейнага дому Крэняў. На даляглядзе экстрым-парк

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG