Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чырвоны крыж» выдзеліць грошы на бізнэс украінскім перасяленцам на Гомельшчыне


Міжнародны Чырвоны крыж ад лета рэалізуе ў Гомельскай вобласьці праект па субсыдыяваньні малога і сярэдняга бізнэсу перасяленцаў з Украіны, перадае БелаПАН.

Сумы, якія будуць выдзяляцца, яшчэ ня вызначаныя. Першымі гарадамі, дзе будзе рэалізаваны праект, стануць Мазыр і Сьветлагорск.

Празь фінансавую дапамогу тым, хто хоча адкрыць бізнэс, аўтары праекту спадзяюцца зьнізіць матэрыяльную і сацыяльную нагрузку на беларускую дзяржаву. Памер дапамогі будзе вызначаны пазьней. Пакуль жа «Чырвоны крыж» гутарыць зь перасяленцамі, «вывучае іхныя патрэбы і схільнасьці».

На Гомельшчыну, паводле «Чырвонага крыжа», за два з паловай гады ад пачатку збройнага канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны перасяліліся 3800 чалавек з Луганскай і Данецкай абласьцей. Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа і Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца падтрымліваюць іх матэрыяльна праз ваўчарную сыстэму.

Беларускія ўлады і асабіста Аляксандар Лукашэнка ня раз казалі, што Беларусь прыняла 150–160 тысяч украінскіх уцекачоў. Але ў ААН, адкуль і пайшлі такія лічбы, кажуць, што гэта колькасьць усіх украінцаў (ня толькі з Данбасу), якія зьвярталіся па від на жыхарства ў Беларусі (ня толькі каб уцячы ад вайны, але і каб вучыцца ці працаваць). Колькі ў Беларусі менавіта ўцекачоў з Данбасу, невядома, але за 2014–2015 гады па статус уцекача ў Беларусі зьвярталіся 2279 грамадзян Украіны. Толькі 3 асобы атрымалі такі статус, яшчэ 1661 чалавек атрымаў ад дзяржавы «дадатковую абарону».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG